57 год, падораных дзецям

Актуальное

  Як хацелася вучыцца! Лідачка Шаўкера , якой пайсці ў першы клас перашкодзіла вайна, трызніла магчымасцю даведацца, чаму ж вучаць у школе. Яе мара збылася толькі ў 1944-м, і за шэсць гадоў яна скончыла Дубраўскую сямігодку. Зноў вучыцца! Пра Невельскае педвучылішча Лідзія Арцёмаўна Шаўкера (на здымку) ўспамінае як пра выключную ўстанову — не па ўладкаванасці — якія маглі быць зручнасці ў разбуранай краіне напачатку 50-х? Але будучыя выкладчыкі цвёрда засвоілі, што ім належыць стаць не проста крыніцай ведаў для вучняў, а ўзорам для пераймання, а таму высокае званне настаўніка трэба несці годна і ў школах, і па-за іх сценамі. Права на паступленне ў ВНУ даваў толькі чырвоны дыплом, і такі ў выпускніцы Л. Шаўкера быў. Але яна паехала на цаліну вучыць дзяцей. Як хацелася вучыць!Shavkero
— Мы не пыталіся пра ўмовы жыцця, зарплаты, ехалі туды, дзе патрэбны былі нашы веды, здольнасці, рукі, — успамінае Л.А. Шаўкера. — Я стала выкладаць рускую мову і літаратуру ў Талапкерскай сельскай школе. З раніцы мы вялі ўрокі, а пасля  разам са старшакласнікамі пералапачвалі залатыя горы пшаніцы на калгасным таку, настаўнікі-камсамольцы працавалі да паўночы. А яшчэ выпускалі баявыя лісткі, саджалі дрэвы і спявалі…
Свой прафесійны ўзровень гераіня артыкула завочна павышала ў Сяміпалацінскім педінстытуце, яе павысілі ў пасадзе.
У 68-м з запалам настаўніца прыступіла да работы ў Вярэцкай школе. 43 гады працы ў ёй, 14 з іх у якасці намесніка дырэктара, а 18 — у якасці дырэктара Лідзія Арцёмаўна лічыць самымі насычанымі ў жыцці.
— Усялякае было, — успамінае яна, — няўдалыя ўрокі, нявыкананыя планы, няздейсненыя мары, складаныя вучні. Але добрага было больш: падрымка калег-аднадумцаў, ідэі, якімі загараліся вучні. Уласным прыкладам я імкнулася натхняць калектыў на навучанне,  працу, грамадскае жыццё.
Вялікае значэнне надавалася не толькі якасці ведаў, але і працоўнай дзейнасці. Школьнікі працавалі ў вучнёўскай вытворчай брыгадзе, даглядалі трусоў, калолі дровы, а ў 1989 г.  плячом да пляча з настаўнікамі мылі, чысцілі, добраўпарадкавалі новы будынак школы. Усё было прасякнута духам калектывізму, нераўнадушша, адказнасці, узаемадапамогі.
Збліжалі педагогаў і вучняў экскурсійныя паездкі — традыцыйныя ў Пушкінскія Горы, па іншых знакамітых мясцінах. Напрыклад, у 1970-м на заробленыя грошы дзевяцікласнікі ў суправаджэнні Лідзіі Арцёмаўны на цягніку праехалі па маршруце: Віцебск — Спаскае-Лутавінава — Ясная Паляна — Масква. Як многа ўражанняў і ежы для розуму, для душы дала тая паездка!
Непарыўны педагагічны стаж Л.А. Шаўкера складае 57 год. Калі закрывалася яе школа, яна думала, што жыццё страціць сэнс. Гэтага не адбылося: Лідзія Арцёмаўна атулена цяплом сям’і — чатырох дзяцей, шасцёрых унукаў, шасцёрых праўнукаў. Яна шчаслівая, што ўсе яны самадастатковыя, працалюбівыя, сумленныя людзі, што абаронена іх любоўю і клопатам. Напярэдадні свайго юбілею, які адзначыць 27 верасня, Лідзія Арцёмаўна не столькі азіраецца на мінулае, колькі марыць аб будучым.  Галоўная мара — каб яе ўнукі і праўнукі выраслі на вечных каштоўнасцях сяброўства, любві, сумленнасці, дабрыні і прыстойнасці — як належыць праўнукам Настаўніцы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *