Городокчане вернулись со «Славянки»

Актуальное Культура

  Чарговы раз Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору даказаў нястомнасць майстроў, якія тут працуюць, і высокі мастацкі ўзровень іх работ, бліскуча выступіўшы на мерапрыемствах, што праходзілі ў рамках юбілейнага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Калекцыя з дзевяці ўбораў «Гарадоцкая набойка», створаная спецыяльна для ўдзелу ў свяце-конкурсе народнага касцюма «Шыўкі майстэрства», узяла яго гран-пры за аднаўленне традыцыйнага касцюма. Майстар лозапляцення Васіль Сіманковіч заняў 1-е месца ў конкурсе «Лазовы прут» у намінацыі «За лепшую калекцыю хатніх твораў», а яго вучань Аляксандр Круцялёнак — 2-е месца ў намінацыі «Творчы дэбют».slavyanka1

  Сцэна на плошчы Свабоды 15 ліпеня ператварылася ў модны подыум канца ХVІІІ-сярэдзіны ХХ стагоддзяў. Гарадоччына арганізавала на ім тэатралізаваную прэзентацыю па матывах бойкага кірмашу з удзелам 27 чалавек — майстроў Дома рамёстваў і фальклору і народнага тэатра Гарадоцкага ГДК. Яго кіраўнік Аляксандр Бязгінаў адзначаны дыпломам за рэжысуру яскравага прадстаўлення. Усе яго ўдзельнікі былі апрануты ў рэканструяваныя касцюмы мінулых часоў, зробленыя ўручную.
— Па драбніцах мы збіралі фрагменты ўзораў адзення нашых продкаў, — распавядае дырэктар установы Марына Гушча. — Крыніцамі сталі музейныя экспанаты, апісанні, занатаваныя ў кнігах, матэрыялы фальклорных экспедыцый. Для стварэння калекцыі набойкі (тканін з нанесенымі на іх драўлянымі формамі з рэльефным узорам малюнкаў) мы асвоілі абсалютна новыя для сябе, даўно забытыя тэхналогіі. Формы паводле традыцыйных арнаментаў у выкананні Васіля Сіманковіча зрабіў Іван Каратаеў, ён жа займаўся набіўкай хустак. Шылі касцюмы — выключна рукамі — Вольга Рэут і Святлана Уласава, вышывалі Таццяна Міснікава і Юлія Жукоўская. Ірына Шалаева пашыла абутак, скураныя пастолы і паршні (практычна адзіны Гарадок быў абуты ў несучасныя боцікі ды туфлі), я займалася набіўкай тканін акрылавай фарбай. Падрабязны метадычны дапаможнік пра суражскі строй, у які ўваходзіў і гарадоцкі, склала Анастасія Савасцеева. Усім гэтым і іншым нашым памочнікам — вялікі дзякуй. Думаецца, такую аб’ёмную і высокаякасную работу, на якую мы загадзя атрымалі бласлаўленне, мы б не здужалі без Божай дапамогі.
Лазовыя вырабы Васіля Сіманковіча — гэта нешта адмысловае. На конкурс «Лазовы прут» ён прадставіў калекцыю, у якую ўвайшлі кошыкі, выкананыя ў розных тэхніках, вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення, лапці. slavyanka
З дыпломам за ўдзел у конкурсе майстэрства культарганізатараў «Славянская казка» вярнуўся гульнявы калектыў Пальмінскага СДК, які выступіў з праграмай «Царэўна Несмяяна». Пазней будуць падведзены вынікі конкурсу прэзентацый тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў. Нагадаем, што нашым брэндам стаў «Гарадоцкі Парнас». Яго абаронцаў —  ансамбль песні і танца «Яблынька», фальклорны калектыў «Азерыца», ансамбль гарманістаў цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, узорную студыю бальнага танца «Гармонія», прыпевачніцу Людмілу Барсукову, майстра галосных спеваў Таццяну Раеву і іншых артыстаў — падтрымаў старшыня райвыканкама Пётр Карабач. Адзначаны яскравасць і дынаміка дзеяння, што развярнулася на нашай пляцоўцы. За чатыры дні яе работы тут перабывалі і напоўніліся ўражаннямі тысячы ўдзячных гасцей «Горада майстроў». Асобнай пахвалы заслужылі дэкаратыўнае афармленне «Гарадоцкага Парнаса» і «ежа багоў» ад шчодрых гаспадынь, удзельніц клубаў нацыянальнай кухні, што працуюць пры сельскіх установах культуры раёна.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *