Самый молодой полный Георгиевский кавалер

Актуальное Это интересно

  Першая сусветная вайна, ці Вялікая, як яе называлі на пачатку ХХ стагоддзя, мала захавалася ў памяці народа. Яе кроў і боль перакрылі падзеі, якія былі пазней — грамадзянская вайна, калектывізацыя, індустрыялізацыя і, канешне, Вялікая Айчынная вайна. Ды і часу мінула больш за сто гадоў. Змянілася некалькі пакаленняў. Аднак забывацца пра яе не трэба. kavaler
На тэрыторыі Гарадоччыны баявыя дзеянні не вяліся, але шмат яе сыноў, прызваных у войска, загінулі на франтах Першай сусветнай. Мы амаль не ведаем імёнаў тых, хто змагаліся больш за 100 гадоў таму на Першай імперыялістычнай, як у савецкія часы называлі гэту вайну. Але пасля доўгіх пошукаў удалося вызначыць імя і лёс аднаго з яе ўдзельнікаў, якія паходзілі з Гарадоччыны. Чалавека, які стаў самым маладым поўным Георгіеўскім кавалерам. Гэта Іван Арэфьевіч Вашчыла.
Нарадзіўся ён 27 сакавіка 1899 г. на хутары Вашчылы каля в. Дарахі Дубакрайскай воласці Гарадоцкага павета. З пачаткам вайны Іван, як і некаторыя іншыя хлопцы, паспрабаваў збегчы на фронт. Некалькі спробаў былі няўдалымі, але ў 1915 г. ён стаў сынам 50-га Сібірскага стралковага палка. У складзе гэтай часці ён правёў амаль усю вайну, спачатку на тэрыторыі Польшчы, з верасня 1915 г. ваяваў у Рыжскім умацаваным раёне і са жніўня 1916 г. — у Галіцыі.
За выключную мужнасць у баях пад Варшавай І.А. Вашчыла быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам IV ступені. За баі ў Балімаўскім лесе атрымаў крыж III ступені. За храбрасць пры ўзяцці форта «Слава» на рацэ Сан, І.А. Вашчыла быў прадстаўлены да ўзнагароджання Георгіеўскім крыжам II-й ступені. Аднак 26 жніўня 1915 г. па Высачайшым павяленні імператара ён, мінуўшы II-ю ступень, быў адразу ўзнагароджаны крыжам І ступені. Такім чынам, у 16 гадоў Вашчыла стаў поўным Георгіеўскім кавалерам.
У адпаведнасці са статутам Георгіеўскай узнагароды, поўны кавалер мог стаць афіцэрам. У маі 1916 г. Іван Вашчыла скончыў 1-ю Пецергофскую школу прапаршчыкаў і атрымаў першае афіцэрскае званне. Да лістапада 1917 г. працягваў служыць на фронце начальнікам каманды разведчыкаў свайго палка. За час службы быў чатыры разы паранены і два разы кантужаны.
Пасля заключэння міру з Германіяй І. Вашчыла вярнуўся дадому. Па асабістых перакананнях не прыняў мерапрыемстваў бальшавікоў, вырашыў выехаць у Францыю, дзе намерваўся працягваць змагацца з немцамі. Але ў 1918 г. у  Сібіры, дзе аказаўся на шляху на фронт, І. Вашчыла быў мабілізаваны ў армію адмірала А.В. Калчака і стаў ваяваць на баку «белых».
Па заканчэнні вайны І. Вашчыла эмігрыраваў у Кітай. Там ажаніўся, нарадзілася дачка. Але доўга працаваць мірна не прыйшлося. У Кітаі пачалася грамадзянская вайна. І. Вашчыла сфарміраваў лётную часць з былых лётчыкаў белагвардзейскіх войскаў і ваяваў на баку кітайскага маршала Чжан Цзун-чана ў Цінаньфу (1926-1928 гг.). Даслужыўся да звання падпалкоўніка. Меў магчымасць стаць палкоўнікам, аднак не пагадзіўся, бо ўмовай для гэтага з’яўлялася прыняцце кітайскага падданства.
У 30-я гады ён служыў у паліцыі марыянетачнай дзяржавы Маньчжоў-Го, створанай у Манчжурыі японцамі. Пасля вызвалення Манчжурыі савецкімі войскамі ў 1945 г. І. Вашчыла быў арыштаваны органамі СМЕРШ і асуджаны на 11 гадоў, якія адбыў у ГУЛАГу. Пасля вызвалення ўвесь час хацеў вярнуцца на радзіму, Гарадоччыну, аднак у выніку таго, што меў абмежаванне на пражыванне ў Еўрапейскай частцы СССР, жыў у г. Курган РСФСР.
Штогод летам І.А. Вашчыла прыязджаў на малую радзіму. Даследваў тэрыторыю Руднянскага сельскага савета. Прыцягнуў увагу археолагаў да выяўленых ім археалагічных аб’ектаў: курганоў, гарадзішчаў. Адкрыў у 1968 г. і ўвёў у навуковы зварот курганныя могільнікі каля в. Дарахі, у 1975 г. — неалітычныя стаянкі на воз. Сенніца. Перапісваўся і меў стасункі з вядомымі археолагамі і даследчыкамі.
Імя выдатнага ўраджэнца Гарадоцкай зямлі, самага маладога поўнага Георгіеўскага кавалера, аднаго з першых лётчыкаў Расіі павінна быць вядомым і захавацца ў памяці нашчадкаў.
Вячаслаў Бачынскі,
Мікалай Півавар,
адпаведна віцэ-кадэт і выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *