Да шчасця праз пакуты

Актуальное

  Вочы жыхаркі Малога Лосвіда Галіны Андрэеўны Паўлючковай столькі нагледзеліся ліха ў вайну, што ці не з гэтай прычыны пад старасць аслеплі. Цяпер яна не можа наталяцца прыгажосцю краявідаў, у якіх жыве разам з мужам Пятром Іванавічам. Дом у іх дыхтоўны, дагледжаная сядзіба патанае ў кветках, возера побач, як на далоні, — дзеці пастараліся для бацькоў. Гадоў з дзесятак таму перавезлі іх на новае месца жыхарства з Лёзненшчыны і акружылі пастаяннай апекай, любоўю. Таму  пажылыя муж і жонка, якія ўвосень справяць 65-годдзе сямейнага жыцця, лічаць сябе шчаслівымі. Шчаслівыя яны, дзеці вайны, яшчэ і таму, што вытрывалі ў яе пекле. Кожны год 9 мая, падымаючы кілішак за Перамогу, яны не могуць стрымаць слёз: «Пеця, якім цудам мы выжылі?» «За ўсіх, хто не дажыў, Галя…»Pavluchkovy

Вёска пярэдняга краю

  Бацька маленькай Галі Піраговай з в. Крынкі Высачанскага сельсавета Лёзненскага раёна, Андрэй Нічыпаравіч, служыў міліцыянерам, быў выхаваны ў добрай, сумленнай сям’і. Ягоныя браты займалі значныя пасады ў Маскве і Сочы. Яшчэ да вайны яго прызвалі ці не на нейкія зборы. З тае пары родныя — жонка Ганна са сваёй маці Пелагеяй Архіпаўнай і трыма дзеткамі — яго больш не бачылі. Галя была старэйшая, але ўсё роўна малая: толькі і паспела скончыць першы клас. Толю ішоў сёмы гадок, Людачцы — другі.
Вайна для іх пачалася з таго, што мабілізавалі на абарону мужчын-аднавяскоўцаў. Амаль адразу ў вёсцы быў адкрыты шпіталь для параненых чырвонаармейцаў, салдаткі дапамагалі ім, чым маглі. Лячыла іх, а пазней партызан урач, якую звалі Ганна. Яна была не мясцовая — з мужам, ваенным урачом, і трыма дзеткамі ў чэрвені 41-га прыехала сюды ў водпуск. Аднойчы, ужо падчас акупацыі, Ганну ўлавілі з засады, калі яна вярталася з лесу, з атрада. Фашысты растралялі яе проста ля бальніцы, а ейных дзяцей тут жа закалолі штыкамі — пашкадавалі куляў. Старэйшы з іх, якому было гадкоў пяць, перад карай голасна плакаў, прасіў звяроў адпусціць іх: «Татка вернецца — а нас няма!»
Ляснымі змагарамі былі свае, мясцовыя хлопцы, учарашнія школьнікі. Аднойчы шасцёра з іх, у тым ліку Міша Мурашка і Мар’ян Жаўняроўскі, якіх добра ведала Галя, трапілі ў рукі нелюдзяў. Іх замкнулі ў нейкай лазні, мабыць, катавалі, а потым на вачах усёй вёскі прымусілі капаць сабе магілу. Як толькі раздаліся першыя стрэлы карнікаў, самы прагны да жыцця, Міша, кінуўся наўцёкі. Як голасна маліліся жанчыны за тое, каб маладыя ногі хлопца ўратавалі яго! Не атрымалася — параненага партызана дагналі, прыцягнулі да яміны, жывым укінулі ў яе і закапалі.
Галіна Андрэеўна ўспамінае, што ўся крынкаўская моладзь падалася ў партызаны, і ўпэўнена, што калі б не атрады змагароў, Перамогі мы б не дачакаліся.
— Памятаю, як напрыканцы 41-га партызаны ўзарвалі чыгунку і пусцілі пад адхон эшалон, — расказвае жанчына. — Снарады рваліся з тыдзень, асколкі даляталі да вёскі, ніхто не мог падступіцца, каб патушыць пажар, рух паяздоў спыніўся. А мы радаваліся, ганарыліся, што нашы хлопцы не пусцілі такое падмацаванне пад Маскву. А што потым акупанты страшна помсцілі, дык мы б і так пакутвалі.

  За калючым дротам

  Фашысты лютавалі. Аднойчы іх цяжкія боты загрукаталі ў двары Піраговых. Сямейнікаў схапілі, укінулі ў калону такіх жа перапуджаных людзей  і пад канвоем пагналі ў невядомасць. Галодныя, напаўраспранутыя, так, пехатой, яны дайшлі аж да Мінска. Потым трызнілі ў вялізным вагоне, бітком набітым вязнямі, які пакутліва поўз у нямеччыну, у канцлагер. Туды ж акупанты везлі нарабаванае дабро, жывёлу, лес. Палонных не кармілі, зрэдку на прыпынках адкрывалі металічную штабу на вагонах і выпускалі іх справіць свае натуральныя патрэбы. Сорам, які адчувалі пры гэтым нічым не прыкрытыя людзі, Галя памятае дагэтуль. Састаў не даехаў да пункта прызначэння: на Брэстчыне падарваўся на партызанскай міне, некалькі вагонаў сыйшлі з рэек, той, дзе вязлі Піраговых, і яшчэ тры ацалелі. Была зіма, вязні замярзалі, але не было  каму адкінуць праклятую штабу. Адчыніў яе мужчына ў ватоўцы, з вінтоўкай. Наўкола было жахліва: на чырвона-чорным снезе валяліся адарваныя часткі чалавечых целаў, забітыя коні, нешта дымілася. Маці даланёй закрыла Галі вочы.
Людзі дабрылі да в. Сінькевічы, дзе ім паказалі на пустуючы дом. Уратаваныя з Віцебшчыны і Смаленшчыны ледзь уціснуліся ў яго. Пазней Піраговых прытуліла мясцовая сям’я, гаспадыня ў якой была настаўніцай. Ейныя дзеці былі ў атрадзе, яны з пажылым бацькам дапамагалі ім. Так, і зваяваная Брэстчына не здавалася ворагу. Маці хоць за якую бульбіну працавала ў чужых дварах, малыя пабіраліся па старцах. Неяк перазімавалі, але навала не мінула: вясной немцы зноў узялі ў палон тых, хто ўратаваўся са злашчаснага цягніка.
Большага жаху, чым у лагеры пад Вайсенбургам, Галя не перажывала ніколі. Трынаццаць баракаў, абнесеных калючым дротам, вышкі з узброенымі вартавымі па перыметры. У іхнім, трэцім, бараку не было нават нараў, вязні спалі проста на падлозе, скупа прысыпанай сенам. Тут былі толькі жанчыны і дзеці. Абутак — грубыя драўляныя калодкі на босыя ногі, адзенне — паласатыя пінжакі з нашытым блакітным лапікам і  чорнымі лічбамі, якія павінны замяніць тваё імя.
Галі ўжо дзесяць, і яе, як і маці, ганяюць на прымусовыя работы. Маці — пад канвоем, з сабакамі — на чыгуначную станцыю цягаць цяжары на насілках. Дачку — на нейкую фабрыку, дзе за вялізным сталом, не падымаючы вачэй, яе равеснікі, польскія, яўрэйскія, італьянскія дзеці, як і яна, цэлымі днямі нанізвалі на медны дрот штосьці падобнае на гайкі. Наглядчык — сапраўдны фашыст, ад аднаго позірку якога хацелася ўлезці ў зямлю — караў такім балючым ударам бізуна, ад якога малыя страчвалі прытомнасць.
Голадна так, што няможна спаць. Нідзе ў лагеры ні травінкі: агаладалыя людзі ўсё цягнуць у рот. І толькі тры метры да дроту зялёныя: адзін крок туды роўны смерці. Сярод баракаў у вялізным чане варыцца «абед»: звезенае з поля бацвінне, падгнілае, бруднае, не здрабняючы, кідаюць у кіпень і варыва наліваюць у бляшчанкі. У адных руках павінна быць толькі адна бляшчанка, ніякіх дабавак. Няшчасныя пухнуць, аслабелыя дзеці паміраюць, іхнія маці вар’яцеюць ад гора. Гэта пекла на зямлі.
За баракамі была выкапана вялізная яміна, куды саміх жа вязняў, у тым ліку зусім малых, прымушалі сцягваць трупы памерлых ад голаду, хваробаў, знясілення. Чарговае цела з лапаткі прысыпалі нейкім шэрым парашком, што стаяў на краі заўжды раззеўранай агульнай магілы. Пад яго ўздзеяннем цела ператваралася ў крывавую жыжку і белыя костачкі — вось і ўсе нялюдскія хаўтуры. Там знайшла апошні прытулак бабуля Галі, Пелагея Архіпаўна. Ейная дачка і ўнукі ўпотай хадзілі да страшнай ямы і плакалі па ёй: «А ты ж нас так шкадавала, так любіла, наша родненькая…»

Святая Ганна

  Трагедый было зашмат, але магло быць яшчэ больш, калі б людзі гублялі спачуванне адзін аднаму, чалавечае аблічча. Але нешта замінала ім апускацца да ўзроўню звяроў.
…У кутку барака тулілася жанчына з двумя дзеткамі, аднойчы яна не праснулася — змарнелая, памерла. Брацік з сястрычкай засталіся адны, да Піраговых даносілася, як яшчэ картавы малы енчыў: «Нюня, я есці хачу» Нюня (Ніна) адказвала: «Вася, я таксама хачу есці, але не магу ўстаць». І тады Ганна Васільеўна рашылася ўзяць над сіротамі апеку: штодня яна саджала Васю на руку, падтрымлівала Ніну за каўнер, за крысо чапляліся двое ейных родных дзяцей, побач плялася Галя — і так яны дабіраліся за мізэрнай падачкай ежы. Дзеці пухлі, але жыццё цеплілася ў іх дробных цельцах.
Вясной 45-га паблізу ад лагера, у горадзе, стала чуваць бамбёжку. Аднойчы кудысьці зніклі канваіры, вязні ж не наважваліся пакінуць баракі. Да іх дайшоў слых пра тое, што лагер замініраваны, але нейкія памочнікі звонку падрыхтавалі ў калючым дроце дзірку, праз якую трэба выбірацца, калі хочацца жыць. У прыцемках і ноччу людзі паўзлі праз гэты лаз, па пожні, праз жытняе поле, да нейкага лесу. Ганна Васільеўна выцягнула ўсіх пяцёрых дзяцей за межы страшнага месца. Толькі яны аддыхаліся, як застагнала зямля, здалося, неба абрынулася на зямлю — узарваліся баракі. Не ўсе няшчасныя, нават акрыленыя блізкай свабодай, здолелі выбрацца адтуль.
Хутка да вязняў наблізіліся амерыканцы, накармілі, далі тое-сёе з адзежы. Шкадуючы няшчасных, пераконвалі іх не вяртацца дадому: «У вас там засталася толькі спаленая зямля і нічога жывога, едзьце да нас». Маці цвёрда адмовілася, маўляў, хоць на голыя камні, але дамоў. Ды і вернецца бацька, а нас не знойдзе.
Ганна Васільеўна не пакінула на волю лёсу і сірот, якіх апякала, забрала з сабою. Вёска Крынкі сапраўды аказалася спаленай амаль дашчэнту, жытла ў Піраговых больш не было. Жанчына з дзецьмі выкапала зямлянку, а хутка ў ёй з’явілася яшчэ адна жыхарка: гаспадыня забрала да сябе асірацелую дачку мужавага брата. Цяпер штовечар на яе глядзелі шэсць пар галодных трывожных дзіцячых вачэй. Адчуваючы цяжар адказнасці за іх, цяпер яна не проста працавала — ламіла на мяжы фізічных магчымасцей.
Ніна памятала назву вёскі на Смаленшчыне, дзе іхняя сям’я жыла яшчэ да вайны. Туды напісалі ліст, і неўзабаве за пляменнікамі прыехала іх родная цётка. Сплакалася, калі ўбачыла, што сям’я туліцца проста ў ямцы, а з ежы ў яе — толькі трава. Пазней Ганна Пірагова атрымала ліст ад бацькі ўратаваных ёй Ніны і Васі. Ён пісаў, што прайшоў баявым шляхам аж да Берліна, што вайна разбурыла ягоную сям’ю, паламала ўсім лёс. Ён хацеў бы стаць перад ёй на калені і пацалаваць не тое што рукі — ногі высакароднай выратавальніцы самага дарагога, што засталося ў ягоным жыцці, дзяцей. Пазней ён прапанаваў ёй абрацца шлюбам, абяцаў, што зробіць усё, каб падтрымаць яе, што будзе добрым бацькам ейным дзяўчаткам і хлопчыку. Але гэта прапанова абурыла Ганну — яна засталася вернай свайму Андрэю Нічыпаравічу да канца дзён.

Праз паўстагоддзя пасля вайны

  Бацькаў лёс застаўся дакладна невядомым. Па адных звестках ён прапаў без весткі, па іншых — загінуў у лагеры для ваеннапалонных. Калі ў 90-я гады працаваў Фонд узаемаразумення і згоды, Галіну Андрэеўну і Анатоля Андрэевіча Піраговых у ліку іншых дзяцей вайны, чые бацькі загінулі ў канцлагеры, запрасілі наведаць тое злашчаснае месца ў нямеччыне. Яны паехалі. Хадзілі па мемарыялу, успаміналі пра іншы лагер. Пасля свайго вызвалення яны бачылі атручаных газам маракоў у лагеры для ваеннапалонных, што быў уладкаваны паблізу ад Вайсенбурга, у замку-крэпасці Вюльцбург. Камянелі, успамінаючы, што попелам стала ў пячах Асвенцыма родная маміна сястра. Калі ж пасля прагляду фільма з кадрамі дакументальнай хронікі прымаючы бок запрасіў рускіх у рэстаран — памянуць загінуўшых бацькоў, Анатоль пацямнеў тварам:
— Пакіньце нам, тым, хто асірацеў па віне вашых продкаў, права аплакваць іх сам-насам, без чужынцаў.
На пытанне, кім ён працуе, ён расказаў, як яго падтрымлівала ўся сям’я, што жыла ў галечы, каб хаця б ён атрымаў добрую адукацыю. І ён цягнуўся да ведаў, пасля школы вучыўся ў Віцебскім педінстытуце, у гарматным вучылішчы ў Мінску, у медыцынскай акадэміі ў Ленінградзе. Сваімі здольнасцямі і працай ён дасягнуў пасады начальніка медыцынскай службы Прыкарпацкай ваеннай акругі. Калі б не клятая вайна, ягоны лёс і кар’еру можна было б назваць шчаслівымі.
— Не трэба ніякай адукацыі, каб разумець усю несправядлівасць вайны, гора, якое яна нясе, — зазначае Галіна Андрэеўна. — Усім сэрцам перажываем з маім Пятром Іванавічам за тое, што дзеецца ва Украіне. Адкуль ён бярэцца, гэны фашызм? Ці вартыя нейкія багацці ці надуманыя прынцыпы чалавечых ахвяраў, слёз, пакут? Не! Я маю права так сцвярджаць. І не наракайце на тое, што цяжка жыць, дзеткі, працуйце, радуйцеся кожнаму дню. Людзі дзіўныя — яны і ў лепшыя часы чымсьці незадаволеныя. Мабыць таму, што не ведаюць, што няма нічога страшнейшага за вайну.
Субяседніца змаўкае, Іванавіч пільна ўглядаецца ў яе твар — ці не надта разварушылі ўспаміны ейнае сэрца, ці добра яна сябе адчувае?
— Мне б зроку яшчэ хоць трошачку, — быццам просіць у неба бабуля. — А то прыязджаюць дочкі, унукі, праўнукі — я ім радая без меры, а ўбачыць любімых сваіх не магу. Школьнікі ці з таварыства інвалідаў па зроку да мяне наведваюцца, — тое ж самае. Прыемна, што не забытыя мы, не закінутыя. А пра вайну, як і просяць, расказваць не люблю, таму што шкадую слухачоў. Пра такое і слухаць страшна.
На здымку: Галіна Андрэеўна і Пётр Іванавіч Паўлючковы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.                   Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *