Праздник в честь 15-летнего юбилея народного ансамбля гармонистов

Актуальное Культура

  Свой 15-гадовы юбілей 12 снежня адзначыў народны ансамбль гарманістаў Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці (на здымку). Тое, што гэты ўнікальны самабытны калектыў надзвычай любяць аматары народнай музыкі, пацвярджала запоўненая глядзельная зала Гарадоцкага ГДК. Каб тут размясціліся ўсе жадаючыя, давялося падносіць дадатковыя сядзенні. Больш за дзве гадзіны юбілейнага вечара, галоўнымі асобамі на якім былі самі музыкі, а ўшаноўвалі іх шматлікія аднадумцы, праляцелі неўпрыкмет — на мове гармоніка гаварыла шчырая, прыгожая душа беларускага народа.garmonisty

  Ядром створанага 15 год таму Аляксандрам Шандаеўскім калектыву сталі ўдзельнікі ансамбля гарманістаў РАУС, якім кіраваў Вячаслаў Мурашкевіч, — Міхаіл Тузкоў, Сяргей Іваноў, Віталь Лабоўка, Леанід Жыгуноў. Удала ўліліся ў калектыў тры Сяргеі — Заікін, Прышчэпаў, Кірэеў. Знаходкамі сталі Анатоль Мацюшчанка і Валерый Дабравольскі, незаменнымі — Алег Пуляроў і Вадзім Аляксееў. З ліпеня гэтага года Аляксандр Фёдаравіч перадаў кіраўніцтва ансамблем яго даўняму ўдзельніку Уладзіміру Шакуцёву. Дарэчы, сёлета ён стаў лаўрэатам абласнога конкурсу «Іграй, гармонь!», што праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», з аўтарскай кампазіцыяй «Гарадоцкая весялуха». І яна — задорная, залівістая, прагучала са сцэны.
Кампазіцыі ў выкананні ансамбля гарманістаў — полька, вясельныя і Гарадоцкія найгрышы, папуры на тэмы любімых песень… — мімаволі прымушалі залу хлопаць далонямі ў такт, яго неўпрыкмет выбівалі і ногі, што прасіліся ў скокі. Ва ўсмешках расплываліся вусны, а іншы раз  жанчыны ўпотай змахвалі слязінкі, што з’яўляліся ад замілавання, ад шчасця, што разварушана генетычная памяць пра скарбы свайго, роднага, народнага.
Яно ж паўставала ва ўвасабленнях не толькі гарманістаў. Шматлікія віншаванні гучалі на адрас калектыву-юбіляра ад творчых калектываў Гарадоччыны, удзельнікамі якіх з’яўляюцца і дзеці, і сталыя людзі. Чаго толькі вартыя былі прыпеўкі ад Людмілы Барсуковай з Бычыхі ці побытавыя танцы ў выкананні артыстаў з Дубраўскага і Сцяпанавіцкага СДК! Слухаў бы і слухаў спевы нашай «Яблынькі», «Сваіх хлопцаў і дзяўчат». Парадавалі езярышчанская «Азерыца», «Задорынкі» школы мастацтваў г. Гарадка, юная салістка з Верамееўкі Паліна Хіцёва, стары сябар калектыву з Віцебска Феафан Мятла. Усіх, хто ўплятаў сваю кветку ў вянок жывых песень-кветак у гонар юбіляраў, не пералічыць. «Сапраўдным мужчынам — сапраўдная ежа!» — з такімі словамі прыпаднеслі гарманістам свае пачастункі — грыбочкі, капусту, сала, каўбасы, рыбу — работнікі клубных устаноў раёна. У кожнай з іх мужчыны пабывалі са сваімі выступленнямі, усюды іх помняць, любяць і чакаюць.
Ад імя  раённага выканаўчага камітэта калектыў павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі (дарэчы, кожнаму з удзельнікаў ансамбля была ўручана асабістая падзяка гэтага аддзела) Наталля Гамзюк. Уручаючы яму падзяку райвыканкама, яна сказала:
— Мы, гарадакчане, ганарымся, што на нашай зямлі жыве і натхнёна працуе такі выдатны калектыў. 15 год, якія вы сёння адзначаеце, — узрост маладосці, запалу, энергіі. Няхай усе вашы задумы ўвасобяцца ў жыццё! Шчаслівага і доўгага творчага лёсу вам!
Быў і імянінны пірог са свечкамі, якія юбіляры задзьмулі адзіным агульным подыхам, і знаёмая візітоўка ансамбля, кампазіцыя «Вянок дружбы» — на развітанне, і момант, калі ўдзячная зала стоячы апладзіравала любімым выканаўцам. А наперадзе — новыя сустрэчы з імі, новыя (і старыя!) песні і найгрышы.
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *