11 верасня — Дзень памяці ахвяр фашызму

Актуальное

«У той час мне было дзесьці 13 з паловай гадоў. Стаяла ўжо позняя восень. Рака ў нас у Езярышчы пакрылася ільдом. І мы, хлапчукі, зрабіўшы драўляныя канькі і падбіўшы іх жалезным дротам, каталіся па лёдзе побач з глыбокім ірвом, які пачалі капаць яшчэ да вайны, каб спраміць раку, ды не давялі справу да канца. Раптам пачулі непадалёк стрэлы. Хтосьці сказаў, што гэта, пэўна, немцы «практыкуюцца» і прапанаваў пайсці і сабраць стрэляныя гільзы. Мы падаліся туды і, падняўшыся па выспу, убачылі, што метраў за 70 ад ракі стаіць машына, з якой вядуць да рову нейкіх людзей. Уся гэта тэрыторыя была ачэплена паліцаямі.fashizm
Бліжэйшы паліцай, убачыўшы нас, гаркнуў: «І вы сюды захацелі?!». Спалохаўшыся, мы кінуліся ўцякаць. Мая хата была першай ад гэтага месца, і, каб пабачыць, што там адбываецца, я ўзняўся на гарышча. Было далекавата, таму я злез і па рацэ, а потым па хмызняках і чароту падкраўся як мага бліжэй. І вось што ўбачыў.
Месца было ачэплена паліцаямі ў зялёных шынэлях. Непадалёк стаяла грузавая машына. З яе выводзілі людзей: мужчын, жанчын, дзяцей. Па чарзе іх падводзілі да краю ірва паліцаі. Адзін з іх, апрануты ў чорную форму, страляў палонным з пісталета ў патыліцу. Людзі падалі ў роў. Ахвяры не крычалі, толькі некаторыя плакалі, штосьці гаварылі. Вельмі галасіла адна маладая жанчына, у якой з рук вырвалі зусім маленькае дзіця. Яе трымалі два паліцаі, трэці падкідваў дзіця ўгору, а кат страляў па ім улёт. Мне стала вельмі жудасна, і я паціху, каб не заўважылі, уцёк з гэтага месца. З таго часу мы больш да ірва не хадзілі, вельмі баяліся, ды і не аднойчы чулі стрэлы з тога боку… Дзесьці ў сярэдзіне 50-х мяне запрашалі, як кажуць, «куды трэба» дзеля апазнання падазроных ва ўчыненні таго злачынства».
На гэтым мой суразмоўца скончыў свой аповед словамі: «Я гэта бачыў, я — сведка».
І тут спрацавала мая памяць. Лета 1958 года. Не хапала вады, якая цякла з нашага возера па рэчцы ў бок Халамер’я і сілкавала пабудаваную там невялікую ГЭС. Мясцовае кіраўніцтва вырашыла адбудаваць той канал, які не дабудавалі да вайны, каб праз яго падаць больш вады на ГЭС. Дзеля гэтага патрабавалася перазахаваць расстраляных у вайну людзей на мясцовыя могілкі. Месца трагедыі было адзначана простым драўляным крыжам без усялякіх надпісаў. Чаму было неабходна варушыць прах пакутнікаў, а не прарыць канал праз іншае месца, якога хапала у любы бок, невядома.
У той дзень я з іншымі хлапчукамі пайшоў на канал, бо ўжо ведалі, што экскаватар дакапаў роў да месца пахавання. Калі прыйшлі, убачылі, што машына прывезла вялікія драўляныя скрыні. Стаялі рабочыя з рыдлёўкамі (казалі, што ім, улічваючы незвычайнасць працы, прывезлі многа бясплатнай гарэлкі). Спачатку экскаватар зняў верхнюю частку глебы, потым пачалі працаваць рабочыя, даставаць і перакладваць у скрыні астанкі людзей. Я падышоў як мага бліжэй і ўбачыў ля краю рову жаночы чэрап з густымі, абстрыжанымі ззаду да шыі, зашчэпленымі паўкруглым алюмініевым грабянцом сівымі валасамі. Каля яго ляжала, нібы новая, самаробная з шарсцяных нітак, даўжынёй усяго 5-7 сантыметраў маленькая дзіцячая рукавічка. Стала жудасна, і я пайшоў дадому.
Толькі праз некалькі гадоў, ужо дарослым пачуўшы гэту гісторыю, я зразумеў, чые астанкі я бачыў, чыя была рукавічка. Я таксама стаў сведкам.
Зараз толькі сціплы помнік на Езярышчынскіх могілках, дзе перазахаваны ахвяры фашыстаў, напамінае аб тых падзеях, але ніводнага прозвішча на ім няма — толькі назвы вёсак, адкуль былі гэтыя людзі.
Вячаслаў ЯКІМАЎ,
г. Верхнядзвінск.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *