У Гарадоцкім музеі адкрылася новая выстава

Актуальное Культура

  Сучасная вышыўка ў выкананні шасці гарадоцкіх майстрых стала прадметам выставы, што 16 снежня адкрылася ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі. Як адзначыла яго дырэктар Т.М. Іванова, музейныя работнікі ставілі за мэту паказаць, як трансфармаваўся гэты від рукадзелля, на працягу стагоддзяў пераўтвараючыся ў від мастацтва. Сёння гэта пацвярджаюць прадстаўленыя вышытыя крыжыкам карціны, якія першапачаткова можна прыняць за жывапісныя палотны.vystavka

  Частка выставы — экспанаты з музейных фондаў, прадметы побыту, аздобленыя вышыўкай, якія адносяцца прыкладна да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Акрамя таго, што яны маюць практычнае значэнне, яны сведчаць, што жаночая душа (а вышыўка — справа жаночая, за рэдкім выключэннем) прагне прыгажосці, а рукі ўмеюць гэтую прыгажосць увасабляць.
Аб гэтым гавораць і стылізаваныя пад даўніну ільняныя жаночыя сукенкі, прадстаўленыя для агляду Гарадоцкім Домам рамёствам і фальклору — таксама вышываныя арнаментамі, скалькаванымі з рушнікоў і іншых вырабаў, знойдзеных у куфэрках у нашай мясцовасці.vystavka 1
— У нас ёсць шчаслівая магчымасць убачыць надзвычайныя работы ў тэхніцы вышыўкі, — сказала на адкрыцці выставы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.У. Каўрыга. — А гэта толькі частка таго, што ўдалося выявіць у Гарадку, багатым на таленты, каб вынесці на агульны агляд. Выдатна, што залатыя рукі вышывальшчыц, чые работы і складаюць выставу, дастаюць з занядбання такое прыгожае майстэрства.
Аўтары вышытых карцін — Кацярына Анатольеўна Банадысева, Валянціна Мікалаеўна Турчанок, Людміла Аляксандраўна Сівакова, Таццяна Рыгораўна Ляшчова, Тамара Аляксандраўна Бондар (на здымку), Любоў Іванаўна Галавырцава. Усе яны, за выключэннем Л.І. Галавырцавай, прысутнічалі на адкрыцці выставы асабіста, расказвалі пра свае шляхі да адмысловага хобі, пра тых, хто далучыў іх да яго, жартавалі. Здавалася б, вышыванне крыжыкам — занятак немудрагелісты, тэхніка яго выканання агульнавядомая, адпаведна і карціны ў майстрых павінны атрымлівацца аднолькавыя. Але гэта зусім не так! Почырк вышывальшчыц адрозніваецца так жа, як напісаныя літары ва ўсіх людзей. Адной падабаюцца сакавітыя фарбы, іншай — буйныя шыўкі, адной — пастэльныя паўтоны, іншай — рэпрадукцыі карцін знакамітых мастакоў, адной — партрэты людзей, іншай — анімалістыка… І ўсё гэтае багацце вобразаў дапоўнена душэўнай цеплынёй, добрай энергетыкай жанчын, якія ўмеюць ствараць прыгожае. Прыходзьце ў музей, каб падзівіцца, што можна зрабіць нястомнымі рукамі з дапамогай звычайнай іголкі, нітак і канвы — выстава будзе працаваць на працягу двух бліжэйшых месяцаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: карціна «Леапард» — адна з работ В.М. Турчанок.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *