Рамяство, якое ўзнеслася да майстэрства

Актуальное Конкурсы

  Выстава вырабаў вядучых майстроў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Людмілы Гаравой, Марыны Гушча і Васіля Сіманковіча «Носьбіты традыцый» адкрылася 5 лістапада ў выставачнай зале гэтай установы (КАЦ «Гарадок»). Багацце вырабаў, бездакорна, з густам і любоўю выкананых у тэхніках лаза- і саломапляцення, спіральнага пляцення, выцінанкі, габеленаў, ткацтва, абрадавай фларыстыкі, інсітнага мастацтва гарадоцкай публіцы прадставілі ўсяго тры, але якія (!) майстры. Нездарма ўсе яны ўваходзяць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.gusho

  Марына Леанідаўна Гушча — майстар ткацтва рушнікоў і габеленаў — скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (цяпер ВДУ імя П.М. Машэрава). Працуе дырэктарам Дома рамёстваў і фальклору, кіраўніком гуртка «Ткацтва». Яна — неаднаразовы пераможца абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, у 2005 г. была творчым стыпендыятам Міністэрства культуры Беларусі за адраджэнне тэхналогіі ткацтва рушнікоў, у 2011 г. ёй было прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны» ў намінацыі «Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне».
Людміла Генадзьеўна Гаравая — майстар выцінанкі і спіральнага пляцення — скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці біёлаг-эколаг. Працуе кіраўніком гурткоў традыцыйнага саломапляцення, выцінанкі і абрадавай фларыстыкі. Дыпламант і лаўрэат абласных, рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. У 2004 годзе атрымала Дзяржаўную стыпендыю як майстар спіральнага пляцення саламянага посуду.
Васіль Паўлавіч Сіманковіч — майстар лазапляцення — скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічныга інстытута імя С.М. Кірава. Працуе кіраўніком гурткоў лозапляцення і інсітнага мастацтва. На шматлікіх выставах, конкурсах, фестывалях ад раённага да міжнароднага маштабаў яго работы не застаюцца па-за ўвагай і заўсёды атрымліваюць вышэйшую адзнаку. Так, у 2011 г. за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва яму  была прысуджана прэмія Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў». У 2014 г. В. Сіманковіч узнагароджаны граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнага мастацтва, а рашэннем Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта за вялікую працу па адраджэнню і захаванню народных рамёстваў занесены на раённую Дошку гонару.
Больш падрабязна аб творчых шляхах і пошуках аўтараў выставы расказала на яе адкрыцці кіраўнік народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі», членамі якога яны з’яўляюцца, Жанна Гусейнава. Захоплена і прачула адгукнулася аб іх плённай працы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Каўрыга. Самі ж майстры (на адкрыцці, на жаль, не было Людмілы Гаравой) аб сваёй рабоце гаварылі мала і сціпла. Для іх адраджэнне і папулярызацыя народных рамёстваў роднага краю стала справай жыцця, без якой яны сябе не ўяўляюць.
Гэтыя людзи не рамеснікі, а майстры, і майстэрства прыйшло да іх з вопытам і ўсведамленнем таго, што яны робяць высакародную справу захавання бацькоўскай спадчыны. Нездарма работы, якія можна ўбачыць на выставе (доўжыцца яна будзе да 20 снежня), здаюцца музейнымі экспанатамі, якія выдатна захаваліся — настолькі дакладная ў іх традыцыйная тэхніка выканання. Гэтыя прадметы ранейшага побыту беларусаў акрамя таго, што могуць выконваць практычныя функцыі, здзіўляюць сваёй эстэтыкай, зашыфраванай у іх сімволікай, бездакорным увасабленнем. Нашы продкі, нягледзячы на ўсялякія нягоды, якія ім даводзілася перажываць, на нястачы і адсутнасць багаццяў, хацелі і ў штодзённасці, а тым больш у святы быць акружанымі прыгажосцю, ствараць яе сваімі нястомнымі рукамі. Гэтыя імкненні ўласцівыя і аўтарам выставы, носьбітам лепшых традыцый народных рамёстваў Гарадоччыны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: М. Гушча і В. Сіманковіч у дзень адкрыцця выставы «Носьбіты традыцый».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *