Малады выкладчык ГДАТК Ганна Маркіянава была Лаўрэатам Прэзідэнцкага фонду

Актуальное Образование

  Выкладчыкам эканамічных дысцыплін ва УА «Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» ужо чацвёрты год працуе Ганна Маркіянава (на здымку). Падчас вучобы ў БДАТУ, у 2010 г., Ганна Васільеўна стала стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, Лаўрэатам Прэзідэнцкага фонду. Такое прызнанне — не проста ўзнагарода, а прызнанне дзяржавай асаблівых здольнасцей маладых, зацікаўленасці ў іх навуковым, творчым, прафесійным лёсе.

  На пытанне, што ж трэба зрабіць выдатнага, каб заслужыць высокага звання, Ганна адказвае:markiyanova
— Пэўныя прыродныя схільнасці, узведзеныя ў ступень працалюбствам. Жыццё пацвярджае, што талент без працы не развіваецца, а становіцца пасрэднасцю. Мне ж заўсёды хацелася быць лепшай. Не, не за кагосьці, а станавіцца больш дасканалай у параўнанні з самой сабою.
У 2003-м яна, выпускніца Ломашаўскай школы, што на Глыбоччыне, з адзнакай скончыла на той час Гарадоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй. Працягнула вучобу ў ГДАТК, затым — ва ўніверсітэце. Зацікаўленую ў вучобе, з актыўнай грамадскай пазіцыяй  дзяўчыну прыкмецілі выкладчыкі. На працягу ўсяго перыяду навучання Ганна (на той час Фёдарава) займалася навукова-даследчай работай, неаднаразова выступала на студэнцкіх канферэнцыях. Зацікавіў яе даклад на 18-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра-2008». Яе ўдзел у 5-й Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі ва Украіне быў адзначаны дыпломам. З’яўляецца сааўтарам патэнта на сельскагаспадарчую прыладу. Акрамя таго, была актывістам руху БРСМ, найперш яго валанцёрскіх накірункаў, намеснікам старшыні студэнцкага савета інтэрната, у якім жыла.
— Пэўны час я працавала інжынерам па тэхніцы бяспекі ў адной з гаспадарак у Нясвіжскім раёне, — расказвае Ганна. — Такой пасады для майго багажа ведаў, як адчувала, мне было мала. Таму прапанавала сваю кандыдатуру на ролю выкладчыка ў наш каледж, каб дзяліцца тым, што ведаю сама, з навучэнцамі. Літаральна месяц таму скончыла інстытут перападрыхтоўкі кадраў у Мінску па спецыяльнасці «Педагагічная дзейнасць спецыялістаў» — працягваю ўдасканальвацца.
Дарэчы, у свой час гэты каледж скончыў і бацька Г.В. Маркіянавай, цяпер завочна тут вучыцца яе муж. Тут, па вялікаму рахунку, яе першае рабочае месца і першае асобнае жыллё — кватэрка ў інтэрнаце, яе першая група, дзе яна куратар. Старт, каб дасягаць вяршынь, нядрэнны.
Прыкладам жа выкладчыкаў — сапраўдных прафесіяналаў і чулых людзей — Ганна лічыць свайго майстра вытворчага навучання з ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі І.А. Печкурову і выкладчыка ГДАТК У.Г. Емяльянава.
— Уладзімір Георгіевіч стаяў ля вытокаў адкрыцця ў нашым каледжы новай спецыяльнасці — «Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне», — успамінае Г. Маркіянава. — Ён вёў пераважную большасць профільных дысцыплін, тлумачыў матэрыял не толькі з пункту гледжання тэорыі, але і як практык са шматгадовым стажам. І калі мы сталі калегамі, працягвае аказваць неацэнную дапамогу.
Навучэнцы лічаць Ганну Васільеўну хаця маладым, але патрабавальным выкладчыкам. Яна такой сваёй рысы не адмаўляе, таму што лічыць сябе адказнай за падрыхтоўку сапраўдных спецыялістаў для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Навучанне і выхаванне сучаснага грамадзяніна, які павінен стаць захавальнікам лепшых традыцый і творцам новых каштоўнасцей сваёй краіны, — звышзадача маладога выкладчыка  Г.В. Маркіянавай, якая ўваходзіць у залаты фонд кадраў АПК.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *