65 год сяброўства з «раёнкай»

Актуальное

  Прыехаўшы ў Гарадок на пастяннае месца жыхарства з Сенненшчыны ў 1951 годзе, сям’я Гарбачовых стала выпісваць тутэйшую раённую газету, тады «Сталінскі прызыў». Інструктар Езярышчанскага райкама партыі Афанасій Фокавіч і настаўніца пачатковых класаў 1-й гарадской школы Аляксандра Раманаўна вывучалі рэгіён менавіта паводле публікацый у «раёнцы». Сяброўства з ёй не перарывалася ні на месяц. Нават цяпер, калі А.Р. Гарбачова дрэнна бачыць, працягвае выпісваць любімую газету.gorbacheva

  — Спачатку праглядаю загалоўкі, іх я яшчэ магу чытаць самастойна, — распавядае Аляксандра Раманаўна. — Потым бяру лупу і гляджу аўтарства артыкулаў. Праз павелічальнае шкло чытаю лідар-абзацы (частка тэксту непасрэдна пад загалоўкам, выдзеленая асобным шрыфтом). Калі змест матэрыялу мне цікавы, прашу дачку Галіну пачытаць яго поўнасцю ўголас.
Раённая газета, якая на памяці былой настаўніцы тройчы мяняла назву — двойчы ў 1957 г., «За высокі ўраджай» і «Прамень камунізму», а з 1991 г. носіць цяперашняе сваё найменне — з’яўляецца яе настольнай кнігай. З  дапамогай «раёнкі» Аляксандра Раманаўна на працягу дзесяцігоддзяў знаёмілася з ходам палявых работ у сельскагаспадарчых прадпрыемствах, асноўных накірунках дзейнасці кіраўніцтва раёна, цікавых фактах і падзеях, выдатных людзях, рабоце грамадскіх фарміраванняў, буднях і святах прадпрыемстваў і арганізацый.
У памяці нашай вернай падпісчыцы захаваўся выпадак, які цяпер выглядае кур’ёзным, але ў той час, напачатку 50-х, ён каштаваў галоўнаму рэдактару пасады, а мог бы і лёс паламаць: у прозвішчы «Сталін» літару «т» наборшчыкі па недагляду памянялі на літару «р». Літаральна назаўтра пасля выхаду газеты штат рэдакцыі зрадзеў, і рэдактар быў вымушаны з’ехаць на пошукі іншага месца жыхарства і работы.
— Выпісваць нашу газету — адна з самых моцных маіх звычак, — зазначае Аляксандра Раманаўна. — Для нас, пенсіянераў, (мы ў сілу ўзросту і стану здароўя мала дзе бываем), «Гарадоцкі веснік» — галоўная і самая поўная крыніца інфармацыі пра тое, чым і як жыве раён, што робіцца побач з намі. Я ўжо, напрыклад, не магу самастойна напісаць ліст. Дык асобныя артыкулы выразаю і адпраўляю, як вестку з дому, сяброўцы П.С. Нарштэйн ажно ў Ізраіль. Яна мацуе выразку да сцяны, і ўсе, хто заходзіць да яе, з цікаўнасцю чытаюць гарадоцкія навіны.
Беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве Гарбачовых артыкулы з «раёнкі», героямі якіх былі яны самі: франтавік, сакратар гарадоцкага райкама партыі, старшыня камітэта народнага кантролю Афанасій Фокавіч, прафсаюзны і партыйны лідар, актывіст ветэранскага руху і жансавета Аляксандра Раманаўна. Замалёўка пра іх брыльянтавае вяселле…
— Азірнуўшыся на многія гады свайго сяброўства з газетай, бяруся сцвярджаць: яна не горшая, чым раней, не стаіць на месцы, развіваецца. Журналістам параю не саромецца пісаць пра высокае, словам выхоўваць павагу да людзей працы, любоў да роднай Гарадоччыны, — дае наказ А.Р. Гарбачова.
Да парады вернай сяброўкі абавязкова прыслухаемся! І да іншых чытачоў: калі вы — шматгадовы пастаянны падпісчык нашай «раёнкі», адгукніцеся, будзем радыя сустрэцца з вамі і паслухаць ваш пункт гледжання на наша выданне.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: А.Р. Гарбачова за праглядам ранейшай і цяперашняй «раёнкі».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *