Замечательные булочки пекут в столовой Городокского ГАТК

Актуальное

  Повара-кандытара сталовай ГДАТК Вольгу Лабоўка (на здымку) калегі і жартам, і ўсур’ёз называюць мучной феяй. Такую вобразную характарыстыку яна заслужыла за ўменне адмыслова працаваць з цестам і пячы найсмачнейшыя булачкі. Найменняў іх — дзесяткі, а штодзённая колькасць — сотні. Атрымліваць асалоду ад іх водару і смаку могуць не толькі навучэнцы каледжа, купляючы свежую выпечку ў буфеце ці сталоўцы каледжа, але і гарадакчане. З нядаўняга часу наладжаны выязны гандаль здобнымі булачнымі вырабамі на вул. Баграмяна, у планах — гандляваць у выхадны дзень на гарадскім рынку.bulki

  Булачкі, што вырабляюць майстры-пекары каледжа, здаўна карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў, бо заўсёды — бездакорнай формы, прыемнага залацістага колеру, мякенькія, духмяныя, але найперш ці з-за ўсяго разам узятага — смачныя.
— Няма ў мяне ніякіх сакрэтаў і таямніц, — усміхаецца Вольга. — Усе рэцэпты даўно запісаны ў зборніках, што повары маюць у агульным карыстанні. А печыва ва ўсіх атрымліваецца рознае. І мяне, і цяперашнюю загадчыцу сталовай Ірыну Федарэнка дзесятак гадоў таму азам працы з цестам навучыла былая загадчыца, В.А. Ціханава. Менавіта яна тлумачыла, як адчуваць рукамі, як яно дыхае, жыве, становіцца паслухмяным і любіць душой.
Гучыць настолькі паэтычна, што здаецца, што Вольга і яе калегі валодаюць нейкімі сакрэтамі чараўніцтва. Тым болей, што работа з цестам вядзецца таямнічым часам, уначы. Так, на рабочае месца повар-кандытар прыходзіць у дзве гадзіны ночы, каб, не прысеўшы ні на хвілінку, паставіць апару, расчыніць цеста, сфармаваць булачкі, дагледзець, як яны выпякаюцца, і ўжо а дзевятай гадзіне раніцы адправіць смакату да спажыўцоў.
Штодня Вольга з памочнікамі пякуць ад 800 разнастайных булачак, смажняў, беляшоў, піражкоў з розным начыннем. Большы попыт на іх — падчас правядзення святаў, таму і 1200 мучных вырабаў гатуюцца ў старэнькіх пякарскіх шафах. Больш не дазваляюць магутнасці, а пакупнікі, якім не хапіла «каледжаўскіх» булак, расчаравана ўздыхаюць: «Мала прывезлі». Печыва — не такі ўжо дарагі прадукт, і яго рэалізацыя не прыносіць вялікіх выгод, але ўсё ж дае дадатковы тавараабарот, пэўную капейчыну на спецыяльны рахунак навучальнай установы — для будучага развіцця.
— Я люблю сваю работу, люблю менавіта пячы, — прызнаецца повар-кандытар. — На іншым месцы, нават на іншым участку ў той жа сталовай сябе не ўяўляю. Нашы пакупнікі могуць быць упэўненыя, што ў нашых булачках — мука вышэйшага гатунку, усе інгрэдыенты якасныя, свежыя. Заробленае прызнанне трэба апраўдваць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *