Зямля, дзе зроблены першы крок

Актуальное Культура

  Святы вёсак і аграгарадкоў трывала ўвайшлі ў практыку работы клубных устаноў культуры Гарадоччыны. За чэрвень-верасень гэтага года іх адбылося 30. Рыхтуючыся да іх, сельвыканкамы стараюцца рашыць надзённыя праблемы сяльчан, жыхары — навесці парадак на сваіх сядзібах, каб годна сустрэць гасцей. Але ці не найбольш за іншых шчыруюць культработнікі, шукаючы спонсараў для заахвочвання самых паважаных, руплівых вяскоўцаў, ласкавае слова і добрую песню ім у падарунак.vishnevka

  Ужо даўно адзвінела свята ў Вішнёўцы (дарэчы, да 1964 г. вёска называлася Тарчылава, гэтай назвай людзі раз-пораз карыстаюцца і цяпер), што ў Мяжанскім сельсавеце, а прыемныя ўражанні ўзгадваюцца дагэтуль. Тутэйшае багацце — тутэйшыя людзі. Нездарма віталі іх арганізатары мерапрыемства, работнікі Сцяпанавіцкага СДК Галіна Мілюха і Алена Раманава, хлебам-соллю. Пароўну заслужылі гэткага прызнання адмысловы кветкавод Любоў Нілаўна Чарнамордава; кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Віктар Андрэевіч Юрчанка і ягоная жонка Альвіна Пятроўна (гэта сямейная пара разам 49 гадоў); старажыл вёскі Таццяна Данілаўна Насцюшанка і яе ўнучка Вольга, якая даглядае 89-гадовую бабулю; вялікая працаўніца Таццяна Васільеўна Башкірава; гасцінныя гаспадары Надзея Іванаўна і Уладзімір Пятровіч Кірыкавы; дружныя свякроў і нявестка Тамара Васільеўна і Людміла Дымовіч (сёлета Людміла з мужам Віктарам адзначылі срэбранае вяселле)…
Зямлёй, дзе пачаўся іх лёс, лічаць родную вёску Зайкава яе жыхары. На іх не забыліся культработнікі са Сцяпанавічаў і народны ансамбль песні і музыкі «Дубравіца» Дубраўскага СДК. Узгадалі багатую гісторыю вёскі, мінутай маўчання ўшанавалі памяць ахвяраў вайны, помнік якім устаноўлены на гэтай зямлі. Цяперашнія зайкаўцы — пераважна ветэраны працы, рукі якіх загрубелі ў цяжкіх сельскагаспадарчых буднях, але не счарсцвелі іх сэрцы. Гэта Вера Васільеўна Валхонская, Валянціна Платонаўна Лаўрэнава, Раіса Мікалаеўна Шасцёнак. Да ліку мясцовай інтэлегенцыі аднасялчане аднагалосна адносяць Анастасію Іванаўну Лукацёнак і Валянціну Уладзіміраўну Грыгор’еву. Любяць яны паслухаць мясцовага гарманіста Анатоля Іванавіча Валодзькіна, радыя за сямейнае шчасце срэбраных юбіляраў Аксаны і Віктара Лук’яненкаў, Аляксандры і Аляксандра Рыльчанкаў. За гасціннасць дзякавалі гаспадыні падворка, якая прымала свята, санітарцы Зайкаўскага ФАПа Ніне Сцяпанаўне Яшчанка. Словы асаблівай павагі адрасавалі 90-гадовай юбіляршы, былому вязню, настаўніцы колішняй Зайкаўскай школы Паліне Дзмітрыеўне Кандрацьевай.
Па-сямейнаму цёплыя святы вёсак аб’ядноўваюць аднасяльчан, надаюць ім надзеі на заўтрашні лепшы дзень, таму іх хваля не будзе слабець з цягам часу.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымку: на свяце ў в. Вішнёўка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *