«Веселая планета детства» развернулась в Городке

Актуальное Культура

  Якім слаўным выдаўся першы дзень лета ў Гарадку! І не толькі па прычыне добрага надвор’я, а таму, што дзіцячы парк 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, ператварыўся ў «Вясёлую планету дзяцінства». Так назвалі вялікае свята яго арганізатары — цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, Дом культуры, цэнтр дзяцей і моладзі, дзіцячая школа мастацтваў.planeta

  Калектывы і выканаўцы менавіта з гэтых устаноў далі выдатны канцэрт працягласцю больш за дзве гадзіны. У ім спалучыліся песні і танцы ў выкананні маленькіх артыстаў, якіх паспелі палюбіць гледачы, і тых, хто зрабіў першы крок да такой шматлікай публікі. Адмыслова выступіў прызёр чэмпіяната Еўропы па ўшу Ягор Шчарбакоў. Сур’ёзныя і смяшлівыя, у строгіх уборах і неверагодна яркіх сцэнічных касцюмах, яны нагадвалі, які ж прыемны і рознабаковы гэты час — дзяцінства. Інтэрактыўныя хвілінкі ў кампаніі дарослых артыстаў з Езярышчанскага ГПДК і Пальмінскага СДК дазволілі хлопчыкам і дзяўчынкам з задавальненнем парухацца. І хаця менавіта імправізаваная сцэна была цэнтрам свята, наўкола яе таксама было даволі сюрпрызаў і цікавых куточкаў.planeta1
— Сёлета мы адрадзілі традыцыю правядзення конкурсу малюнка на асфальце, — расказала рэжысёр свята Марыяна Каралёва. — На прапанову прыняць у ім удзел адгукнуліся 29 дзяцей, і тэма іх малюнкаў аказалася надзвычай разнастайнай — любімыя цацкі і кветкі, родныя краявіды і мары. Усе мастакі атрымалі заахвочвальныя прызы, а пераможцы — граматы арганізатараў.
Надзвычай прыцягальнай, асабліва для хлопчыкаў, аказалася пляцоўка, разгорнутая РАНС. Рабяты ахвотна прымяралі форму выратавальнікаў, з цікаўнасцю разглядалі спецыяльнае абсталяванне, струменем вады з брандсбойта цэлілі ў паветраныя шарыкі.planeta2
Дарэчы, шарыкі розных памераў і формаў, іншыя цацкі аздаблялі парк, дадаючы яму рознакаляровасці. У паветры лунаў пах папкорну і салодкай ваты — водары бестурботнага дзяцінства. Энергічныя малыя маглі паскакаць на батуце, пакатацца на коніку і осліку, электрамабілях, прыняць удзел у гульнях, арганізаваных работнікамі бібліятэкі. Яны ж прапанавалі выканаць малюнкі на тварыках — фэйс-арт. Дом рамёстваў арганізаваў сваю выставу і продаж сувеніраў ручной работы, музей — распаўсюджванне вясёлых канверцікаў з пажаданнямі і сюрпрызамі — запрашальнымі білетамі на бясплатныя экскурсіі. Вабіла яркасцю фарбаў выстава малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ г. Гарадка. Усё гэта разам выклікала ўсмешкі нават выпадковых прахожых, якія мімаволі запавольвалі хаду, любуючыся на бесклопотных, вясёлых, як і належыць, маленькіх і старэйшых дзетак.
Свята не можа доўжыцца ўсё лета, ды і не трэба. Але дарослыя павінны клапаціцца пра абарону дзяцей штодня. Абарону ад злых слоў і ўчынкаў, ад няшчасных выпадкаў і замахаў на іх бяспеку, ад дрэнных звычак і сумніўных кампаній. Каб яны выраслі лепшымі за нас і здаровымі — маральна і фізічна — пайшлі ў дарослае жыццё.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: пяцігадовая Маша Іванова — самая малодшая ўдзельніца канцэрта;

невядомыя маленькія мастакі малююць на асфальце па-за конкурсам;

дзятва танцуе разам з Боцем.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *