Успрымае газету як крыніцу карыснай інфармацыі

Актуальное Образование

  44 гады жывучы ў Гарадоцкім раёне, пастаяннай падпісчыцай нашай газеты з’яўляецца Людміла Іванаўна Кузьменка (на здымку), настаўніца геаграфіі Вархоўскай базавай школы. На падставе публікацый «раёнкі», якая да 1991 года называлася «Прамень камунізму», няўрымслівая жанчына стварала летапіс свайго краю. Змешчаную ў газеце сацыяльна значную, пазнавальную інфармацыю яна лічыла неабходным даводзіць да школьнікаў, артыкулы былі падставай для яе разваг і штуршком да працы.uchitelnica

  Нататкі, артыкулы, замалёўкі, нарысы Людміла Іванаўна сабрала ў вялікія папкі «Старонкі гісторыі», «Людзі зямлі гарадоцкай», «Штрыхі да партрэта», «Лепшы па прафесіі», «Адукацыя»… Матэрыялы, прысвечаныя Вархам і навакольным вёскам, Л.І. Кузьменка, 24 гады працуючы настаўніцай у мясцовай школе, сабрала ў асобнай папцы «Мая малая радзіма», сама доўгі час вядзе яе летапіс. Прычым, выразкі не ляжаць мёртвым скарбам: адказная за арганізацыйна-выхаваўчую работу ў школе, настаўніца выкарыстоўвае іх на тэматычных класных гадзінах, праводзячы бяседы з вучнямі. Доўгі час Л.І. Кузьменка вяла факультатыўныя заняткі «Гісторыя Гарадоцкага краю». Распрацаванай ёй брашурай «Фізічная геаграфія Гарадоцкага раёна» (у электронным варыянце) карыстаюцца яе калегі на ўроках геаграфіі ва ўсіх школах Гарадоччыны.
— Наш край — унікальны, — сцвярджае субяседніца. — Ён, на мой погляд, мае сваё Залатое Кальцо. У яго маглі б увайсці рэспубліканскі гідралагічны заказнік «Карыцінскі мох»; ландшафтныя заказнікі мясцовага значэння «Вышадская нізіна», «Рудня»; біялагічныя заказнікі мясцовага значэння «Янова», «Сурміно», «Езярышча», «Ловаць»; гідралагічны заказнік «Ціёсценскі»; батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэння: дубы-веліканы «Волат», што на тэрыторыі ТАК «Лосвіда», і ў сядзібе «Двухполле»; шматлікія валуны, якія з’яўляюцца геалагічнымі помнікамі мясцовага значэння — «Удзебенская града», «Пальмінскі вялікі камень», Маскаляняцкія, Чарняўскія, Яноўскія, Мінінскія, Загуззенскія, Кажамякінскія, Філімонаўскія, Наваболецкія, Кісялёўскія…
Такое стаўленне да газеты як да крыніцы інфармацыі сведчыць: цікаўным усё цікава. Яны могуць пачарпнуць звесткі, паглыбіць веды на падставе нават невялікіх інфармацыйных паведамленняў. Радуе і тое, што погляд Людмілы Іванаўны наконт услаўлення чалавека працы, захавання імён перадавікоў вытворчасці і сельскай гаспадаркі, землякоў, якімі можна па праву ганарыцца, для нашчадкаў супадае з поглядам рэдакцыі.
Знаёмства з разумным, аўтарытэтным чалавекам, які не здраджвае сваёй, мясцовай, газеце ўсё свядомае жыццё, аказалася прыемным. Удвая прыемней змясціць на нашай старонцы фота Л.І. Кузьменка — з падзякай за прыхільнасць і нераўнадушнае стаўленне да ўсяго, што адбываецца на роднай зямлі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *