Полем дзейнасці можа стаць лес

Актуальное

 Што робяць там, у лясах, людзі, апранутыя ў форму, падобную на ваенную ці міліцэйскую, але з асаблівымі какардамі, эмблемамі, шаўронамі, пятліцамі, галунамі ў колер беларускіх лясоў? Чым займаюцца з рання да вечара леснікі пад шатамі дрэў, калі яны, здаецца, растуць на тутэйшай зямлі спакон веку і без умяшальніцтва людзей?les

  Менавіта пра гэта распавялі вучням 8-11 класаў Вышадскай і Стадолішчанскай школ супрацоўнікі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Гарадоцкі лясгас» падчас экскурсіі па аб’ектах свайго прадпрыемства 20 верасня.
Лес — гэта шчодры падарунак прыроды, якім наш народ абавязаны ёй. Ва ўсе часы ён даваў людзям будаўнічыя матэрыялы, паліва для ацяплення жытла, магчымасць паляваць на дзікіх звяроў — для ежы і вырабаў цёплага адзення, збіраць грыбы ды ягады. Тыя, хто беражэ лес ад незаконных парубак, браканьерства, пажараў, лясных шкоднікаў, варварскіх адносінаў да лясных дароў — леснікі. Першыя ўпамінанні пра гэту прафесію сустракаюцца яшчэ ў IХ стагоддзі, не згубіла яна актуальнасці і дагэтуль. Менавіта лясная гаспадарка займае першае месца сярод прыродаахоўных арганізацый краіны.
Любыя планы па нарыхтоўцы драўніны і прамысловай вырубцы асобных участкаў узгадняюцца з лясгасам, тэрыторыя якога падзелена на лясніцтвы. Усе яны выконваюць прыкладна аднолькавыя функцыі. Як менавіта гэта адбываецца, школьнікам давялі падчас пазнавальнай экскурсіі.
— Дрэвы класіфікуюцца па пародзе, гатунку, вільготнасці іх драўніны, яе трываласці да гніення, цвёрдасці, іншых паказчыках, — расказвалі спецыялісты. — Чым лепшымі характарыстыкамі валодае драўніна, тым яна даражэйшая. Таму наша задача — дапамагчы вырасці якаснаму, дарагому ў рэалізацыі лесу. Такі лес сапраўды можа стаць патэнцыяльным багаццем Беларусі.
Карэнныя тыпы лесу развіваюцца ў прыродзе без уплыву чалавека, але ў нашай мясцовасці яны не дужа добрыя, пераважна мяккаліставыя. Таму супрацоўнікі лясной гаспадаркі фарміруюць вытворныя лясы: на высечаных дзялянках, непакрытых лесам землях і землях, выведзеных з сельгасабароту, высаджваюць больш каштоўныя, хваёвыя і цвёрдаліставыя дрэвы.
Сеянцы вырошчваюць з сямян у спецыяльным пітомніку, ва ўзросце не больш за тры гады пераносяць на пастаяннае месца. У першы час кволенькія «дубечыкі» могуць заглухнуць у высокай траве, не прымуцца ў рост, калі іх заценяць мацнейшыя суседнія дрэвы. Таму не варта забывацца на дапаўненне, рубкі догляду ў маладняках. Напрыклад, да дасягнення хваёвым дрэвам узросту сваёй спеласці, часу рубкі галоўнага карыстання, павінен прайсці не меньш за 81 год. Чакаючы гэтага, леснікі не спяць у шапку — няма калі. Памочнік ляснічага А.У. Герасімаў паказаў рабятам некаторыя з інструментаў леснікоў — вымяральную мерную вілку, высатамер, меч Колесава, падрабязна давёў пра ўвесь цыкл лясных работ. Прычым, размаўляў на роўных, як са свядомымі, дарослымі людзьмі.
В.а. намесніка дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Юлія Грыгор’ева давяла, у якіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах можна набыць спецыяльную адукацыю, звязаную з лясной гаспадаркай. Прычым, паступіць туды можна як на дзённую, так і на завочную форму навучання па мэтавых накіраваннях Гарадоцкага лясгаса.
— Праца наша вельмі карпатлівая, паслядоўная, — расказвае А.Д. Жабіла ляснічы Вышадскага лясніцтва, аднаго з лепшых у раёне, плошча якога займае 18600 га. — Саджаем, гадуем, нарыхтоўваем, ахоўваем. Спадзяёмся на падтрымку навучэнцаў Вышадскай дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзе напачатку гэтага года было створана школьнае лясніцтва. Яму для заняткаў выдзелены асобны кабінет у адміністрацыйным будынку лясніцтва, а для замацавання атрыманых тэарэтычных ведаў на практыцы — лясны квартал, дзе памочнікі лесу змогуць займацца добраўпарадкаваннем зон адпачынку, агароджваць мурашнікі, размяшчаць шпакоўні, распрацоўваць экалагічныя маршруты і атрымліваць задавальненне ад карыснага занятку.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.   Фота аўтара.
На здымку: удзельнікі і арганізатары экскурсіі ў Вышадскім лясніцтве.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *