В Долгопольской школе работает объединение «Крылатый дозор»

Актуальное Образование Это интересно

  Аб’яднанне пад прыгожай назвай — «Крылаты дазор» на працягу некалькіх апошніх гадоў працуе ў Даўгапольскай д/с-СШ. Пазакласная работа з цікавым зместам — назіраннем за жыццём птушак пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Я.Ч. Каукенавай — аб’яднала 12 аматараў жывой прыроды, вучняў 5-11 класаў.dozor

  Удзельнікі «Крылатага дазору» ўваходзяць у грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якое ставіць за мэту захаванне біялагічнай разнастайнасці, заахвочвае насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. У школу пастаянна дасылаюцца газеты «АПБ», часопіс «Птушкі і мы» і іншыя матэрыялы.
— Прырода любіць цішыню, — расказвае Ядвіга Чаславаўна. — Таму назіраць за птушкамі ў наваколлі мы ідзём ціхенька, без тлуму і гучных размоў. Важна не спалохаць пярнатых, назіраючы за імі, замерці, каб яны паводзілі сябе натуральна, займаючыся сваімі птушынымі клопатамі.dozor-1
Асабліва падабаецца школьнікам выкарыстоўваць у сваіх падгляданнях такія прылады як біноклі і падзорная труба, а яны ёсць на іх узбраенні. Праз павелічальнае шкло нават са значнай адлегласці ў падрабязнасцях можна разгледзець апярэнне, вочкі-пацеркі, манеры руху і зносін птушак з субратамі… Захоплівае на гадзіны.
У першую суботу кастрычніка дзеці праводзяць асеннія дні назіранняў, у студзені — зімовыя ўлікі птушак, асабліва вадаплаўных. Сёння, 22 сакавіка, адзначаюцца Саракі. Меркавалася, што менавіта ў дзень вясенняга раўнадзенства вясна паволі ўступае ў свае правы, і дадому вяртаюцца 40 выраяў. Хаця зіма пакуль не саступае, не за гарамі для даўгапольскіх школьнікаў назіранні «Жывая вясна» і «Салаўіныя ночы». Улетку з аднадумцамі з Шумілінскага ЦДзіМ і Суравенскай школы суседняга раёна «Крылаты дазор» мае намер узнавіць назіранне за птушкамі на рэках, наведаць летні профільны лагер у Обальскай СШ, у якім яны сустрэнуцца са сталічнымі навукоўцамі.
Дарэчы, бываючы на рэчках Чарнаўка і Обаль, рабяты праводзілі біяіндэкацыю вады ў іх і высветлілі, што рэкі чыстыя. На жаль, гэтага нельга сказаць пра абследаваныя імі калодзежы: нітрытнасць вады ў іх крытычная ці вышэй за норму. Гэта гаворыць пра забруджанасць глебы нітратамі.
— 1 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень птушак, — працягвае Я.Ч. Каукенава. — Да гэтай даты мы прымяркоўваем правядзенне тыдня птушак. Да мерапрыемстваў далучаецца ўся школа: дзеці рыхтуюць прэзентацыі, цікавыя паведамленні, нават разыгрываюць казкі. Абавязкова далучаемся да акцый Гарадоцкага ЦДзіМ «Птушкаград» (ладзім шпакоўні з лютага па сакавік) і «Дапамажы пярнатаму сябру» (падкормліваем птушак праз кармушкі з кастрычніка па сакавік).
Асабліва вылучылася сёлета, дапамагаючы птушцы, дзесяцікласніца Оля Хахлова (на здымку). На яе вочы трапіўся паранены голуб, якога дзяўчынка падабрала і прынесла дадому, каб вылячыць. У Валеры — такое яму далі імя — аднавілася пер’е, ён паправіўся, і хутка будзе выпушчаны на волю. Дарэчы, раней «раёнка» пісала пра даўгапольскую школьніцу Юлю Кірылаву, якая ўратавала маладога бусла.
— Прыемна, што нашы дзеці хочуць бачыць і бачаць сваіх суседзяў-птушак, з нецярпеннем чакаюць першых гракоў, тады — жаўрукоў, буслоў, ластавак, — усміхаецца Ядвіга Чаславаўна. — Ці то мы сталі больш уважлівыя да птушак, ці сапраўды ў апошнія гады іх колькасць павялічылася, але «дазораўцы» адзначаюць, што побач з чалавечым кіпіць птушынае жыццё. І такое суіснаванне робіць свет больш утульным і гарманічным.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымку: вядзе назіранні «Крылаты дазор».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *