Гарадоцкая кісяя

Актуальное Культура Это интересно

  Тэму «Ажурнае ткацтва Гарадоччыны: ад вытокаў да сучаснасці» для ўдзелу ў намінацыі «Лепшы музейны праект» конкурсу ІІІ Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі» Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей абраў не выпадкова. У яго фондах сабрана багатая калекцыя вырабаў у тэхніцы ажурнага ткацтва, якое ў нашай мясцовасці інакш вобразна называлі кісяёй або рэдчыкамі. Гэта ручнікі, абрусы, фіранкі — больш за 20 прадметаў.muzey

  Падчас экскурсу на выставе «Повязь часоў — Гарадоцкі ручнік», дзе былі прадстаўлены калекцыі ажурных ручнікоў з фондаў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору і музея, яго дырэктар Тамара Іванова (на здымку) распавядала:
— У Беларусі ажурнае  ткацтва было распаўсюджана ў Аршанскім, Сенненскім, Бешанковіцкім, Лёзненскім, Гарадоцкім раёнах напрыканцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. У адрозненні ад ажурных тканін іншых мясцовасцей, у мастацкім вырашэнні якіх вялікае значэнне мела каляровая кампазіцыя, гарадоцкая кісяя пераважна аднаколерная, бялюткая або шараватая, у ёй выкарыстоўваюцца фрагменты вышыўкі, вязання кручком. Яе мастацкая выразнасць заключаецца ў выяўленні ўласцівасцей самога матэрыялу, льну, і дэкаратыўных магчымасцей тэхнікі выканання вырабаў. 13
Матэрыялам для ткацтва служылі тонкія выбеленыя ніткі вышэйшай якасці, якія рабілі з лепшых гатункаў ільну. Каб яны не калмаціліся, пад станок ставілі чыгун з жарам. Характэрная асаблівасць кісяі — разрэджаная сеткавая структура палатна, якое складаецца з квадратаў, прамавугольнікаў, палос. Па спосабе вырабу і мастацкіх асаблівасцях ажурныя палотны можна падзяліць на тры групы. Першая — тканіны, якія выраблены з дапамогай рэйкі і пропускаў у бярдзе, так утвараюцца прасветы ў ткацтве, якія з дапамогай іголкі запаўняюцца мярэжкай. У другой выкарыстоўваецца дадатковы паўніт, які знаходзіцца паміж бярдом і нітамі. Пры ўздыманні ўверх ён перакручвае па дзве ніткі ў бярдзе, яны не дазваляюць шчыльна прыбіць уток. Так ствараецца сетка. Трэцяя група аб’ядноўвае два першыя спосабы.
За кошт выключна якасных матэрыялаў тканіны атрымліваліся лёгкімі, празрыстымі, бліскучымі, пяшчотнымі. Вытанчанасць ім надавала тэхніка, якой валодалі майстрыхі. Захаваліся імёны і вырабы некаторых з іх — Домна Максіменка (в. Шандры), Дар’я Ананьева (в. Мехавое), Пелагея Янчанка (в. Барысенкі), Агаф’я Барысенка (в. Бароўшчына), Кацярына Аляксандрава (в. Гаруны), Агрыпіна Межурова (в. Гняздзілаўка). 15
Ажурнае ткацтва вышэйшае за рамяство і паднялося да ўзроўню мастацтва. Яно няпростае ў выкананні, таму кісяю могуць вырабляць толькі вельмі ўседлівыя, цярплівыя, уважлівыя майстрыхі. На шчасце, у Гарадку знайшлася такая жанчына, аматарка тонкай ткацкай работы і прыхільніца рукадзелля, уласцівага нашай мясцовасці, Марына Гушча.
— Мне не пашчасціла сустрэцца з жывымі носьбіткамі гэтага віду народнай творчасці, — зазначае Марына Леанідаўна. — Як іменна стваралі такую прыгажосць тутэйшыя ткачыхі, я даведвалася з размоў з былым дырэктарам музея К.Р. Уверскай, разбіралася па экспанатах, што захоўваюцца ў нашым музеі, па фрагментах вырабаў, знойдзеных падчас фальклорных экспедыцый. Падобных на карункі ўзораў так многа, што дзіву даешся багаццю аўтарскіх почыркаў нашых бабуль.
М.Л. Гушча, цяпер — дырэктар Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, самастойна асвоіла ўсе ўласцівыя для нашай мясцовасці тэхнікі вырабу кісяі. Перадала свае навыкі вучаніцы Таццяне Бажанковай — тая, даткаўшы ажурны ручнік, была прызнана лепшай у намінацыі «Дэбют» на конкурсе «Палатняныя пераплёты», што праходзіў у рамках  «Славянскага базара ў Віцебску-2013». У тым жа годзе, дзякуючы таму, што на Гарадоччыне захавана і адроджана традыцыя ажурнага ткацтва (кісяі), гэтаму элементу нематэрыяльнай культуры нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.     16
Праект, распрацаваны музеем, закліканы прыцягнуць увагу да такога ўнікальнага віда беларускай народнай творчасці, як ажурнае ткацтва. Варта павысіць цікаўнасць гарадакчан да вывучэння гісторыі і рамёстваў свайго краю, далучыць да пошукава-даследчай дзейнасці больш шырокае кола нераўнадушных людзей. У планах супрацоўнікаў — працягваць пошукава-даследчую дзейнасць па зборы адпаведных прадметаў для папаўнення фондавай калекцыі. Адметна, што сёння на Гарадоччыне ёсць тыя, хто гатовы дзяліцца сакрэтамі свайго адмысловага рамяства, перадаваць яго ў спадчыну. У пастаяннай экспазіцыі музея «Зала этнаграфіі і і народных рамёстваў Гарадоччыны» ёсць магчымасць стварэння зоны жывой камунікацыі, дзе наведвальнік можа ўбачыць не толькі музейныя экспанаты пачатку ХХ стагоддзя, але і тое, як сапраўдны майстар тчэ рэдчыкі ў ХХІ стагоддзі. Магчыма, залюбаваўшыся філігранным сноўганнем у спрытных пальцах ткачых бёрдаў, нітаў, рэек, танюткіх нітак, чаўнака, іголкі, і сучасныя дзяўчынкі прыахвоцяцца да рукадзелля, каб стаць сапраўднымі кісейнымі паненкамі.18
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *