В Киселях провели обряд «Пахаванне дзеда»

Актуальное Культура Это интересно

  Першы дзень Масленічнага тыдня, які сёлета прыпадаў на панядзелак, 7 сакавіка, на Гарадоччыне традыцыйна вызначаецца правядзеннем незвычайнага абраду, што захаваўся ў вёсках Даўгапольскага сельсавета — «Пахаванне дзеда». Гэты абрад уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей як аб’ект нематэрыяльнай спадчыны. Арганізатары мерапрыемства — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці раёна — запрасілі стаць сведкамі правядзення абраду сталічных журналістаў, у прыватнасці, карэспандэнтаў газеты «Звязда» і Беларускага тэлеграфнага агенцтва.obryd

  Недасведчанаму гледачу гэта забава для дарослых можа падацца вельмі неадназначнай: усё ж хаўтуры. Адпаведна яго ўдзельнікі прытрымліваюцца пэўных рытуалаў. На куце ляжыць чучала дзеда, накрытае белай прасціной, толькі нос ды кудлатая барада тырчаць угору. Суседзі, што ціхенька заходзяць у хату, перашэптваюцца і высвятляюць «абставіны смерці». Яны заўсёды адны і тыя ж: дзед, парушыўшы забарону не ўжываць на сырнай сядзміцы мяса, «касцёй падавіўся», не дажыўшы ўсяго месяца да свайго стагоддзя.
Ля нябожчыка лямантуе ягоная «ўдавіца» (яе ролю выканала гасцінная гаспадыня хаты, дзе праходзіў абрад, Надзея Васільеўна Красніцкая), спачатку ўспамінаючы мужаву дабрадзейнасць, рахманы характар, працавітыя ручкі, якія цяпер складзены на грудзях… Да яе далучаюцца і іншыя жанчыны, ды раптам высвятляецца, што і яны не горш за жонку дасведчаныя пра дзедавы інтымныя здольнасці. Так, былі ў яго і заганы: выпіць любіў, пагуляць, па бабах шастаў. Парушаецца спрадвечнае правіла сапраўдных галашэнняў: «пра нябожчыка альбо добра, альбо нічога». Успаміны пра Цімафея Васільевіча (дарэчы, зваць нябожчыка могуць і інакш, а імя па бацьку наўмысна мяняюць не аднойчы) становяцца ўсё больш смешнымі, жарты — салёнымі, а калі ў дзедавых штанах заўважаецца варушэнне, ніякаватасць змяняецца разуменнем: усё, што адбываецца, — проста гульня. Да яе далучаюцца пераапранутыя «доктар», «поп» з кадзілам. Дзед не ўстае — і ягоны шлях уперад нагамі ляжыць на «клады»: удзельнікі абраду закідваюць чучала снегам і вяртаюцца да багата накрытага ў складчыну памінальнымі і масленічнымі стравамі «жалобнага» стала (на здымку). Першую чарку выпіваюць моўчкі, паступова бяседа ажывае, прыбраныя ў квяцістыя хусткі і зусім не ў чорныя вопраткі жанчыны гавораць пра надзённыя справы, кпяць адна з адной, а тады — спяваюць і нават танцуюць пад звонкі гармонік.
Даўней такое застолле, па ўспамінах старажылаў Даўгаполля, Філімонава, Кісялёў, Кашо, Маскалянятаў, Янова магло доўжыцца ноч напралёт. Відаць, ва ўяўленнях нашых продкаў дзед увасабляў усё старое, заганнае, ад чаго трэба пазбавіцца падчас наступаючага Вялікага посту. Весялосцю, дазволенай на Масленічным тыдні, яны змагаліся са страхам перад смерцю, жадаючы паўней пражыць зямное існаванне.
Саша СЯМЁНАВА. Фота БелТА.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *