Дырэктар — не пасада, а лад жыцця

Актуальное Образование

 Прафесія настаўніка адна з самых паважаных, ганаровых і адказных. Яшчэ больш адказна быць дырэктарам школы. Калі настаўнік уплывае на будучыню сваіх вучняў, даючы ім веды, выхоўваючы, фарміруючы жыццёвую пазіцыю, абавязкаў у дырэктара ў многа разоў больш. Ён яшчэ павінен знаходзіць шляхі выйсця са складаных сітуацый, быць добрым гаспадарнікам, ствараць неабходныя ўмовы для навучальнага працэсу і станоўчага мікраклімату ў вялікім педагагічна-вучнёўскім калектыве.
  На працягу 39 год з гэтымі няпростымі абавязкамі выдатна спраўляўся былы дырэктар Віраўлянскай базавай школы Ягор Ягоравіч Рыжоў (на здымку). Усяго ж у яго за плячыма 52 гады агульнага стажу, з іх 45 — педагагічнага.ryzov

  Ягоныя бацькі, Еўфрасіння Сямёнаўна і Ягор Сцяпанавіч, былі простымі сельскімі працаўнікамі, але людзьмі цікаўнымі, выпісвалі газеты, многа чыталі. Яны жадалі сваім тром дзецям лепшай долі і разумелі, што для гэтага патрэбна адукацыя. Таму жаданне сына Ягора, у атэстаце аб заканчэнні Пралетарскай СШ якога былі «пяцёркі» і ўсяго дзве «чацвёркі», паступаць у педагагічны інстытут сям’я падтрымала.
— Прэстыжна і складана ў той час было вучыцца ў ВНУ, — успамінае Я.Я. Рыжоў. — Патрабаванні да студэнтаў прад’яўляліся жорсткія. З нашай групы ў 27 чалавек дыплом аб вышэйшай адукацыі набыло толькі 13 — астатнія адсеяліся.
Па размеркаванні малады настаўнік трапіў на Лёзненшчыну, а пасля службы ў арміі вярнуўся дадому. Запомнілася, што першым яго ўрокам быў урок матэматыкі ў 5 класе.
— Дзеці былі добрыя, — з цеплынёй успамінае Ягор Ягоравіч. — Адносіліся да вучобы сур’ёзна, настаўнікаў паважалі, перад аднакласнікамі саромеліся не вывучыць урок. Школьнікі, можа, і не ўсведамлялі, што штодня не проста завучваюць змест падручнікаў, але і атрымліваюць жыццёвыя ўрокі наконт паводзін з сябрамі, старэйшымі, засвойваюць сапраўдныя маральныя каштоўнасці. Разам з навучальным ніколі не спыняўся выхаваўчы працэс, агульнае развіццё праз працу і спорт, удзел у грамадскім жыцці. Набываючы веды, чалавек становіцца пісьменным, але ж не выхаваным. Другое ж — важнейшае ў жыцці. Гэтае правіла не адмяняюць ніякія інавацыі і рэформы.
Галоўны прынцып, якім кіраваўся дырэктар і бацька трох уласных дзяцей: адносьцеся да ўсіх дзяцей, як да сваіх, любіце іх. Іншы раз не варта было б дараваць ім, а па-чалавечы — трэба, каб даць шанц. Па-бацькоўску Ягор Ягоравіч перажывае за тых, у каго няпроста склаўся лёс, а многімі са сваіх вучняў ганарыцца. Сярод іх — Міхаіл Аляксееў, які працуе ўрачом у Маладзечне, студэнт ВДУ імя П.М. Машэрава Арцём Атлякоў, настаўнікі Віраўлянскай БШ В.Г. Мартыненка, А.Г. Грыгор’ева, Л.В. Даўгавульская,  В.А. Філіпскі…
— Думаецца, з нашых выпускнікоў, якія абралі прафесію настаўніка, можна было б сфарміраваць не менш за два педкалектывы, — ганарыцца Я.Я. Рыжоў. — А тое, што палова спецыялістаў, якія працуюць у філіяле «Віраўлянскі» ЗП «Дзецкасельскі-Гарадок», — дакладна.
Вучням Ягор Ягоравіч аддаваў частку свайго вялікага сэрца. Таму на роднай Віраўляншчыне, нават адыйшоўшы ад спраў, ён не перастане быць дырэктарам — паважаным, аўтарытэтным, прыстойным чалавекам.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *