Городокские школьники познакомились с армейскими буднями

Актуальное

  Прышкольны дзіцячы аздараўленчы лагер «Чайка» пры СШ № 2 г. Гарадка працуе больш за 20 год. Другі год, як прынята рашэнне абраць профілем яго дзейнасці патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, якія тут адпачываюць. Сёлета ў лагеры пабывалі 90 школьнікаў.lager

  На думку начальніка лагера В.М. Дымскай, выхоўваць патрыётаў — азначае прывіваць любоў да сваёй Айчыны. А яна нараджаецца з любві да мясцін, дзе мы зрабілі першыя крокі, да годных, прыстойных людзей, якія жывуць побач. Дзеці будуць расці, будуць пашырацца іх гарызонты, яны пабываюць у іншых краях і пазнаёмяцца з іншымі людзьмі. Заўсёды, параўноўваючы ўбачанае з тым, да чаго прывыклі з маленства, гарадакчане будуць з гонарам адзначаць: і ў нас ёсць свае героі, і ў нас ёсць чым пахваліцца, і ў нас не горш…
Падчас экскурсіі ў в/ч 94017, куды 17 чэрвеня рабят запрасілі паглядзець на армейскае жыццё сваімі вачыма, ім прапанавалі азнаёміцца са зброяй, прымерыць форму пажарнага-выратавальніка, расказалі пра тэхнічныя характарыстыкі пажарных машын. З салдатамі, якія праходзяць тэрміновую службу, хлопчыкі паспаборнічалі ў адцісканнях (на здымку). Дзень быў амаль спякотны — і затым малыя ахвотна пабеглі пад струмені вады, выпушчаныя ўгору з пажарнага брандспойта.
— Гэта быў самы лепшы дзень з лагернага жыцця! — захоплена дакладалі гарэзы выхавальнікам.
Выдатныя ўражанні пакінулі і іншыя мерапрыемствы: наведванне райаддзела па надзвычайных сітуацыях, краязнаўчага музея, спектакль у бібліятэцы, гутарка з начальнікам ІСП РАУС Юрыем  Ярмолам, удзел у забаўляльнай праграме, праведзенай культработнікамі ЦТКіНТ. Да спадобы прыйшлася дапамога рабят шэфскай арганізацыі, птушкафабрыцы, у абразанні каласкоў. А якімі вясёлымі былі традыцыйныя для «Чайкі» Дзень Нептуна і Дзень варэння!
— Усё выдатна ў нашым лагеры — і ежа, і забавы, і школьная практыка. Толькі шкада губляць час на дзённы сон, — наперабой расказвалі дзеці. — Кожны наш дзень тут насычаны і адрозніваецца ад іншых. Дзякуй дарослым, якія на школьных канікулах дораць нам шчасце, якое не забудзецца!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *