Сямейнае суладдзе

Актуальное

  Захапленне творчасцю дзяцей у сям’і Людмілы і Мікалая Пліскуновых аднадушна падтрымліваюць. Мы пазнаёміліся, калі бацькі з малодшымі Міланай і Златай чакалі васьмігадовую Сафію і дзесяцігадовую Лізу з дзіцячай школы мастацтваў г. Гарадка. З заняткаў у агульнаадукацыйнай школе дзяўчынкі спяшаюцца сюды штодня.Pliskunovy

  — Нам не даводзілася падштурхоўваць дзяцей да такога баўлення вольнага часу, — расказвае Мікалай Анатольевіч. — Яны самі цікаўныя, нам застаецца толькі не замінаць ім. Разам з тым, што ідзе іх эстэтычнае развіццё, дзяўчынкі прывыкаюць да самаарганізаванасці, дысцыпліны, занятыя карыснай і прыемнай справай.
Людміла Анатольеўна калісьці і сама вучылася іграць на баяне. Цягнуліся да заняткаў спортам і музыкай трое старэйшых сыноў. Напрыклад, Косця, які зараз вучыцца ў БАТУ ў Мінску, іграў на гітары, на духавых інструментах.
— Ліза марыла іграць на скрыпцы з чатырохгадовага ўзросту, — падхоплівае Людміла Анатольеўна. — Цяпер у яе ёсць такая магчымасць. Маленькую скрыпачку яна ўжо змяніла на большую, пераходную. Ёсць любімы інструмент, свая флейта, у Сафіі. Абедзьве дачушкі займаюцца танцамі, спрабуюць маляваць, плесці ўпрыгожанні з бісера, цікавяцца многім — калі б усім займацца, не хапіла б гадзін у сутках.
На пытанне карэспандэнта, ці не цяжка вытрываць развучванне гам у дамашніх умовах, Пліскуновы-старэйшыя смяюцца:
— У нас прыватны дом, так што суседзі скардзіцца не прыходзяць. Самі ж прывыклі і радуемся, калі няўпэўненыя спробы пераўтвараюцца ў прыгожыя мелодыі. Нават Злата заварожана слухае гукі музыкі.
Ведаючы, што найважнейшае меркаванне і пахвала для дзяўчынак — менавіта бацькоўскія, тата з мамай не прапускаюць іх выступленні. Падчас экзаменаў, канцэртаў здымаюць іх на фота і відэа, вядуць сямейны архіў. Тое, што дарослыя падзяляюць захапленні малодшых, спрыяе іх жывым зносінам, разуменню, сямейнаму суладдзю.

  На здымку: Сям’я Пліскуновых.
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *