Мастак. Ён жа — публіцыст

Актуальное Культура

  У біяграфічных звестках пра віцебскага мастака Уладзіміра Вальнова, выстава якога «Лёс, час, памяць» урачыста адкрылася ў раённым краязнаўчым музеі 29 кастрычніка, датай яго нараджэння значыцца 10 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень 1944 года ён, малы, быў знойдзены чырвонаармейцамі ў акопе на перадавой непадалёк ад Гарадка. Гэту акалічнасць адзначыла намеснік начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.У. Каўрыга, падкрэсліўшы, што калісьці наша зямля захінула будучага знакамітага творцу ад смерці. А сёння ён вярнуўся сюды, каб падзяліцца з намі сваімі творчымі здабыткамі.kultura

  Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Віцебскім мастацкім музеі, у музеі Бярлінскай сцяны, у грамадскіх і прыватных зборах Расіі, Германіі, Францыі, Польшчы, Амерыкі, Ізраіля. Больш за 50 сваіх работ ён падарыў гораду-пабраціму Віцебска Нінбургу.
Нават тыя нямногія творы з багатай спадчыны У. Вальнова, што прадстаўлены на выставе ў Гарадку, адназначна сведчаць пра яго незвычайны, магутны талент. Яго работы — жывапіс, графіка, інсталяцыі — прасякнуты пакутлівымі роздумамі пра трагічны лёс сялянства, драму вайны, пошукі Неба… Не трэба спецыяльная адукацыя ці нейкі асабліва вытанчаны густ, каб зразумець, што хвалюе аўтара, за што ён перажывае. Здаецца, сто разоў мы бачылі тыя ж сюжэты і рэчы, але менавіта філасофія творцы, скрытая за наўмыснай прастатой падачы матэрыялу, знаходзіць жывы водгук у сэрцах нераўнадушных. З ліку сузіральнікаў наведвальнікі выставы неўпрыкмет для сябе пераходзілі ў лік суперажывальнікаў. Мабыць, таму ахвотна ішоў абмен думкамі ля палотнаў «Вяртанне анёла», «Бабіна лета ў мёртвай вёсцы», інсталяцыі «Каўчэг памяці» і іншых.kultura-1
Наведвальнікі выставы зацікаўлена слухалі прэзентацыю дырэктара музея Т.М. Івановай і экскурс самога аўтара па сваіх работах.
— Творчасць мая аўтабіяграфічная, яна адлюстроўвае душэўную памяць пражытых гадоў. У многіх работах яна носіць публіцыстычны характар і перадае мае роздумы і перажыванні аб тым, што прайшло, і днях сённяшніх, — зазначыў Уладзімір Мікалаевіч.
У. Вальноў станоўча адзначыў, што ў Гарадку многа прыхільнікаў мастацкай творчасці, пахваліў выставачную залу з выдатным асвятленнем і падвесным абсталяваннем, маўляў, такіх і ў абласным цэнтры небагата.
На гэту выставу, якая будзе доўжыцца да канца лістапада, трэба прыйсці без мітусні, настроіўшыся на сур’ёзны лад, таму што яна прызначана ўскалыхнуць патаемныя струны душы, пакінуць глыбокія ўражанні і падумаць — пра сябе, лёс, час і памяць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: падчас выставы Т.М. Іванова паміж двух мастакоў, І.П. Хіцько і У.М. Вальнова (справа);
  карціна «Трапеза, якая не адбылася».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *