Олег Пулеров победил в конкурсе авторской песни

Актуальное Штрихи к портрету

  Алега Пулярова (на здымку) ведаюць увесь горад і раён: па жыцці ён ідзе з песняй, са школьных часоў, падчас вучобы ў ГДАТК, службы ў арміі, працуючы на птушкафабрыцы, а зараз — у галіне культуры, выступае на фермах, палях, у сельскіх клубах, на раённай сцэне. У чэрвені Алег прыняў удзел у абласным этапе рэспубліканскага фестывалю-конкурсу аўтарскай (бардаўскай) песні «Кветкі Вялікай Перамогі» і атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі «Аўтар». Акампануючы сабе на любімым інструменце, гітары, ён выканаў песню ўласнага сачынення «Мне бы землю Беларуси обнять».Pulerov

  У яго арсенале — каля паўсотні напісаных ім песень. Іх тэматыка пераважна лірычная, ёсць жартоўныя, сюжэтныя, з часам сталення ў яго творчасці з’явіліся філасофскія матывы. Самую вядомую з яго песень, якая знаходзілася ў ратацыі радыёстанцыі «Еўропа плюс», «Твоя душа — кусочек рая», выканаў творчы сябар А. Пулярова, саліст Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Алег Воранаў. Самую апошнюю, «Замы Прометея», на галіновым творчым конкурсе прадставілі выканаўцы з Гарадоцкага раёна газазабеспячэння ВУ «Віцебскгаз» — і яна ўвайшла ў фінальны канцэрт, які мае адбыцца.
— Я нават не заканчваў музычную школу, — усміхаецца Алег. — Старэйшыя хлопцы ў двары паказалі тры акорды на гітары, удасканальваўся і асвойваў іншыя інструменты, набываў неабходную для ўласнага развіцця апаратуру самастойна. Вялікую ролю ў творчым станаўленні адыгралі В.І. Кавалёў, З.Я. Булаева, А.Ф. Шандаеўскі, В. Адаменка. Гэтыя людзі падвялі да ўпэўненасці ў тым, што чалавеку неабходна задавольваць не толькі біялагічныя патрэбы, але і тыя, што звязаны з унутраным светам. Самастойна дайшоў да думкі, што, каб чалавек паважаў сябе, ён павінен адпачываць прыгожа, дазваляючы сабе экскурсіі, канцэрты, спектаклі, а не проста бутэльку таннага «чарніла».
Даваць людзям магчымасць наведваць клубныя гурткі і мерапрыемствы стала сур’ёзнай справай Алега. Для яго, электрамеханіка па спецыяльнасці, аматарскае захапленне музыкай з хобі перарасло ў прафесію. Цяпер ён працуе акампаніятарам у народным ансамблі песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага ГДК, выконвае партыі на басу і клавішных інструментах, запісвае для яго фанаграмы (па неабходнасці — і для ўсіх іншых калектываў і выканаўцаў Гарадоччыны). Герой артыкула — удзельнік так любімага гледачамі ВІА «Лель», адказвае ў ім за падбор рэпертуару і з’яўляецца адным з салістаў. Менавіта А. Пуляроў займаецца вакалам з дарослымі салістамі-эстраднікамі Дома культуры. Яны ахвотна гуртуюцца вакол здольнага, змястоўнага культработніка па прызванні.
Творчая натура Алега патрабуе рэалізацыі многіх планаў і праектаў, што нараджаюцца ў яго галаве, што прапаноўваюць да ўвасаблення калегі. Ён — рэаліст і цвёрда ведае, што на культурнай ніве таксама даводзіцца «пахать», гатовы да гэтага і агульнымі з аднадумцамі намаганнямі захоўвае ўласцівую Гарадку рэпутацыю райцэнтра, дзе жывуць асаблівыя людзі, якія спаталяюць голад не толькі хлебам, але і песняй.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *