Дабрацца ў школу — не праблема

Актуальное Образование

  Двойчы на дзень — раніцай і пасля абеду — тры жоўтыя школьныя аўтобусы (два з іх — леташнія, лічы, новенькія) падвозяць дзяцей у Межанскую дзіцячы сад-сярэднюю школу. Агульная працягласць іх чатырох маршрутаў складае 324 км. Шлях няблізкі, але ж 101 дзіцяці, 16 з якіх — дашкольнікі, нельга пакінуць без адукацыі, нагляду, выхавання, развіцця.shkoln avtob

  Раней у наваколлі быў шэраг школ: у Зайкаве, Хмельніку, Газьбе, Рудні, Марчанках, пачатковая — у Палове… Скарацілася колькасць жыхароў, не нарадзіліся дзеці ў новых пакаленнях, і не стала каго вучыць у гэтых школах. Цяпер уся дзятва, якая жыве на тэрыторыі Межанскага і часткова Руднянскага сельсаветаў, змяшчаецца пад адным дахам навучальнай установы.
— Усяго ў нас 124 дзіцяці, — расказвае дырэктар Межанскай школы І.В. Шавель. — З іх 29 — выхаванцы дзіцячага садка. Іх дзень пачынаецца рана, напрыклад, з Палова школьны аўтобус на Мяжу адпраўляецца ў 7.15. Дадому дзеці вяртаюцца а чацвёртай гадзіне паполудні. Здаецца, цяжка вытрываць такі рэжым: больш за восем гадзін на нагах, па-за домам, сярод людзей. Але прывыкаюць, малодшыя, знаходзяцца ў групе падоўжанага дня, у школе выконваюць дамашнія заданні, знаходзячыся пад наглядам педагогаў, бяспечна і з карысцю праводзяць вольны час.
Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе адміністрацыю — арганізацыя харчавання школьнікаў. Наўрад ці, падняўшыся ўранні, яны паспяваюць снедаць. Для дзяцей з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў на першай пераменцы арганізавана снеданне. Гарачыя першае-другое-трэцяе чакаюць іх у сталоўцы пасля чацвёртага ўрока. Такія ж абеды чакаюць усіх астатніх у залежнасці ад узросту на другой ці трэцяй пераменцы. Бясплатна. Але ж калі той абед, а калі школьнікі трапляюць дадому? У школе можна паабедаць і другі раз. Толькі за гэта трэба заплаціць 10-13 тыс. рублёў. І гэта, здавалася б, невялікая сума за паўнацэнную, смачную, карысную ежу бянтэжыць бацькоў. На дзень, калі карэспандэнт наведваўся ў школу, дзецьмі было заказана ўсяго шэсць дадатковых абедаў. Мала ў каго з сабой ёсць перакуска. Бацькі, задумайцеся, што ваша дзіця сядзіць галоднае!
Не ўсім пашанцавала жыць у населеным пункце, дзе да школы ці садка — рукой падаць. Але дзяржава не пакідае жыхароў аддаленых населеных пунктаў з менш развітай інфраструктурай сам-насам з іх праблемамі. Выдаткі на ажыццяўленне гэтай сацыяльна важнай функцыі кладуцца на раённы бюджэт. Падвоз дзяцей да месцаў вучобы тымі ж школьнымі аўтобусамі ажыццяўляецца бясплатна, з захаваннем усіх нормаў бяспекі.

 Для аптымальнай арганізацыі падвозу 287 школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў з 53 населеных пунктаў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і ўстановах адукацыі ёсць дзевяць школьных аўтобусаў. Для 14 навучэнцаў арганізаваны падвоз грамадскім транспартам, для іх за кошт райбюджэта (1,3 млн рублёў штомесяц) набываюць праязныя білеты.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: штодня навучэнцы Межанскай дзіцячай сад-сярэдняй школы карыстаюцца паслугамі школьных аўтобусаў.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *