Узоры прагі да жыцця

Актуальное Культура

  Шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі ў раёне з 15 кастрычніка ў рамках месячніка «Белы кій», завяршыўся самым масавым і значным з іх. 13 лістапада ўжо трэці раз адбыўся штогадовы форум «Езярышча — мост дружбы». Месца яго правядзення абрана невыпадкова: менавіта ў гэтым гарадскім пасёлку на працягу 35 год працавала школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам (з парушэннямі зроку).most druzby-1

  Яе выпускнікамі сталі сотні дзяцей, якія атрымалі не толькі сярэднюю адукацыю, але і выдатна авалодалі навыкамі самаабслугоўвання, навучыліся жыць у суладдзі з навакольным светам і іншымі людзьмі. Іх настаўнікі далі ім трывалую платформу, дзякуючы якой, стаўшы дарослымі, яны знайшлі сябе ў розных сферах дзейнасці, сталі карыснымі членамі грамадства. Гэта пацвердзіла былы дырэктар школы-інтэрната, заслужаны дзеяч БелТІЗ, выдатнік адукацыі СССР і Рэспублікі Беларусь Ніна Ягораўна Падмазава, якая зрабіла экскурс у самыя яркія, насычаныя старонкі гісторыі ўстановы, якую ўзначальвала.
— Беларусь — адзіная краіна ў постсавецкай прасторы, дзе захаваліся спецыялізаваныя прадпрыемствы, на якіх працуюць інваліды па зроку, — зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Зуева. — Людзі з абмежаванымі магчымасцямі адчуваюць пастаянную падтрымку не толькі дзяржавы, але і грамадскіх арганізацый, асобных прадпрыемстваў і грамадзян. Гэта пацвярджае сацыяльную арыентаванасць унутранай палітыкі рэспублікі і тое, што людзі не страцілі  спачуванне, міласэрнасць, дабрыню.most druzby
За значны ўклад у рашэнне пытанняў жыццязабеспячэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі Святлана Леанідаўна ўручыла падзячны ліст райсавета старшыні Гарадоцкай раённай арганізацыі БелТІЗ В.А. Ільіну. Менавіта з яго лёгкай рукі ў Езярышчы сабраліся сябры: прадстаўнікі Невельскай міжраённай арганізацыі Усерасійскага таварыства сляпых (старшыня В.В. Ільіна) і Лепельскай раённай арганізацыі БелТІЗ (В.В. Сакалоўская). Радасную сустрэчу выпускнікоў школы-інтэрната і яе колішніх супрацоўнікаў, выступленні ўдзельнікаў музычнага форуму з радасцю назіралі іншыя шаноўныя госці, што прыехалі на мерапрыемства: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.А. Мурашкевіч і яго намеснік А.М. Гамзюк, старшыня праўлення абласной арганізацыі БелТІЗ К.К. Ламчаноўскі, настаяцель Свята-Успенскага храма іерэй Міхаіл Сініцын.
Дапамога сяброў гарадоцкага таварыства інвалідаў па зроку дазволіла прыўнесці ў мерапрыемства фарбаў. Шыкоўная выстава Дома рамёстваў і фальклору развярнулася ў фае, удзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Зялёная альтанка» гэтай установы прыпаднеслі віноўнікам урачыстасці араматны пірог да агульнага чаяпіцця. Надзвычай гасціннымі і ўважлівымі да гасцей былі гаспадары, супрацоўнікі Езярышчанскага ГПДК.
І ўсё ж незабыўную атмасферу маста дружбы стварыла менавіта песня. Гледачы адбілі далоні, дзякуючы самадзейным артыстам Л. Кузняцову і Я. Онухаву з Гарадка, ансамблю «Мятліца» і салісту Д. Аблавушку з Лепеля, Т. Львову з Пустошкі, А. Чубарэнку, Т. Васільковай з Невеля. Асабліва цёпла прымалі невельцаў жонку і мужа, Надзею і Віктара Суворавых, якія спецыяльна вывучылі і выканалі песні на беларускай мове. Да таго ж, высветлілася, што Надзея Фёдараўна — стрыечная сястра езярышчанца І.Ф. Грыгор’ева, з якой даўно былі згублены роднасныя сувязі, і якую ўдалося знайсці, дзякуючы форуму. Гэтая жанчына аслепла ад выбуху снарада пасля вайны, але выхавала трох дзяцей, не страціла прагу да жыцця і выдатна спявае.
Мерапрыемства завяршылася на прыгожай, шчымлівай ноце: хор былых педагогаў школы-інтэрната выканаў «Развітальны вальс» — як абяцанне, што, нягледзячы на адлегласці і гады, сябры абавязкова сустрэнуцца і не аднойчы спяюць свае лепшыя песні.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымках: удзельнікі форума «Езярышча — мост дружбы»;

  салодкі сувенір Н. Суворавай уручае пляменніца Н. Грыгор’ева.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *