Як будзе арганізаваны дзіцячы адпачынак на Гарадоччыне

Актуальное Образование

 Штогод напярэдадні самых вялікіх школьных канікулаў зацікаўленыя структуры, у прыватнасці, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дбае аб арганізацыі работы летніх лагераў. Матэрыяльная падтрымка на аздараўленне дзяцей загадзя прадугледжана ў бюджэце. Асноўным цэнтрам адпачынку дзяцей на тэрыторыі нашага раёна традыцыйна застаецца Езярышча, дакладней — Езярышчанскі сацыяльна-педагагічны цэнтр.lager

  — Тут будзе працаваць лагер з кругласутачным знаходжаннем «Сокал», — распавядае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Шацько. — Працягласць лагернай змены, а ўсяго іх плануецца арганізаваць тры, складзе 18 дзён — у чэрвені, ліпені і жніўні. Тут жа будуць арганізаваны дзевяцідзённыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем па профілях (накірунках) дзейнасці: лагер актыву «Лідар», у якім збяруцца актывісты БРСМ і БРПА; патрыятычнай накіраванасці ва ўзаемадзеянні з РАНС; прававой накіраванасці ва ўзаемадзеянні з РАУС; са спартыўным ухілам. У іх адпачнуць 100 дзяцей.
Плануецца, што ў «Сокале» будзе арганізавана 100 месцаў. Поўны кошт пуцёўкі сюды складае 3 млн 240 тыс. рублёў, дзяржаўная датацыя — 1 млн 600 тыс. рублёў, бацькоўская даплата — 1 млн 640 тыс. рублёў (пры наяўнасці грошай дапамогу ў яе выплаце могуць аказаць прадпрыемствы ці прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі). Дзецям, якія ўваходзяць у льготныя катэгорыі, — тым, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і мнагадзетных сем’ях, сацыяльным сіротам, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў — пуцёўкі прадастаўляюцца за кошт дзяржавы. Прычым у лагеры з кругласутачным знаходжаннем яны могуць адпачываць двойчы за лета. Бацькі і апекуны 34 такіх дзяцей ужо падалі адпаведныя заявы.
— Што тычыцца ўсіх астатніх дзяцей, яны маюць права на аднаразовую датацыю ў памеры 1 млн 600 тыс. рублёў, — працягвае Таццяна Аляксандраўна. — Разам з тым яны маюць права наведваць і дзённы, і кругласутачны лагер.
Прышкольныя лагеры працягласцю 18 дзён будуць працаваць пры СШ № 1 і № 2 г. Гарадка, Вархоўскай, Пальмінскай, Межанскай, Бычыхінскай, Вышадскай, Віраўлянскай, Кабішчанскай, Даўгапольскай школах, ЦДіМ. Яны прымуць 400 дзяцей. Дзве змены спартыўна-аздараўленчага лагера ДЮСШ прымуць яшчэ 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Да таго ж у абедзвюх гарадскіх школах, а таксама ў Пальмінцы і Езярышчы будуць арганізаваны лагеры працы і адпачынку для 50 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Яны змогуць не толькі адпачыць, але і падзарабіць, выконваючы рамонт у школьных памяшканнях.
— Дзецям будуць забяспечаны добрыя ўмовы пражывання, нагляд, трохразовае, а ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем — пяціразовае харчаванне, цікавыя тэматычныя, спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы, — завярае Т.А. Шацько. — Працягнецца сумесная з РАНС акцыя «Канікулы без дыму і агню», узаемадзеянне з установамі культуры, супрацоўніцтва з вайсковай часцю. Вопытныя педагогі з ліку настаўнікаў гарадоцкіх школ, якія стануць важатымі, пастараюцца, каб дзіцячы адпачынак быў бяспечным, разнастайным і запамінальным.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *