Сотрудники Городокского РГО отметили профессиональный праздник

Актуальное

Уваходзяць у кожны дом.  Літаральна так можна сказаць пра прадстаўнікоў службы ўнутрыдамавога газавага абсталявання Гарадоцкага раёна газазабеспячэння ПУ «Віцебскгаз». Напачатку новага працоўнага дня яны — слесары Аляксандр Банькоў, Андрэй і Ігар Унукоўскія, майстар Аляксандр Дзямідаў, вадзіцель Валерый Шостак (на здымку)сфатаграфаваліся на дагледжанай тэрыторыі роднага прадпрыемства перад тым, як прыступіць да выканання сваіх прамых абавязкаў. Як і іх калегі, якія 4 верасня адзначылі прафесійнае свята, яны характаразуюць сутнасць сваёй работы лаканічна: «Забеспячэнне бяспечнай і бесперабойнай падачы прыроднага і звадкаванага газа спажыўцам». Як жа ажыццяўляе гэтыя функцыі менавіта служба УДГА?gaz

  У цяперашні час у раёне ўсталявана 1133 ацяпляльныя апараты, 398 з іх знаходзяцца на абслугоўванні Гарадоцкага РГЗ. Налічваецца 5143 абаненты, якія карыстаюцца прыродным і 7679 — звадкаваным газам. Перакладаючы гэтыя лічбы з афіцыйнай мовы газавікоў, уяўляем: мужчынам належыць паклапаціцца пра бяспечнае карыстанне 12822 газавымі плітамі і 398 катламі. Унушальныя аб’ёмы сур’ёзнай працы. Катлы аглядаюцца не радзей чым раз на год, пліты ў шматпавярховых дамах — аднойчы на 10 гадоў.
На шчасце, нячаста мы атрымліваем весткі пра аварыі, звязаныя з парушэннямі карыстання газам у побыце. Але гэта не падстава для самазаспакаення, а хутчэй вынік добрасумленнай, адказнай работы газавікоў. Яны, у адрозненне ад абывацеляў, ні на хвіліну не забываюцца, што газ — крыніца павышанай небяспекі. Зняважлівыя адносіны да яго могуць вельмі дорага каштаваць.
— Напрыклад, газавая пліта, тэрмін эксплуатацыі якой перавысіў крытычныя 20 год, знешне можа выглядаць няблага, але варта залезці ў яе нутро, як мы і робім пры прафілактычных аглядах, — і высвятляецца, што карыстацца ёй сапраўды небяспечна, — расказвае Андрэй Унукоўскі. — Даводзім гэта да ведама гаспадароў, выдаём прадпісанні аб замене пліты: дэталяў для рамонту састарэлых газавых прыбораў ужо практычна не існуе. За пэўны тэрмін можна паклапаціцца аб набыцці новай пліты, і пераважная большасць абанентаў праяўляе свядомасць, падпарадкоўваючыся нашым рэкамендацыям.
Паслугі службы УДГА платныя, але не сказаць, каб непад’ёмна дарагія. Затое і асноўнае, і сумежнае абсталяванне (дымаходы, прыборы ўліку і расходу паліва, рэгулятары і інш.), якое прайшло праз рукі спецыялістаў, служыць верна, без перабояў і аварый.
Газавікі пастаянна ўдасканальваюцца, пашыраюць спектр сваіх ведаў і паслуг. Так, калі раней яны займаліся рамонтам і абслугоўваннем газавых катлоў толькі старога ўзору, з канца мінулага года ажыццяўляюць аналагічныя дзеянні ў адносінах сучасных ацяпляльных апаратаў у насценным выкананні. Добрасумленнасць прафесіяналаў сваёй справы — гарантыя таго, што блакітны агеньчык газавых гарэлак у нашых дамах будзе памочнікам, і не ператворыцца ў крыніцу бяды.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *