Добрыя песні і словы гучалі

Актуальное Дела аграрные

 Вялікае, прыгожае, яскравае і шчырае — па працы, па заслугах — свята з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны аграпрамысловага комплексу адбылося ў суботу, 14 лістапада, у Гарадоцкім ГДК. Ужо ў фае яго госці акуналіся ў прыўзнятую атмасферу, створаную разгорнутымі тут выставамі, а між дарослых, апранутых, згодна з выпадкам, ва ўрачыстыя ўборы, легкімі матылькамі пырхалі дзяўчынкі і хлопчыкі ў беларускіх касцюмах, дадаючы важнаму святу нацыянальнага каларыту.sh

  Для нашага раёна сельская гаспадарка і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі заўжды былі вядучымі галінамі эканомікі. Да апошняга часу вяскоўцы складалі большасць насельніцтва Гарадоччыны. Таму і ўвага да гэтага прафесійнага свята павышаная. Нездарма яго радасць з віноўнікамі ўрачыстасці падзялілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.У. Шыцько, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама У.У. Цярэнцьеў.
Свята адкрыў старшыня Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта П.П. Карабач:
— Хачу звярнуцца да вас, працаўнікі вёскі, са словамі шчырай падзякі за вашу нялёгкую, але такую высакародную і неабходную ўсяму грамадству працу. Сельская гаспадарка застаецца важнай галіной эканомікі раёна. Перад ёй стаяць нялёгкія задачы, вырашыць якія ўдасца толькі пры асабістай зацікаўленасці кожнага аграрыя, эфектыўным выкарыстанні ўнутраных рэзерваў і шматгадовага вопыта гаспадарання. Станоўчых вынікаў можна дабіцца агульнымі намаганнямі, а працаваць ёсць з кім, ёсць на каго спадзявацца, аб чым сведчаць шматлікія працоўныя дасягненні людзей, якіх мы сёння ўшаноўваем.sh-1
— Безумоўна, усе, хто знаходзяцца ў зале, маюць дачыненне да гэтага свята, — працягнуў віншаванні Уладзімір Цярэнцьеў. — Сёння мы дзякуем ветэранам сельскагаспадарчай галіны, намаганнямі якіх была створана база, што дазваляе працаваць і дабівацца пэўных вынікаў. Педагагічным калектывам абодвух каледжаў, якія рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Дзяржаўным і прыватным прадпрыемствам, якія  дапамагаюць вяскоўцам, падстаўляюць плячо падчас усіх важных кампаній. Але асноўныя віншаванні — людзям, якія занятыя на нівах і фермах, тым, хто забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны. Для вобласці год быў неблагім: сабрана 1 млн 370 тыс. тон зерня. Старшыня аблвыканкама М.М. Шарснёў засяроджвае ўвагу на тым, што ў сучаснай сельскай гаспадарцы павінна панаваць дыктатура тэхналогій, і пры такім становішчы спраў можна дабіцца годных вынікаў працы. На тэрыторыі Гарадоччыны размяшчаецца прадпрыемства, якое не толькі само ўпэўнена рухаецца наперад, але і дазваляе рухаць увесь раён — філіял «Віраўлянскі» ЗПУСПП «Детскосельский-Городок». Раўняючыся на гэтага флагмана, з  упэўненасцю ў заўтрашнім дні, трэба працаваць і астатнім.sh-2
Кіраўніку названай гаспадаркі Л.М. Гардзецкаму Уладзімір Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату Віцебскага аблсавета дэпутатаў (на здымку).
Па добрай традыцыі на свяце ўшанавалі лепшых з лепшых, тых, дзякуючы чыёй нястомнай працы і адданасці прызванню ёсць хлеб і да хлеба, расце дабрабыт жыхароў горада і раёна. За дасягненне лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу яны былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта і ўпраўлення сельскай гаспадаркі, а таксама грашовымі прэміямі. Цырымонію ўзнагароджвання правялі старшыня райвыканкама П.П. Карабач і начальнік райсельгасхарча А.А. Маркоўскі.sh-3
За дасягненне высокіх вынікаў сярод камбайнераў, якія былі занятыя на ўборцы зерневых і зернебабовых культур і дасягнулі выпрацоўкі за сезон не менш за 1000 тон, за 1-е месца ўзнагароджаны: А.А. Мазжараў, камбайнер ф-ла «Віраўлянскі», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1130 тон зерня; У.І. Каваленка, камбайнер ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1122 тоны зерня; А.В. Шчарбінскі, камбайнер ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», які на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1033 тоны зерня.

  Сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі перавозку зерня ад камбайнаў, узнагароджаны: за 1-е месца — В.А. Балабошка, вадзіцель ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», які на а/м МАЗ-551605 з прычэпам агульнай грузапад’ёмнасцю 40 т перавёз 2774 тоны зерня; за 2-е месца — С.В. Савельеў, вадзіцель УП «Паўночны», які на а/м ГАЗ-САЗ грузапад’ёмнасцю 4,5 т перавёз 761 тону зерня; за 3-е месца — С.А. Унукоўскі, вадзіцель ф-ла «Віраўлянскі», які на трактары МТЗ-3022 з прычэпам грузапад’ёмнасцю 20 т перавёз 806 т зерня.sh-4
Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на ўзворванні глебы ўзнагароджаны: за 1-е месца — В.А. Лагуцін, трактарыст-машыніст УП «Паўночны», які на трактары МТЗ-3022 узараў 853 га глебы: за 2-е месца — А.А. Сідарэнка, трактарыст-машыніст ф-ла «Віраўлянскі», які на трактары МТЗ-3022 узараў 805 га глебы; за 3-е месца — А.А. Рашчупкін, трактарыст-машыніст ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», які на трактары МТЗ-3022 узараў 715 га глебы.
Сярод трактарыстаў-машыністаў, якія працавалі на самаходных кормаўборачных камбайнах і нарыхтавалі найбольшую колькасць тон зялёнай масы, — ўзнагароджаны: за 1-е месца — В.М. Сцяпанаў, з КУСГП імя Свярдлова, які на камбайне «КВК-800» нарыхтаваў 12163 тоны зялёнай масы; за 2-е месца — Р.В. Кухараў, з УП «Паўночны», які на камбайне «КВК-800» нарыхтаваў 10196 тон зялёнай масы; за 3-е месца — А.П. Чыбісаў, з ф-ла «Віраўлянскі», які на камбайне «Джон-Дзір» нарыхтаваў 9536 тон зялёнай масы.
Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на адвозцы зялёнай масы, узнагароджаны: за 1-е месца — С.М. Васільеў, з ф-ла «Віраўлянскі», які на трактары МТЗ-3022 перавёз 3041 тону зялёнай масы; за 2-е — А.С. Казакоў, з УП «Паўночны», які на які на трактары МТЗ-3022 перавёз 2752 т зялёнай масы; за 3-е месца — Д.У. Ніканаў, з КУСГП імя Свярдлова, які на трактары МТЗ-3022 перавёз 2674 т зялёнай масы.
Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на прасаванні сена, узнагароджаны: за 1-е месца — А.Л. Зуеў, з КУСГП «Сцяпанавічы», які запрасаваў 391 т. сена; за 2-е месца — М.А. Кліменка, з ф-ла «Віраўлянскі», які запрасаваў 326 т сена.sh-5
Сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на касьбе траў, якія забяспечылі найвышэйшую выпрацоўку за сезон, узнагароджаны: за 1-е месца — М.А. Цярэнцьеў, з ААТ «Гарадоцкі льнозавод», які скасіў 1084 га траў; за 2-е месца — А.М. Янчанка, з ф-ла «Віраўлянскі», які скасіў 1007 га траў.
Лідары раённага спаборніцтва сярод жывёлаводаў: на 1-м месцы — А.А. Іванова, аператар машыннага даення ф-ла «Віраўлянскі» (удой на адну карову склаў 7781 кг), на 2-м месцы — А.У. Кажамяка, з КУСГП «Сцяпанавічы» (удой на адну карову склаў 3053 кг); на 3-м месцы — В.А. Жалванава, з ААТ «Гарадоцкі льнозавод» (удой на карову 2694 кг).
Сярод аператараў машыннага даення, якія занятыя на раздоі першацёлак і дабіліся найвышэйшых вынікаў па вытворчасці малака і надоям ад каровы, 1-е месца — у Н.В. Стальмаковай, з УП «Паўночны» (удой на карову склаў 5186 кг).
Сярод аператараў па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы, якія атрымалі найвышэйшыя сярэднесутачныя і валавыя прывагі маладняка і забяспечылі рост дадзеных паказчыкаў да ўзроўню мінулага года, 1-е месца займае С.Л. Марозаў, аператар па адкорму БРЖ ф-ла «Віраўлянскі» (сярэднесутачныя прывагі склалі 1008 гр.),  2-е месца — Н.У. Болдышава, аператар вырошчвання БРЖ УП «Паўночны» (сярэднесутачныя прывагі склалі 627 гр ).
Сярод аператараў па догляду за свінаматкамі і вырошчванню парасят да 2-месячнага ўзросту 1-е месца — у Н.Ю. Антановіч, аператара па абслугоўванню свінаматак з парасятамі УП «Паўночны».
Сярод аператараў па вырошчванню парасят з 2-месячнага ўзросту, якія атрымалі найвышэйшыя сярэднесутачныя прывагі і забяспечылі рост дадзеных паказчыкаў да ўзроўню мінулага года: 1-е месца займае Л.Ф. Уласава, аператар па догляду за парасятамі на вырошчванні УП «Паўночны» (сярэднесутачныя прывагі склалі 469 гр., захаванасць 94,9%).
Сярод аператараў ААТ «Птушкафабрыка Гарадок, якія атрымалі найвышэйшую яйцаноскасць ад курыцы-нясушкі і забяспечылі яе рост да ўзроўню мінулага года 1-е месца падзялілі С.П. Сяліцкая і Т.З. Стральцова(яйцаноскасць кур-нясушак склала 266 штук).
Сярод работнікаў па штучнаму асемяненню жывёлы, якія забяспечылі самы высокі выхад цялят на 100 кароў і цёлак, 1-е месца — у У.М. Лавіцкага, аператара па штучнаму асемяненню жывёлы КУСГП «Сцяпанавічы».
Не засталіся па-за ўвагай кіраўніцтва раёна добрасумленная праца і плён у ёй спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны, кіраўнікоў СГРДУП «Улішыцы-Агра» А.А. Карнішова, КУСГП імя Свярдлова В.М. Ігнацьевай, КУСГП імя Дзімітрава Л.А. Усеваладавай (на здымку). Узнагародамі былі адзначаны прадстаўнікі маладога пакалення сельскіх працаўнікоў. Ад імя раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК лепшых аграрыяў павіншавала яе старшыня Т.Л. Груганава.
Узнёсла гучалі ў гонар віноўнікаў урачыстасці песні пра родны край, шчасце жыць і працаваць на сваёй зямлі — вядучыя калектывы і выканаўцы Гарадоччыны шчыравалі, сардэчна віншуючы перадавікоў. А з-пад абцасаў танцораў хіба што іскры не ляцелі — так заўзята ўздымалі яны градус святочнага настрою.
— Як добра, што арганізавалі такое маштабнае мерапрыемства, — гаварылі запрошаныя. — Выдатна, што і сельскія клубы выступалі: мы ж за працай не заўсёды іх пабачым на сваіх сцэнах. Адчуваецца, што мы не закінутыя, патрэбныя. Натхніліся на далейшую працу і жыццё.
— Для нас пачэсна сёння выступаць, — прызналіся маленькія ўдзельнікі канцэртнай праграмы Крысціна, Каця і Максім. — Таму што мы радуем людзей, якія стараюцца, каб у нас на стале было малако, хлеб, мяса, яйкі. Яны — карміцелі нашы!
Як кажуць, вуснамі немаўляці… А карміцелі пасля свята зноў акунуліся ў вір сялянскай працы, якая патрабуе штодзённай самааддачы і нават самаахвяравання. Дзеля таго, каб багатым быў наш стол — такі, як прапанавалі ў фае клубы нацыянальнай кухні «Сладушка» Пальмінскага СДК і «Гаспадынька» Кабішчанскага СДК, ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, Гарадоцкага райспажыўтаварыства, ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», УП «Паўночны». І няхай залатымі літарамі ў летапіс працоўнай славы раёна будуць упісаны імёны новых мірных героеў! Паклон вам за працу!
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.

На здымках: віншаванні прымае Надзея Антановіч з УП «Паўночны»;

выступае народны ансамбль песні і танца «Яблынька»;

у ролі вялікай сялянскай сям’і — навучэнцы тэатральнага аддзялення школы мастацтваў;

спявае ансамбль «Свае хлопцы і дзяўчаты».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *