Городокская девятиклассница Юлия Толкачёва показала лучший в республике результат на олимпиаде по биологии

Актуальное Образование

  Вучаніца 9 «В» класа СШ № 1 г. Гарадка Юлія Талкачова заняла 1-е месца ў  рэспубліканскім туры прадметнай алімпіяды па біялогіі. Паспяховае выступленне дзяўчыны ў Мінску 24 сакавіка супала з днём яе 15-годдзя — двайная нагода павіншаваць разумніцу і прыгажуню. Яна стала ўладальніцай дыплома 1-й ступені, да таго ж набрала найбольшую суму балаў сярод 30 сапернікаў-равеснікаў, навучэнцаў абласных і сталічных гімназій, ліцэеў, школ — вынік болей чым выдатны.Tolkacheva

  — З Юляй надзвычай лёгка працаваць, — хваліць вучаніцу яе настаўніца Наталля Аляксандраўна Грыбалёва. — Яна надзвычай мэтанакіраваная, гіперадказная, працалюбівая. Прычым, не толькі ў вывучэнні майго прадмета, біялогіі.  Любіць матэматыку, у чвэрці ў яе наогул усяго адна «дзевятка», астатнія — «дзесяткі». Да таго ж, яна атрымала другі дарослы разрад па скачках у вышыню (пры росце крыху болей за 160 см скарыла планку ў 150 см) і першы — па бегу на кароткія дыстанцыі (60 м прабегла за 8 секунд). Яна паспявае быць гаспадынькай і рукадзельніцай: любіць гатаваць, робіць прыгожыя торты з мастыкі і арыгінальныя нацюрморты з каляровай гліны.
Захапленне Юліі біялогіяй падзяляюць і іншыя яе аднакласніцы. Дзяўчаты з радасцю бавяць час у наваколлі Гарадка, знаёмячыся з флорай і фаўнай, вядуць макравідэаздымкі, разбіраюць па формулах расліны, робяць іх дыяграмы, «на раз» высвятляюць іх прыналежнасць да класаў, могуць даказаць, што тыя ці іншыя — ядавітыя… Іх перакананні аб тым, што ў прыродзе ўсё заканамерна і гарманічна, яны набылі не на павер напісанаму ў падручніках — пераканаліся паводле ўласных назіранняў і высноў.
Каб стаць лепшай у рэспубліцы, Юлі было надта мала ведаў, што прапануе школьная праграма. Вывучала заалогію, батаніку па падручніках сучасных ВНУ, анатомію — нават медыцынскіх, шукала матэрыялы ў інтэрнэце. Многія тэрміны трэба было ведаць на латыні (дарэчы, адзін бал быў неданалічаны ёй за арфаграфічную памылку, дапушчаную ў напісанні слова на гэтай мове — строга пыталіся). Тое, што «пілідый — лічынка німярцінаў» і іншыя падобныя фармуліроўкі недасведчанаму чалавеку здаюцца тарабарскім пісьмом, а Юля смяецца:
— Што вы! Гэта не складана, а цікава! Тым болей, што маё захапленне падзяляюць сяброўкі, надзвычайную падтрымку я заўжды адчуваю з боку маіх бацькоў, Наталлі Вячаславаўны (працуе эканамістам, — аўт.) і Віталя Іванавіча (працуе праграмістам, — аўт.). З настаўніцай біялогіі Наталляй Аляксандраўнай мы аднолькава захопленыя любімым прадметам. Яна не лічыцца з асабістым часам, каб патлумачыць, дапамагчы, разам знайсці адказы на пытанні. Калі на абласной алімпіядзе я заняла 1-е месца і стала рыхтавацца да ўдзелу ў наступным туры, адміністрацыя школы дазволіла мне вольнае наведванне ўрокаў, каб я магла больш часу выдаткаваць на паглыбленне адпаведных ведаў. Усе дапамагалі.
У бліжэйшых планах пераможцы рэспубліканскай алімпіяды — годна здаць экзамены за курс базавай школы. Здаецца, сціплыя намеры для такой здольнай дзяўчыны, але за імі стаіць яе пазіцыя сур’ёзнага, амаль дарослага чалавека. Школьніцы, якая парадавала сваім поспехам і блізкіх, і ўсіх, хто вучыцца і працуе ў адукацыйнай сістэме раёна.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Ю. Талкачова і Н.А. Грыбалёва.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *