Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору зноў лепшы

Актуальное Конкурсы Культура

  Спяшаемся павіншаваць Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору з чарговай перамогай. З адкрытага абласнога свята-конкурсу народнага касцюма «Шыўкі майстэрства», што праходзіла 28 лістапада ў г. Сянно, ён вярнуўся, заняўшы 1-е месца ў намінацыі «Рэканструкцыя традыцыйнага строю рэгіёна». Каштоўным не столькі па цане, колькі па зместу стаў і атрыманы прыз — многафункцыянальная швейная машынка.dom remesel

  Гарадоцкія майстры скарылі ўдзельнікаў свята прадстаўленай калекцыяй у 27 касцюмаў (на самой справе выраблена іх значна больш). Іх дэталі можна было адкрыта разгледзець на манекенах і ўпотай, больш сціпла — на «мадэлях», майстрах і ўдзельніках народнага фальклорнага калектыву «Глейна» (кіраўнік Л.П. Рэзкіна), якія прынялі ўдзел у дэфіле. Да таго ж, «Глейна» дапамагла ўладкаваць годную прэзентацыю народных убораў, прадэманстраваўшы фрагмент вясельнага абраду канца ХIХ ст.
— Толькі за гэты год мы ўвасобілі 20 новых касцюмаў, — расказвае дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча. — Гэта вялізны аб’ём работы, якому папярэднічалі ранейшыя намаганні. З этнаграфічных экспедыцый мы прывозілі фрагменты, літаральна шматкі ўзораў колішняй вопраткі, занатоўвалі расказы старажылаў пра яе і паводле скупых звестак узнаўлялі адзенне продкаў.dom remesel-1
Дарэчы, гарадоцкага строю (дэталі ўбрання ад шапкі да абутку) самога па сабе не існавала, але быў суражскі, куды ўваходзіў і гарадоцкі касцюм. Чатыры з іх, прызначаных для вясковага вяселля, — жаніха і нявесты (на Гарадоччыне іх называлі князем і кінягіняй) і іх дружкаў, хлопца і дзяўчыны, — майстры рэканструявалі з нуля да поўнага ўвасаблення і «вывелі ў свет».
— Усе гэтыя касцюмы — саматканыя, палотны для іх ткалі нашы добраахвотныя памочнікі, — працягвае Марына Леанідаўна. — Іх ні разу не кранула іголка швейнай машыны, выраблены яны выключна рукамі. Асноўны аб’ём работы выканала Вольга Рэут, кіраўнік гуртка народнага касцюма. Яна сама кроіла і шыла вопратку, кроіла абутак — скураныя паршні, вырабляла чапцы і пляла галаўныя ўборы з саломы. Таццяна Міснікава і Юлія Жукоўская аздобілі касцюмы вышыўкай, Ірына Шалаева пашыла паршні…
Пад кіраўніцтвам В. Рэут метадыст па фальклору Анастасія Камышова распрацавала тры буклеты пра выраб традыцыйнага, стылізаванага і вясельнага касцюмаў Гарадоччыны — кіраўніцтва для наступных пакаленняў. Можна ж і памарыць, што аднойчы ў свята беларусы выйдуць на вуліцы ў нацыянальным адзенні, не пагрэбуюць. Прыгожа, бялютка і ярка было б, ці не праўда?

Да насельніцтва: калі ў вас захаваліся хаця б дэталі ці фрагменты старадаўніх убораў, даматканых тканін, іх фотаздымкі, звесткі пра тое, як апраналіся раней у нашай мясцовасці, падзяліцеся імі з супрацоўнікамі Дома рамёстваў і фальклору. Ваша дапамога можа аказацца неацэннай.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *