На сцэне Гарадоцкага ГДК прайшоў сёмы раённы фестываль-конкурс «Ззяй, зорачка!»

Актуальное Конкурсы Культура

  На працягу трох гадзін гледачы сёмага раённага фестывалю-конкурсу «Ззяй, зорачка!», што ў суботу, 16 красавіка, адбыўся на сцэне Гарадоцкага ГДК, атрымлівалі непадробнае задавальненне. Найлепшае, што ёсць на Гарадоччыне, — яе таленавітыя дзеці, яе будучыня — трымалі творчую справаздачу аб тым, чаму паспелі навучыцца ў самадзейных калектывах устаноў адукацыі і культуры за чарговы год. Больш за 150 дзяцей прадэманстравалі, што не проста развіваюць у гуртках і студыях свае здольнасці, але з карысцю бавяць вольны час, выхоўваюцца на лепшых узорах твораў народных, беларускіх і іншых аўтараў, ствараюць уласныя адметныя работы.zvezdochka

  У фае размясціліся конкурсныя работы, прадстаўленыя ў намінацыях «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» і «Выяўленчае мастацтва». Пераможцамі ў першай з іх сталі: Вольга Гарунова з Пальмінскага СДК, на 2-м месцы апынулася Алена Аляксеева, што займаецца ў Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, 3-е падзялілі Маргарыта Бодрая з Пальмінскай СШ і Аксана Бабарыка з Дома рамёстваў і фальклору. У другой намінацыі лепшымі прызнаны работы навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў г. Гарадка: 1-е месца заняла Вікторыя Ізотава, 2-е падзялілі Іван Касянок і Вікторыя Грыгараш, на 3-м — Лізавета Малахава.
Ці не ў самай складанай намінацыі, «Ансамблі», перамог ансамбль цымбалістаў ДШМ г. Гарадка пад кіраўніцтвам Маргарыты Сахвановіч, на 2-м месцы — інструментальная група ансамбля «Задзірынкі» гэтай жа ўстановы (кіраўнік Валянціна Пракоф’ева), на 3-м — ансамбль народных інструментаў Езярышчанскага філіяла ДШМ (Жанна Комава).
У намінацыі «Інструментальны жанр» змагаліся выхаванцы ДШМ г. Гарадка. 1-е месца падзялілі Анастасія Даўялава (саксафон) і Ксенія Бастава (фартэпіяна), 2-е заняў Антон Брунер (цымбалы), 3-е — Дар’я Пісьменная.zvezdochka 1
У намінацыі «Сучасны танец» быў прадстаўлены адзін танец, «Хатынь» (на здымку), у выкананні выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення Пальмінскага філіяла ДШМ г. Гарадка пад кіраўніцтвам Таццяны Осіпавай. Рабяты, адзначаныя ў гэтай намінацыі, занялі 1-е месца і ў наступнай намінацыі — «Эстрадны танец» з кампазіцыяй «Недзіцячы час». 2-е месца падзялілі калектыў «Феерыя» Гарадоцкага ЦДіМ (кіраўнік Лілія Антаненка) з танцам «Амазонкі» і калектыў ДШМ пад кіраўніцтвам Наталлі Тарасавай з танцам «Рускі народны». На 3-м месцы аказаліся таксама «Феерыя» з танцам «Французскі шарм» і калектыў ДШМ з танцам «Матрошкі» (Таццяна Осіпава).
У намінацыі «Народны танец» перамог танцавальны калектыў Бычыхінскага СДК (Наталля Падліпская) з танцам «Лявоніха», на 2-й пазіцыі ўтрымаўся зноў жа калектыў Пальмінскага філіяла ДШМ з танцам «Валёнкі», на 3-й, «выкінуўшы» сем каленаў «Ленцяя», аказаўся дзіцячы фальклорны калектыў Езярышчанскага ГПДК (Таццяна Лаўрэнава).
Падобныя на лялек, якія ажылі, удзельнікі групы «Бэбі-дэнс» студыі бальнага танца «Гармонія» Гарадоцкага ГДК (Таццяна Сіманковіч) былі адзінымі прадстаўнікамі ў намінацыі «Бальныя танцы» і таксама адзначаны дыпломам.zvezdochka 2
Сярод вакальных груп лепшымі названы «Вясёлка» ГДК (Ірына Пракапенка) і «Вясна» ЦДіМ (Лілія Сцяпанава). На наступнай прыступцы спынілася група «Кактэйль» ГДК (Ірына Пракапенка), на трэцяй — вакальная група ЦДіМ пад кіраўніцтвам Ліліі Сцяпанавай. У гэтых жа выкладчыкаў займаюцца і тыя дзяўчаты, якія названы лепшымі салісткамі. На 1-м месцы — Соф’я Юрчыкава (ГДК) і Аксана Цімафеева (ЦДіМ), на 2-м — Анастасія Гамзюк (ГДК) і Анастасія Шостак (ЦДіМ), на 3-м — Арына Груганава (ГДК).
— Сённяшняя падзея — яшчэ адна са знакавых на Гарадоччыне ў Год культуры, — падкрэсліла, віншуючы пераможцаў, старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гамзюк. Яна падзякавала ўсім удзельнікам фестывалю-конкурсу, педагогам, якія працуюць з дзіцячымі калектывамі, адзначыўшы, што ўзровень мерапрыемства год ад году расце іх намаганнямі, пажадала далейшых творчых поспехаў і знаходак.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: спявае Соф’я Юрчыкава;
  фінальная песня ў выкананні групы «Кактэйль».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *