Жанчыны Гарадоччыны прыахвочваюцца да рыбалкі

Актуальное Это интересно

  Мноства азёр Гарадоччыны аб’ездзіла Наталля Шпакава з аг. Бычыха (на здымку), каб заняцца на іх сваім хобі — рыбалкай. Усюды, сцвярджае яна, прыгожа, і рыба ловіцца, але самыя смачныя карасі (яе любімы від рыбы) — менавіта на Бычыхінскім азярцы. Мабыць, Наталля, прафесійны повар, мае права так сцвярджаць, бо добра разбіраецца ў тонкасцях смакаў. Але ж рыбалка вабіць яе не для таго, каб накарміць сям’ю. Седзячы на беражку з вудой, сустракаючы сонца, што падымаецца над спакоем воднай гладзі, яна адчувае сябе шчаслівай. Ад жарсцяў па рыбе чароўным чынам суцішаюцца іншыя жыццёвыя жарсці, душа трапляе ў стан раўнавагі і суладдзя з сабой і навакольным светам.rybachka

  Наталля добра памятае сваю першую вуду. Яе з арэшыны выразаў для шасцігадовай унучачкі, якая ўпотай пільнавала за яго рыбальніцтвам, дзядуля, Уладзімір Кузьміч. Любоў да рыбалкі перадалася і брату Н. Шпакавай Уладзіміру Барсукову.
— У яго і снасцяў болей, і рыбак ён больш заўзяты, ездзіць на добрую рыбу, — расказвае сястра. — Як кліча мяне, я ўсё кідаю, гатовая і праз ноч ехаць на азёры, дзякуй, у нашым раёне (у свой час сям’я перабралася ў Бычыху з Магілёўшчыны) іх багата. Кампанія іншы раз папярэджвае мяне, каб, стомленая, дадому не прасілася. Ды я так захоплена любімай справай, што не заўважаю, як бяжыць час. Для мяне гэта найлепшы адпачынак.
Сямейнікі ж Наталлі — у яе муж і двое сыноў — да рыбалкі раўнадушныя. Здараецца, па параду да яе звяртаюцца мужчыны-рыбакі: дзе і на што сёння будзе лепш кляваць, чым падкарміць… Дарэчы, жанчыны ўсё часцей далучаюцца да любімага адпачынку сваіх мужоў, ездзяць «на рыбу» з начоўкамі і надоўга папаўняюць рады рыбаловаў-аматараў.
Цёпла адгукнулася Наталля пра бычыхінскіх аматараў рыбнай лоўлі, маўляў, падсаджваюць у сваё возера малькоў, сочаць за парадкам на берагах. Хаця звычайна забіраюць увесь улоў, што трапляецца на кручок, — смажыць, сушыць, коцікам — на Бычыхінскім возеры хапае карасёў, акунёў, платвы, падлешчыка, ёсць і шчупакі. Як патлумачыла Наталля, у кожнай рыбы ёсць свае звычкі. Той жа карась любіць цеплыню. Стамляецца пасля нерасту, з тыдзень-два пасля яго паклёўкі можна не чакаць, ахвотна клюе на досвітку, пакуль няма ветру. Ахоплівае азарт, калі падсечкі трэба рабіць адна за адной, а вось калі паплавок замірае, трэба набрацца цярпення і не расчаравацца.
— Тады проста атрымлівайце асалоду ад зносін з прыродай, — раіць Наталля, і ў яе вачах такога ж колеру, як возера, на беразе якога мы гутарым, мільгае летуценнасць. — Многія, пэўна, ужо забыліся, як соладка пахне летняя раніца на Беларусі, якім спакоем дыхае зямля, калі прачынаецца. Запрашаю на азёры!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *