11 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры

Актуальное Культура

  Сваё прафесійнае свята ўжо сямнаццаты раз у другую нядзелю кастрычніка адзначаць культработнікі. На гэтай ніве ў Гарадоцкім раёне працуюць 271 чалавек, з іх 203 на пасадах кіраўнікоў і спецыялістаў — захоўнікаў і стваральнікаў духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей. Гэта людзі, якія ахоўваюць жыватворную крыніцу творчасці, прыгажосці, гармоніі, дабрыні. Іх працу ў поўнай меры можна назваць падвіжніцкай, таму што будучым пакаленням яны перадаюць здабыткі, узятыя з народных глыбінь і лепшых узораў як нацыянальнай, так і сусветнай культуры.kultura

  Культурнае абслугоўванне раёна забяспечваюць 53 установы, на базе якіх створаны пяць дзяржаўных устаноў культуры: «Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей», «Дзіцячая школа мастацтваў г. Гарадка», «Культурна-асветніцкі цэнтр і сетка публічных бібліятэк», «Гарадоцкі гарадскі Дом культуры», «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна». Працуе 170 клубных фарміраванняў, у тым ліку 69 — дзіцячых. 14 калектываў маюць званне «народны» і «ўзорны».
Больш за 40 гадоў радуе сваёй творчасцю гледачоў ансамбль народнай песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага ГДК, ля вытокаў стварэння якога стаяў Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, балетмайстар І.А. Серыкаў. У 1983 г. калектыў атрымаў высокае званне «народны» і годна нясе яго праз час. Зараз яго кіраўніком, хармайстарам з’яўляецца Дзіна Сцяпанава, балетмайстарам — Наталля Тарасава, акампаніятарам — Вячаслаў Мурашкевіч. Тытулаваны ансамбль з’яўляецца творчай візітнай картачкай Гарадоччыны, нездарма яго ахвотна запрашаюць да ўдзелу ў мерапрыемствах не толькі раённага, але і абласнога, і рэспубліканскага, і нават міжнароднага маштабаў.
Апошняй з такіх гастроляў стаў удзел «Яблынькі» ў Х Міжнародным фестывалі славянскай культуры «Хатмыжская восень», што адбыўся 18-19 верасня ў с. Хатмыжск Барысаўскага р-на Белгародскай вобл. Расійскай Федэрацыі і быў прысвечаны 1000-годдзю скону святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра і 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.
— На юбілейны фестываль яго арганізатары запрашалі даўніх сяброў, — расказвае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.У. Каўрыга. — І хаця «Яблынька» ўпершыню завітала ў Хатмыжск, прадстаўляючы на фестывалі Віцебскую вобласць, сустрэта яна была надзвычай цёпла. Госці жадалі сфатаграфавацца з братамі-беларусамі, апранутымі ў адмысловыя сцэнічныя касцюмы. Ва ўрачыстым шэсці мы ішлі ў першых радах, падчас пастраення нам было выдзелена пачэснае месца проста ля галоўнай сцэны, а сваім першым нумарам — знакамітай «Лявоніхай» — мы змянілі на сцэне Белгародскай дзяржфілармоніі Заслужаную артыстку Расійскай Федэрацыі Святлану Дзяцел.
Дарэчы, высветлілася, што карані гэтай вучаніцы самой Людмілы Зыкінай ідуць з Гарадка. Тут, на вул. Вакзальнай, жыла бабуля Святланы Леанідаўны па прозвішчы Ганчарова, у якой у дзяцінстве часта гасцявала будучая знакамітая артыстка.
Фестываль, галоўнае дзеянне якога разварочвалася ля сцен Уваскрашэнскага храма, быў прасякнуты духоўнасцю. Яго блаславілі епіскап Губкінскі і Грайваронскі Сафроній, прадстаўнік Сербскай Праваслаўнай Царквы епіскап Ураньскі Пахомій. Губернатар Белгародскай вобласці Я.С. Саўчанка падкрэсліў, што фестываль праводзіцца, каб даслаць усім: «Мы, славяне, хочам жыць пад мірным небам!» і пажадаў, каб сваімі песнямі, танцамі, майстэрствам яны яшчэ больш раскрылі сваю творчую славянскую душу, напоўнілі свет чысцінёй і дабрынёй.
— Павагу і любоў «Яблынька» адчувала падчас зносінаў з аднадумцамі з іншых калектываў, гаспадарамі свята, гледачамі з Чырвонай Яругі, перад якімі мы выступілі з вялікай канцэртнай праграмай, — працягвае Вольга Уладзіміраўна. — Гэтыя пачуцці былі адрасаваны нават не толькі калектыву з Гарадка, а ўсёй Беларусі. Нашу краіну суседзі-расіяне паважаюць, лічаць стабільнай, спакойнай, прыгожай, найбліжэйшай па духу.
Тое ж зазначалі ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Азерыца», які 26 верасня прыняў удзел у ХI адкрытым фальклорным фестывалі імя Вольгі Сяргеевай у п. Усвяты Пскоўскай вобласці.
Аднак перш за ўсё адкрытыя для сяброўскіх зносінаў беларусы і ў прыватнасці работнікі галіны культуры Гарадоччыны працуюць на сваёй зямлі, у тутэйшых установах культуры для тых, хто жыве і працуе побач з імі. Яны ўмеюць ствараць настрой і святы, штодня арганізуючы іх для людзей (за год у раёне праходзіць каля 4 тысяч культурна-масавых мерапрыемстваў). Прыемны адпачынак і зарад станоўчых эмоцый патрэбныя не толькі прыхільнікам талентаў, але і самім стваральнікам прыгажосці і настрою, таму — са святам, культработнікі! Няхай натхненне вас не пакідае, усе творчыя праекты ўвасабляюцца ў жыццё, не мялеюць крыніцы радасці, якую вы дорыце людзям!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
  На здымку: удзельнікі «Яблынькі» са Святланай Дзяцел на фестывалі «Хатмыжская восень».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *