У госці да Таццяны Усціновіч

Актуальное

  Спецыяліст Гарадоцкай ЦРБ Таццяна Усціновіч (на здымку) яшчэ выдатна памятае, як гэта — быць студэнтам: не так даўно сама грызла граніт навукі ў навучальных аўдыторыях ВДМУ. Напярэдадні Таццянінага дня, ці Дня студэнтаў, мы зазірнулі ў кабінет лекара-тэрапеўта раённай бальніцы, пацікавіліся, як жывецца-працуецца маладому медыку, што ў 2014 годзе прыехала на Гарадоччыну па размеркаванні.ustinovich

  Калі верыць гараскопам, уладальніца гучнага, высакароднага імя Таццяна — чалавек цвёрдых поглядаў, але адначасова той, які імкнецца зразумець навакольных людзей, увайсці ў іх становішча… І гераіня нашай замалёўкі сапраўды такая. Ну, не можа яна і пасля заканчэння працоўнага дня проста ўзяць і закрыць вочы на свае прафесійныя абавязкі. Заўсёды гатовая аказаць дапамогу пацыентам, нават калі гэта не ўпісваецца ў працоўныя гадзіны. Між тым, дзяўчына прызналася, што не мроіла — з дзяцінства, як гэта бывае, — стаць лекарам. Больш за тое, скончыла мастацкую школу і думала абраць прафесію дызайнера. Але лёс распарадзіўся па-свойму, і вось — яна падае дакументы ў Віцебскі медуніверсітэт, потым шчыра радуецца, што залічана, яшчэ пазней — трымае ў руках такі чаканы дыплом урача.
— Праца медыка заўсёды запатрабаваная, бо здароўе — гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Нездарма кажуць: будзе здароўе — астатняе прыкладзецца, — разважае Таццяна. І зазначае, што ёй хацелася б мець больш вольнага часу і на творчасць, якой так прагне душа. Але пакуль графік маладога медыка распісаны па хвілінах.
— Вось выйду на заслужаны адпачынак, тады і буду пісаць карціны, — смяецца суразмоўца, толькі, здаецца, перабольшвае: аперыцца, з дапамогай старэйшых калег надзейна і ўпэўнена пойдзе па прафесійнаму шляху, і знойдзецца ўсё, тым больш час для любімага хобі.
Цікава, што першапачаткова Т. Усціновіч чакаў беларускі Нафтаград, гэта значыць Наваполацк. Але на канчатковым размеркаванні было вырашана: Таня паедзе ў Гарадок.
— Ведаеце, гэтаму факту я нават узрадавалася. Да абласнога цэнтра бліжэй, ды і сам Гарадок мне падабаецца, — дзеліцца дзяўчына. — Калектыў райбальніцы сустрэў мяне добразычліва. Асаблівая падзяка — загадчыцы тэрапеўтычным аддзяленнем, дасведчанаму медыку і цудоўнаму чалавеку Е.І. Гулевіч, якая заўсёды дапаможа па-сапраўднаму слушнымі парадамі.
Таццяна шчыра любіць сваю працу, а да людзей  у першую чаргу імкнецца знайсці псіхалагічны падыход. Ад даверу да правільнага анамнеза — адзін крок. Таму  не дзіва, што пацыентам падабаецца маладая лекарка. Дробязь, а зазначым, што яшчэ яе па-добраму вылучаюць за каліграфічны почырк. І медсёстры, і фармацэўты, якім даводзіцца чытаць выпісаныя ёй рэцэпты, могуць сказаць дзякуй маці Тані — школьнай настаўніцы, якая з дзяцінства растлумачыла дачцэ, як важна пісаць прыгожа і разборліва.
Ганна НАВУМАВА.
Анастасія БЯРОЗА.
Фота Анастасіі БЯРОЗА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *