Места массового отдыха на Городокщине

Актуальное

 Цяплее — і сотні людзей накіроўваюцца бліжэй да вадаёмаў, дзе раённыя ўлады імкнуцца стварыць усё неабходнае ўмовы для бяспечных умоў адпачынку людзей. Рашэннем райвыканкама на Гарадоччыне афіцыйна вызначаны пяць месцаў масавага адпачынку каля вады і замацаваны суб’екты гаспадарання, якія павінны падрыхтаваць іх да купальнага сезона. А іменна: паўднёва-ўсходні бок воз. Лугавое (ГПКіЦС), усходні бок воз. Белае (ГДАТК і ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі), пляж з боку вул. Піянерскай г.п. Езярышча на воз. Езярышчанскае (Езярышчанскі ўчастак ГПКіЦС), воз. Сурміно ў в. Сурміно (Гарадоцкі лясгас, Езярышчанскі ўчастак ГПКіЦС), паўночны бок воз. Лосвіда (філіял ТАК «Лосвіда» ПУП «Віцебсктурыст»).voda

  Штогод перад пачаткам купальнага сезона ствараецца спецыяльная камісія з ліку прадстаўнікоў райвыканкама, Таварыства ратавання на вадзе, РАУС, РАНС, РЦГіЭ, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прадстаўнікоў замацаваных арганізацый, якая правярае месцы масавага адпачынку: выяўляе недахопы і кантралюе іх ухіленне.
Сёлета камісія аб’язджала месцы масавага адпачынку 29 красавіка. Складзеныя ёй акты прапаноўвалі да 20 мая добраўпарадкаваць тэрыторыі, а іменна: ачысціць прыбярэжныя палосы ад смецця, выдаліць лішнюю расліннасць, абсталяваць месцы для распальвання вогнішчаў, усталяваць лаўкі, ценевыя навесы, распранальныя кабінкі, прыбіральні, пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў і самі кантэйнеры. Дзе пляжнае абсталяванне ёсць — падрамантаваць і пафарбаваць яго. На спецыяльных стэндах належала размясціць інфармацыю аб выкананні мер бяспекі пры знаходжанні на вадзе, недапушчэнні ўжывання спіртных напіткаў.
Як адзначыў старшыня раённай арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Вячаслаў Будны, вадалазная служба абследавала акваторыі пляжаў і правяла ачыстку дна ад смецця. Прадпісанні камісіі поўнасцю выкананы замацаванымі арганізацыямі на азёрах Езярышчанскае, Белае, Лугавое.
Прывабнейшым за іншыя выглядае пляж на воз. Лугавым: заварожвае сам па сабе краявід, блізкасць сасновага бору. У папярэднія гады тутэйшы бераг быў ачышчаны ад хмызняку, пашырана месца ўваходу ў ваду, больш пакатым зроблены пясчаны бераг. Менавіта тут усталяваны Гарадоцкі выратавальны пост, на якім ужо з 15 мая з 9 да 21 гадзіны штодня дзяжураць матросы-выратавальнікі (на здымку — адзін з іх, Мікалай Войлакаў), буйкамі пазначана месца, дзе бяспечна можна плаваць. Ёсць і іншыя атрыбуты пляжа, але надта сіратліва выглядаюць адзіны супрацьсонечны «грыбок», прытуленая проста на паверхні зямлі, без выграбной ямы, прыбіральня… Па вопыце папярэдніх год вядома: лаўкі, што стаяць ля  вады, завалены адзеннем і ручнікамі — вешалак не прадугледжана, лавак недастаткова. Спуск ад аўтамабільнай стаянкі, што насупраць бальніцы, да возера даволі доўгі, пад’ём жа здаецца бясконцым, асабліва пажылым і малым. Чаму б не ўладкаваць парэнчы, не гаворачы пра прыступкі? Слаўна было б, каб дзесьці была дзіцячая пясочніца з навесам ад сонца, арэлі, валейбольная сетка ці іншыя прылады для больш актыўнага і прыемнага адпачынку моладзі. Хаця б адно месца, дзе адпачывае большасць гараджан, магло б мець больш прывабны выгляд. Пра гэта варта задумацца адказным установам і выйсці з ініцыятывамі па ўладкаванню сапраўднага сучаснага пляжу, на якія б, думаецца, адгукнуліся і самі адпачываючыя.
Як зазначыла галоўны ўрач РЦГіЭ Наталля Адаменка, зараз стан вады ў вадаёмах, прызначаных для купання, поўнасцю адпавядае нормам тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі рэгулярна, згодна з графікам, бяруць пробы вады для даследавання на мікрабіялагічныя і санітарна-хімічныя паказчыкі.
— Хацелася б патлумачыць, што зоны адпачынку, лясныя масівы, берагі рэк, азёр, пляжы і г.д. з’яўляюцца грамадскімі месцамі падчас адпачынку грамадзян, — звяртае ўвагу першы намеснік начальніка Гарадоцкага РАУС Андрэй Патапенка. — Адміністрацыйная адказнасць наступіць у выпадку, калі распіццё алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, піва будзе адбывацца на вачах у людзей. Пад з’яўленнем у грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, які зневажае чалавечую годнасць і маральнасць, неабходна разумець з’яўленне асобы, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ці іншага ап’янення і парушае агульнапрызнаныя нормы паводзін грубымі выкрыкамі, стратай пачуцця сораму, непрыстойным выглядам (бруднае, мокрае, расшпіленае адзенне), якія вызываюць грэбаванне і агіду.
У адносінах да тых, хто здзейсніў апісанае вышэй правапарушэнне, прадугледжаны наступныя меры адказнасці: накладанне штрафу ў памеры да 8 базавых велічынь, у выпадку паўторнага на працягу года здзяйснення правапарушэння — ад 2 да 15 б. в. або адміністрацыйны арышт (арт.17.3 КаАП Рэспублікі Беларусь). Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне за сабою папярэджанне або штраф у памеры да 12 б. в. (арт.15.58 КаАП), забруджванне лесу і іншай драўняна-хмызняковай расліннасці — папярэджанне або штраф у памеры да 50 б. в. (арт.15.30 КаАП), купанне ў забароненых месцах — ад 1 да 3 б. в. (арт.23.63 КаАП). Да забароненых месцаў аднесены кар’еры, тэхнічныя і меліярацыйныя каналы, пажарныя вадаёмы, тэрыторыі паблізу ад плацін, дамбаў, шлюзаў, гідратэхнічных збудаванняў.
Напрыклад, забаронена лезці ў Гараджанку паблізу ад мастоў праз яе. У месцах масавага адпачынку нельга купаць сабак. На машыне, згодна з Водным кодэксам Беларусі, дазволена пад’язджаць да кромкі вады не бліжэй чым на 30 м.
Выснова наступная: адпачываючы, беражыце сябе і сваіх блізкіх — ад сонечных апёкаў, супрацьпраўных дзеянняў, няшчасных выпадкаў на вадзе. Беражыце і тое, што зроблена клапатлівымі рукамі іншых для вашага ж прыемнага адпачынку. Цёплай вады, ласкавага сонца і добрых летніх уражанняў!
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *