Почти год в КПЦ «Городок» кино идет в формате 2D и 3D

Актуальное Культура

  З часу, калі 27 студзеня ў культурна-асветніцкім цэнтры «Гарадок», а дакладней — у размешчанай у ім кіназале кінатэатра «Радзіма» дзяржаўнага прадпрыемства «Гарадоцкая райкінавідэасетка» адбыўся першы кінасеанс, тут адбылося 1523 сеансы мастацкіх фільмаў. За студзень-лістапад даходы ад кінавідэапаказаў склалі 334,5 млн рублёў, прадпрыемства абслужыла каля 21 тысячы гледачоў.Arhavenok

   Да адкрыцця новай кінавідэазалы кінавідэасетка працавала пераважна ў школах, дэманструючы дзіцячае, беларускае і дакументальнае кіно. Эканамічны эфект ад гэтага быў невялікі. Да прыкладу, летась выручка ад кінавідэапаказу склала ўсяго каля двух мільёнаў рублёў. Хаця гэта нішто ў параўнанні з касавымі зборамі ў «Радзіме», прадпрыемства па-ранейшаму працуе для школьнікаў і сельскіх гледачоў, карыстаючыся перасоўнымі відэаўстаноўкамі.
— У Гарадку кожны тыдзень мы прапануем нашым гледачам па два новыя фільмы, — расказвае кінамеханік Юрый Архавёнак (на здымку). — Такім чынам, за абазначаны перыяд часу нашы наведвальнікі мелі магчымасць паглядзець каля 100 фільмаў. На пэўны тэрмін купляем ключ актывацыі, і калі бачым, што кіно папулярнае, стараемся яго працягнуць, хаця гэта не таннае задавальненне.
Падбіраючы рэпертуар для дэманстрацыі, Юрый кіруецца попытам гледачоў, а вывучае схільнасці аўдыторыі паводле створанай на сайце «ВКонтакте» спецыяльнай групы. Яе падпісчыкамі сёння з’яўляюцца 1162 чалавекі, большасць з якіх — маладыя людзі, 30%  з іх няма і 18 год. Адпаведна адшукваюцца кінанавінкі, якія былі б цікавыя пэўнай узроставай групе.
На першых порах кіназала на 100 месцаў з магчымасцю паказу фільмаў у фармаце 2D і 3D, абсталяваная ўнікальнай для раённага цэнтра дарагой апаратурай, а адпаведна надзеленая магчымасцю паказу кіно ў высокай якасці, якую ну ніяк не параўнаць з тэлевізійнай ці камп’ютарнай, запаўнялася лепш. Цяпер ажыатаж спаў, але ёсць сапраўдныя прыхільнікі якаснага прагляду, якія сочаць за навінкамі сусветнага кіно, ахвотна ідуць на касавыя фільмы. Найбольш актыўныя з іх — зноў жа маладыя. Гарадакчане «каму за 40» ходзяць у кіно значна радзей, хіба што з дзецьмі ці ўнукамі на мультыкі.
Разам з фільмамі вытворчасці далёкага замежжа ў «Радзіме» дэманструюцца больш блізкія па зместу расійскія фільмы. Было ў рэпертуары два фільмы вытворчасці кінастудыі «Беларусфільм» (дарэчы, 17 снежня адзначаецца Дзень беларускага кіно) — «Салодкае развітанне Веры» і «Мы, браты». Так што, калі вы аматар беларускага — сачыце за афішай!
— Ужо прайшло тэсціраванне продажу білетаў на нашы кінасеансы праз інтэрнэт, — дадае Юрый. — На усебеларускім партале ByCard можна будзе не толькі даведацца, што ў бліжэйшы час мы вам прапануем, але, не выходзячы з дома, набыць білеты. Дарэчы, іх кошт, які многім здаецца высокім, на самой справе значна меншы, чым на прагляды, скажам, у абласным цэнтры. Завітайце ў нашу кіназалу хаця б адзін раз, для інтарэсу, і вам захочацца раз-пораз балаваць сябе добрым кіно ў выдатнай якасці.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *