Рукамі чапаць!

Актуальное Это интересно

  Далёка не кожнаму дадзена ўласцівасць, якой валодае жыхар в. Сячонка Мікалай Васільевіч Снегіроў — разглядаць унікальнасць рэчаў, якія ўтрымліваюць у сабе гісторыю, збіраць іх. Усе яны калісьці належылі пэўным людзям, а таму маюць дачыненне да іх лёсаў, захоўваюць іх энергетыку, але разам з тым адлюстроўваюць дух пэўнай эпохі. Так, цэлай эпохі! Гэтыя скарбы гаспадар па макулінках збіраў на працягу дзесяцігоддзяў, усе яны сталі экспанатамі яго прыватнага музея.muzey

  Хаця, па праўдзе сціплы вагончык у яблыневым садзе ля хаты музейным памяшканнем назваць можна з вялікай нацяжкай. Гаспадар не вядзе каталогаў ці картатэк на свае экспанаты — ён проста ведае іх напамяць, хаця іх не так ужо і мала. Калі б раскласці-развесіць іх, як гэта робяць у прафесійных музеях, — пад шклом, на спецыяльных стэндах — ладная плошча спатрэбілася б пад экспазіцыю.
Цікавяцца прыватным музеем Снегірова пераважна рабяты з Межанскай школы і тыя, хто прыязджае адпачываць у тутэйшых найпрыгажэйшых краявідах. Ім  Мікалай Васільевіч, як заўзяты экскурсавод, расказвае, адкуль у ягонай калекцыі з’явілася тая ці іншая рэч, яе прызначэнне. Напрыклад, малым, якія звыкла карыстаюцца калькулятарамі, незразумела, навошта былі бухгалтарскія лічыльнікі з костачкамі на прутках ці чарнільніцы-«непралівайкі», што ляжалі ў торбачках колішніх школьнікаў. Характарызуе калекцыянер і час, калі карысталіся такімі прыладамі. Яшчэ як уражваюць вялізныя ручныя пілы, якія раней былі асноўнай прыладай працы лесанарыхтоўшчыкаў!
Аб асобнай старонцы гісторыі сведчаць асколкі вайны — браня са збітага самалёта, накрыўка нямецкага агнямёта, гільзы ад гаўбіц, нямецкія і рускія каскі…
А прасы — маленькія і большыя, цяжкія, донца якіх награвалася на якой-небудзь гарачай паверхні ці ўнутр якіх насыпалі вугельчыкі — былі дапамогаю руплівым гаспадыням. З пузатых самавараў у заможных сем’ях пілі чай. Час дазнаваліся па ходзіках, а навіны слухалі па масіўных радыёпрыёмніках. Дзіўна! Забыта, а як цікава!
— Збіральніцтвам я «захварэў» прыкладна напрыканцы 70-х, — расказвае Мікалай Васільевіч, былы настаўнік Межанскай школы. — Магчыма, экспанаты майго музея не надта каштоўныя, сапраўдныя калекцыянеры ганяюцца за большымі эксклюзівамі, а мне даўніна проста цікавая. Ведаючы пра маё захапленне, сябры і суседзі імкнуцца папоўніць мой музей, дораць тое, што, на іх погляд, можа ўяўляць інтарэс. Бывае, іншыя калекцыянеры даведваюцца, што ў маім архіве ёсць цікавыя для іх рэчы — просяць падзяліцца.
Пераважная большасць снегіроўскіх экспанатаў адносіцца да савецкай эпохі. Але ёсць і выключэнні, напрыклад, самы старадаўні прадмет — каменная сякера, выпадкова знойдзеная на сваёй жа сядзібе. У спадчыну дасталіся прадметы рэлігійнага культу: іконы, дарэвалюцыйныя малітоўнікі — калісьці ў тутэйшай мясцовасці быў латышскі касцёл…
Любоўна захоўвае М.В. Снегіроў рэчы, асабліва дарагія яго сэрцу: фотаапарат «Фотакар-1», што калісьці належыў ягонаму бацьку Васілю Якаўлевічу, які працаваў у Межанскім клубе. Ці вось альт, на якім іграў яго цесць Уладзімір Максімавіч, ваенны музыкант, які ў вайну быў сынам палка.
Дзіўнае ўражанне ад наведвання самадзейнага музея канчаткова замацавалася, калі, пакруціўшы ручку патэфона (на здымку),  Мікалай Васільевіч даў карэспандэнту паслухаць карнавальную песню «Мама, йо керо» на партугальскай мове. Хрыплавата, але з запалам мужчынскі голас спяваў пра нешта даўняе, але, здавалася, вечнае, клікаў у вір танца, які, магчыма, танцавалі на самых модных вечарынках — як у кіно!
Асаблівасцю гэтага сховішча цікавых прадметаў з’яўляецца тое, што да ўсіх іх гаспадар музея дазваляе дакранацца. З задавальненнем такой магчымасцю карыстаюцца дзеці. На музычных інструментах можна паіграць, швачную машынку — пакруціць, савецкія дакументы ці кнігі — пагартаць, на бязмене — узважыць. Таму наведаць гэты маленькі вагончык з багатым начыннем цікава ўдвая. Снегіроў не супраць — дабірайцеся!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *