Ад пеналаў да касцюмаў

Актуальное

Толькі канцылярскіх тавараў да пачатку новага 2015-16 навучальнага года Гарадоцкім райспажыўтаварыствам закуплена на 200 млн рублёў, попыт на іх ёсць і цяпер. Таму тое-сёе са школьна-пісьмовых прыналежнасцей яшчэ закупляецца. Ва ўсіх сельскіх магазінах абсталяваны «куткі школьніка», пад заказ сюды прывозяць і адзенне, і абутак. Але найбольш актыўна ідзе «перадшкольны» гандаль у раённым цэнтры. Найбольш папулярныя сярод пакупнікоў, што збіраюць дзяцей у школу, магазіны «Універмаг», «Глобус», «Абутак». Багата народу і на рынку, і ў «Курсіве» — усе занятыя прыемнымі і адказнымі клопатамі па падрыхтоўцы школьнікаў да Дня ведаў.shkola

  — Мы нязменна супрацоўнічаем з вядучымі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці па закупцы ў іх адзення, абутку, ранцаў для школьнікаў, — расказвае начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Валянціна Ігнацьева. — Сёлета асартымент і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак быў прадстаўлены надзвычай шырока. На абласным школьным кірмашы, які праходзіў у Віцебску 15 і 22 жніўня, ля прылаўкаў нашых магазінаў было людна. Водгукі пра абслугоўванне і прадстаўленыя рэчы былі выключна добрыя, пакупнікоў прываблівалі цэны.
Чаму б не? І дзявочы, і хлапчуковы касцюмы каштавалі 150-600 тыс. руб., штаны — у сярэднім 150 тыс. руб., спадніцы — 100 тыс. руб., блузкі — 100-200 тыс. руб., сарочкі — 80-150 тыс. руб., туфлі — 300 тыс. руб., спартыўны абутак — да 150 тыс. руб. І ўвесь прадстаўлены тавар — фабрычны, якасны: «БелКрэда», «Эліз», «Калінка», «Палессе», «Світанак», «Нёман», «Сан Марка»…
— Апранаем дзяцей выключна ў магазінах, — гаворыць маці дваіх школьнікаў Наталля, — хаця пакупкі абыходзяцца даражэй, чым на рынку, але за якасць не даводзіцца перажываць. Хаця, маім дзяўчынкам не зусім даспадобы цёмныя колеры ў адзенні, асабліва малодшай. Я сама прыхільнік пэўнага ўзора ў школьнай форме, гэта і дысцыплінуе, і падцягвае. Толькі ўсё ж у меру прыемных фарбаў айчынныя вытворцы маглі б «капнуць» у строгі дзелавы стыль.
Магчыма, менавіта з прычыны больш фрывольнай колеравай палітры вопраткі для дзяцей, хаця, часта яна не адпавядае пажаданаму ў школьным асяроддзі дзелавому стылю, многія аддаюць перавагу «базарным» рэчам. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што цэны на многае там больш дэмакратычныя, ды ўсё ж кусаюцца.
— Ледзьве ўклаліся ў 2 млн рублёў на кожнага з дваіх дзяцей, — з палёгкай і адначасова з роздумам выдыхае чарговая субяседніца. — Добра, што некаторыя мінулагоднія рэчы яшчэ падыходзяць і ў добрым стане, а хлопцы не грэбуюць тым, што ад старэйшых братоў застаецца.
— Збіралі сына-адзінаццацікласніка ў школу, лічы, з нуля — так вырас за лета і сам, і памер нагі, — дзеліцца яшчэ адна маці. — Без уліку набыцця школьных прыналежнасцей патрацілі пяць мільёнаў. Праўда, як на вяселле…
Свае цэны не ўстановіш. Хацелася б больш грошаў, а яшчэ больш — шчасця дзецям. Таму, як цяжка не было б бацькам, 1 верасня чысценькія, напрасаваныя, свежапастрыжаныя, прыбраныя дзеці пойдуць дарогай ведаў. Як і належыць сапраўдным школьнікам, яны будуць выглядаць годна, і ў іхніх ранцах будуць самыя лепшыя сшыткі ды ручкі — толькі вучыцеся!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: прадавец магазіна «Глобус» Алена Маркава з юнымі пакупнікамі Васілінай і Мікітай Белавусавымі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *