З лагатыпам «ШБ»

Актуальное Культура

15 верасня — Дзень бібліятэк у Беларусі.  Ціхі шоргат старонак бумажнай кнігі не заменяць ніякія электронныя аналагі. Хаця сучасныя гаджэты ахопліваюць ці не ўвесь інфармацыйны фонд свету, традыцыйныя бібліятэкі па-ранейшаму папулярныя. А любоў да чытання, да прыемнага адчування кнігі ў далонях прывіваецца менавіта ў школьных бібліятэках. Сюды настаўнікі вядуць першакласнікаў, толькі-толькі навучыўшы іх чытаць па складах, бягуць цікаўныя да адкрыццяў падлеткі, спяшаюцца апантаныя цягай да новых ведаў старшакласнікі, настаўнікі таксама ўдасканальваюцца, вывучаючы дапаможнікі і метадычную літаратуру.biblioteka

  Асноўны фонд бібліятэкі СШ № 2 г. Гарадка складаецца з 21 тысячы экземпляраў кніг, з іх 9,9 тысячы — вучэбная літаратура, падручнікі, астатняе — мастацкая, даведачная, метадычная. Асобны раздзел скаладае перыёдыка. Усё гэта багацце знаходзіцца ў распараджэнні тутэйшых настаўнікаў, а іх у школе працуе 51 чалавек, і больш як 450 вучняў. Штогод у бібліятэчным фондзе адбываюцца змяненні ў адпаведнасці з тым, як мяняецца школьная праграма. Напрыклад, на гэты навучальны год атрыманы новыя падручнікі для 2-х і 3-х класаў, падручнікі замежных моў з электронным дадаткам для 7-х і 8-х класаў.
— Спісаныя падручнікі неабавязкова ўтылізуюцца, — тлумачыць бібліятэкар М.М. Гаўрылава (на здымку — з навучэнцамі 4 «Б» класа). — Настаўнікі выкарыстоўваюць іх падчас правядзення факультатыўных заняткаў, метадычнай работы, афармлення кабінетаў. Станоўчы момант у нашай бібліятэцы — выхад у інтэрнет, электронная пошта, створаная медыятэка, уласны сайт. Іх наяўнасць дапамагае рабятам пісаць рэфераты, тэматычныя паведамленні. У нас ёсць магчымасць надрукаваць і размножыць тэксты.
Марына Мікалаеўна прадэманстравала карэспандэнту буктрылер, створаны для рэкламы кнігі М. Шолахава «Лёс чалавека». Гэта не адзіны ролік, зроблены ў бібліятэцы, прызначэнне якога — выклікаць цікаўнасць будучых чытачоў. Не сакрэт, што цяпер дзеці імкнуцца прачытаць мастацкія творы ў скарочаных варыянтах або проста паглядзець іх экранізацыі. Ды сурагат не дазволіць атрымаць асалоду ад мовы аўтара, створанай ім атмасферы, перажыванняў герояў, з якіх і складваецца незабыўнае ўражанне пра прачытанае.
Вучні малодшых класаў пад уплывам настаўнікаў удасканальваюць тэхніку чытання, таму яны — самыя актыўныя чытачы мастацкай літаратуры. Але змястоўных кніг з буйным шрыфтам, яркімі ілюстрацыямі ўсё ж недастаткова: фінансавыя магчымасці для іх набыцця абмежаваныя. Выручае актыўнае супрацоўніцтва з аддзелам дзіцячай і юнацкай літаратуры гарадской бібліятэкі. Агульныя мерапрыемствы, удзел у фарміраваннях па інтарэсах, конкурсе «Чытаем разам» спрыяюць цікаўнасці дзятвы да кнігі.
Па меры ж сталення дзяцей іх інтарэс да кнігі слабее, і бацькоўскі прыклад таму спрыяе. Дарослыя амаль не бяруць у рукі кнігі, не ствараюць дамашнія бібліятэкі, знікла мілая традыцыя дамашняга чытання ўголас, якая аб’ядноўвала ўсіх сямейнікаў… Чаму б не аднавіць яе, дастаўшы з паліцы няхай і несамавітую, але такую разумную кнігу з лагатыпам «ШБ» — «Школьная бібліятэка»?
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *