Персональная выставка городокчанки Е.Ф. Демьяненко «Талант щедрой души»

Актуальное Культура Штрихи к портрету Это интересно

  Персанальнай выставы «Талент шчодрай душы», што 19 лютага адкрылася ў выставачнай зале Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору ў КАЦ «Гарадок» гарадоцкая майстрыха Я.Ф. Дзям’яненка (на здымках) удастоена невыпадкова. Больш як палову жыцця рукі гэтай дзівоснай жанчыны, якая днямі адзначыла 80-гадовы юбілей, не стамляюцца ствараць прыгажосць. Яна дасканала валодае многімі тэхнікамі рукадзелля — вышыўкамі крыжыкам, гладдзю, бісерам, рышэлье, мярэжкай, па сетцы, вязаннем кручком, ткацтвам дываноў, вырабам саламяных «павукоў»… Прыходзьце падзівіцца!demyanenko

  Яўгенія Фёдараўна — ганаровы член народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў мясцовага Дома рамёстваў і фальклору «Вытокі», у 1987 г. дэманстравала сваё майстэрства на Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, удзельнічала ў Міжнароднай выставе «Еўрапейская пляцоўка народных рамёстваў» у Братыславе ў 1996 г., мае мноства грамат раённага і абласнога ўзроўняў як самабытны майстар, пераможца конкурсаў, стваральнік аўтарскіх калекцый.
— Люблю бываць на «Славянскім базары ў Віцебску», — зазначае жанчына. — Ёсць чым залюбавацца, а галоўнае — закупляю сабе матэрыялы для стварэння новых работ.
Дарэчы, нітак і бісеру — яркіх, рознакаляровых, усіх адценняў — у яе столькі, што пазайздросціў бы не адзін профільны магазінчык. І планаў, што яшчэ вышыць-звязаць — не менш.
Яе працоўнае месца, маленькі столік ля невялічкага акенца звычайнай хаты, абрамленага фіранкамі, на бялюткім фоне якіх буяюць вышытыя кветкі, сціплае, але такое ўтульнае. Тут сканцэнтравана добрая творчая энергія адмысловай майстрыхі, ад шчодрасці душы якой і нараджаюцца рукатворныя шэдэўры.
— Займацца рукадзеллем я стала адразу ж пасля вайны, — распавядае Яўгенія Фёдараўна. — Жылі мы тады ў Віраўлі, і маёй настаўніцай была мама, Еўфрасіння Восіпаўна Мітрафанава. Яна ўсё ўмела. Памятаю, як ткала ільняныя палотны, адбельвала іх альбо фарбавала альховай карой у бардовы колер, сама шыла вопратку і аздабляла яе вышыўкай. Маміна покрыва захоўваецца ў раённым музеі, як і мой адзін з першых рушнікоў.demyanenko-1
Вышываць Я.Ф. Дзям’яненка прынадзілася пазней, калі ў продажы сталі з’яўляцца рознакаляровыя ніткі. Менавіта вышыўка крыжыкам стала яе захапленнем на ўсё жыццё, а можа, і самім жыццём.
— Калі што чалавеку не ляжа на сэрца, ён тое рабіць не будзе, — дзеліцца назіраннямі майстрыха. — Напрыклад, хоць і прыгожыя вырабы, плеценыя з бісера, а мне займацца гэтым не хочацца, больш люблю вышываць ім. Звычайна заседжваюся за работай далёка за поўнач. Вось зірнула на адкрыцці выставы: мая звязаная кручком ваза пустая — непарадак. Я гэта паправіла, да дзвюх гадзін ночы звязаўшы і кветкі ў яе. Работа павінна быць аформленай, тады яе можна лічыць скончанай. Усе рамкі для маіх вышытых ікон і карцін выразаў з дрэва Сяргей Анатольевіч Булахаў — дзякуй яму.
Яўгенія Фёдараўна справядліва перакананая, што вырабы ручной работы ніколі з моды не выходзілі і са сваіх часоў не выбіваліся. Проста сучасныя жанчыны шкадуюць столькі часу аддаваць рукадзеллю, лянуюцца. Між тым, маглі б у спадчыну дзецям і ўнукам перадаць занітаваныя ў вышытых-вывязаных вырабах таямніцы сваіх прыгожых душ.
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *