Подведены предварительные итоги Года молодежи

Актуальное

  Завяршаецца 2015 год, аб’яўлены ў Беларусі Годам моладзі. Можна падводзіць яго папярэднія вынікі, якія сведчаць, наколькі вялікі патэнцыял, рознабаковыя таленты, актыўную грамадскую пазіцыю маюць маладыя, што жывуць у нашым раёне — а гэта 3370 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. Маладосць — перыяд станаўлення асобы, падрыхтоўкі да самастойнага жыцця і першых крокаў па ім. Радуе, што яны — упэўненыя, дзякуючы магчымасці атрымаць якасную адукацыю, рэалізаваць свае прафесійныя, творчыя і іншыя здольнасці.molodez

  Зыходнай кропкай Года моладзі стаў 42-і з’езд БРСМ з удзелам Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі. Адкрыты дыялог, які тады адбыўся, дапамог выпрацаваць стратэгію мерапрыемстваў у рамках абазначанага года. Прыярытэтамі засталіся грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, развіццё студатрадаўскага і валанцёрскага руху.
Адной са знакавых падзей  стала 70-годдзе Вялікай Перамогі. Моладзь Гарадоччыны актыўна далучылася да ўдзелу ў рэспубліканскім праекце «Кветкі Вялікай Перамогі», сімвал якога — кветка яблыні на чырвона-зялёнай стужачцы. Ён аб’яднаў сотні тысяч людзей па ўсёй краіне і стаў сведчаннем глыбокай павагі да подзвігу дзядоў і прадзедаў. Маладыя прынялі ўдзел у арганізацыі работы інтэрактыўных пляцовак 9 мая і 3 ліпеня, сталі ўдзельнікамі святочных канцэртаў, лёгкаатлетычнага кросу, велапрабегу, экскурсійных паездак па памятных месцах краіны, шматлікіх акцыях і конкурсах.
— Імкнуцца быць вартымі бацькоўскай спадчыны тыя, хто зараз вучыцца і працуе на Гарадоччыне, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Арцюхова. — Сёлета чацвёра выпускнікоў ГДАТК і пяцёра ДПТКСП імя І.В. Дарошчанкі скончылі свае навучальныя ўстановы з адзнакай. Лідарамі ўборачнай кампаніі 2015 года з 10 маладых камбайнёраў стаў камбайнёр філіяла «Віраўлянскі» Аляксандр Мазжараў, а з сямі маладых вадзіцеляў — вадзіцель УП «Паўночны» Сяргей Савельеў. 22 маладыя кіраўнікі і спецыялісты з розных прадпрыемтваў і арганізацый раёна былі ўшанаваны на Дні моладзі, а на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны — 20 лепшых прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемтваў раёна. Дарэчы, ёсць каму спрачацца за тое, каб быць названымі лепшымі — толькі сёлета на работу ў раён прыехаў 101 малады спецыяліст.
Каб  яны замацоўваліся на сваім першым працоўным месцы, улады раёна ўдзяляюць пільную ўвагу вырашэнню праблем маладых. Так, напрыклад, у бягучым годзе 63 маладыя сям’і палепшылі сваё жыллёвае становішча.
У сакавіку з мэтай выяўлення лідараў створана Маладзёжная палата. За гэты час па яе ініцыятыве праведзены шэраг акцый і мерапрыемстваў, уключаючы патрыятычныя, экалагічныя, культурныя, і навучэнцам школ спадабалася адчуваць сябе ў ролі маладых парламентарыяў.
— Сярод яскравых момантаў Года моладзі на Гарадоччыне можна ўспомніць інтэлектуальны турнір «З Тарасам разам», конкурс «Песні юнацтва нашых бацькоў», уручэнне пашпартаў у рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі», Дні прызыўніка, абласны конкурс «Лепшы па прафесіі» ў сістэме спажыўкааперацыі, спартакіяды, конкурсы, канцэрты, спартыўныя святы і спаборніцтвы — працягвае Алена Арцюхова. — Доўга не змаўкалі размовы пра «Маладзёжны праспект» — свята, арганізаванае ў Дзень моладзі ўпершыню, але адразу так маштабна, прыгожа. Запомнілася і выдатная выстава ў КАЦ «Гарадок», «Моладзь — любімаму гораду». Надзвычайныя ўражанні і радасныя ўспаміны пакінуў конкурс з удзелам маладых сем’яў «Маё першае аўто», што адбыўся ў Дзень Незалежнасці Беларусі…
Так, насычаны і цікавы год пражыла гарадоцкая моладзь, але гэта не азначае, маўляў, ён прайшоў — можна спачываць. Няўрымслівасці, новых ідэй і здзяйсненняў вам, маладыя!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымку: гледачы на свяце «Маладзёжны праспект».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *