Вяселле па ўсіх правілах

Актуальное Культура Это интересно

  На трэцім абласным аглядзе-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца» 24 кастрычніка творчая суполка Цэнтра традыцыйнай культуры і творчасці Гарадоцкага раёна — народны фальклорны гурт «Глейна» (кіраўнік Лілія Рэзкіна), майстры галосных спеваў з гэтага калектыву Пётр Качанаў і з Халамерскага СК Таццяна Раева, супрацоўнікі Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча, Васіль Сіманковіч і іншыя — стала лаўрэатам I ступені гэтага мерапрыемства. Такому выдатнаму выніку папярэднічала вялізная работа па рэканструкцыі вясельнага абраду нашага рэгіёна канца ХIХ-пачатку ХХ стагоддзя.obryd

  Сваю назву агляд-конкурс атрымаў невыпадкова: адным з найбольш спрыяльных перыядаў, каб згуляць вяселле, нашы продкі лічылі час ад канца жніўня (калі закончылася жніво) да пачатку Каляднага посту (28 лістапада). Найбольшая колькасць вяселляў прыпадала на перыяд з 14 кастрычніка да 28 лістапада, і таму ён называўся «Вялікай вясельніцай».
Кожны раз арганізатары мерапрыемства, што праводзіцца раз на тры гады, прыдумваюць яго новыя формы, але ідэя рэканструяваць усе этапы вяселля стогадовай даўніны ўвасаблялася ўпершыню. За гэтую нялёгкую справу ўзяліся фалькларысты з Гарадоцкага (выконвалі ролі жаніха і яго дружыны), Дубровенскага (адтуль былі нявеста ці «кінягіня» і яе дружына) і Лёзненскага (сват і свацця) раёнаў.
Унікальная дзея з усімі яе этапамі — зборы «кінягіні», упрыгажэнне «свадзебнага поезда», выкуп нявесты, «рагатка» ці звычай «драць зайца», сустрэча маладых бацькамі, святкаванне з адорваннем маладых і падзелам каравая, «брахнёй» сватоў і маршамі, абрад абразання касы маладой — праходзіла ў натуральных умовах, у вёсцы. Дружыны ехалі на конях, упрыгожаных стужкамі і кветкамі, з бясконцымі вясельнымі песнямі, гучнымі гармонікамі. Ігралі на іх выключна гарадоцкія музыкі Аляксандр Шандаеўскі і Вадзім Аляксееў. Маладую выкупалі ў звычайнай вясковай хаце, так жа інсцэніравалася застолле. obryd-1
Цікава ведаць некаторыя забытыя вясельныя звычаі нашых продкаў: падчас выкупу нявесты свацця з боку жаніха брала з двара яе бацькоў курыцу і прыносіла яе на двор, дзе будуць жыць маладыя: «Калі курыца прыжывецца, то і наша Настачка таксама». Ці яшчэ такі важны момант: вясельны каравай ці «рагач», як называюць яго на Дубровеншчыне, выпякаўся па асобаму рэцэпту, які збераглі ў в. Ляды. Яго пякла хросная маці і абавязкова замужнія жанчыны-каравайніцы.
— Як хораша спявалася! — успамінае Лілія Рэзкіна. — Вясельныя песні трох раёнаў пераклікаліся, а то і зліваліся ў адзіны ручаёк (і словы, і мелодыі былі аднолькавыя): «Непраўдзівая каліна», «Лезуць госці ў хату», «Паедзем, госцікі, дадому», «Дзякуй, Божа, што каравай гожы!»… Ногі самі пускаліся ў танцы пад завадныя гукі полькі, кракавяка, барыні, вальса, вясельных маршаў. А як каларытна выглядалі маладыя, дружкі, сваты, бацькі і іншыя вясельнікі ў адноўленых па выніках фальклорных экспедыцый уборах, тагачасных стылізаваных сцэнічных касцюмах!obryd-2
Гледачамі святочнай дзеі былі госці з усёй Беларусі і суседняй Расіі. Пастаянны ганаровы госць гэтага агляду-конкурсу, кандыдат філалагічных навук, рэктар Інстытута культуры Беларусі, даследчык традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў І.І. Крук, узяўшы выніковае слова, адзначыў, што ён адчуў сябе чароўным чынам перанесеным на сапраўднае звонкае вяселле памежжа мінулых стагоддзяў.
Пасля тэатралізаванага прадстаўлення канкурсанты з 14 раёнаў Віцебшчыны паказалі фрагменты вясельных абрадаў сваёй мясцовасці на сцэне Дубровенскага РДК. У фае ж працавала выстава вясельных фотаздымкаў мінулага стагоддзя, касцюмаў, у якіх нашы продкі ішлі пад вянец. Дарэчы, уборы маладых, прадстаўленыя гарадакчанамі, былі прызнаны самымі прыгожымі.
Уся сабраная па макулінках нематэрыяльная спадчына нашых бацькоў будзе захоўвацца ў культурнай скарбніцы Беларусі. Спадзяёмся, да яе звернуцца нашчадкі ў лепшыя, радасныя моманты свайго жыцця. Трэба ведаць і помніць: мы ўмеем шчыра працаваць , а ў свой час — шырока, прыгожа гуляць.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымках: удзельнікі рэканструкцыі вясельнага абраду з Гарадоччыны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *