На Городокщине 145 гражданских кладбищ

Актуальное

  Могілкі — месца сумнае. І не толькі таму, што гэта месца апошняга прытулку людзей, але і таму, што знаходзяцца нашы могілкі ў жаласным стане. Сваім выглядам яны часта нагадваюць зарослыя хмызняком сметнікі, сярод якіх недарэчна ўзвышаюцца помнікі ў аблезлых агароджах. Шукаць вінаватых у тым, што клады даведзены да такога сіроцкага выгляду — справа няўдзячная, бо, гаворачы на мове закона, і фізічныя, і юрыдычныя асобы імкнуцца атрэсці рукі ад догляду за магіламі тых, хто ўжо за сябе нічога не скажа.Levitan

Але найперш пра нас, людзей, асоб фізічных. Калісьці хтосьці даў жыццё нам самім, нашым мамам і татам, дзядулям і бабулям. Кожны радавод бярэ пачатак у такой глыбіні стагоддзяў, што да яго не дабярэшся. Імёны сваіх продкаў мы ведаем да другога калена, не болей. Калі яшчэ даглядаем магілы дзядоў — добра. Дзецям такога абавязку ўжо не завяшчаем, маўляў, яны іх і ведаць не ведалі, і чуць пра іх не чулі. А чаму не чулі, чаму ў нас не знайшлося часу расказаць пра блізкіх, якія адносяцца да гаротнага пакалення часоў Вялікай Айчыннай? Пэўна, у іх біяграфіях ёсць яскравыя прыклады гераізму, мужнасці, патрыятызму, пераадолення цяжкасцей. Ці то проста не расказалі сваім дачушкам і сынкам, як салодка нам было засынаць у бабулінай хацінцы пасля смачнай вячэры пад вуркатанне коткі?
Найглыбейшую павагу выклікае, калі на Гарадоччыну імкнуцца дзеці, унукі, праўнукі тых, хто вызваляў нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цэлымі сем’ямі з Дагестана і Казахстана, Сібіры і Кыргызстана едуць яны за тысячы кіламетраў, каб пакланіцца магілам родных. Узгадваючы ж, што мы забываемся даглядаць магілы нашых сваякоў, да якіх і пешшу можна дайсці, становіцца сорамна. Ад забыцця магільныя грудкі зарастаюць бур’янам, зроўніваюцца з зямлёй. Як быццам і не было чалавека.
Калі ж мы і даглядаем месцы пахаванняў, то роўна на тэрыторыі, што ў межах агароджы, якой абнесены «свае» магілы. А за ёй смецце высыпаем куды прыйдзецца, нават не абцяжарваемся данесці яго ў нейкую агульную кучу ці яміну: мёртвыя ж заўвагу не зробяць — голасу не маюць. Пры гэтым мы перакананы, што некаму плацяць грошы за тое, каб ён вывозіў горы лісця і сукоў, бутэлек і старых вянкоў, і голасна абураемся, што гэты абстрактны «добры дзядзька» дрэнна прыбірае могілкі.
Кожны год, пераважна перад Тройцай, у рэдакцыю паступае не адно тэлефанаванне, якое тычыцца стану дарог, што вядуць да сельскіх могілак. Маўляў, яны пераўтвораны ў палі сельгаспрадпрыемстваў, пераараны і засеяны ці настолькі парэзаны лесавозамі, што па іх немагчыма праехаць не тое, што на легкавой, а і на грузавой машыне. Як правіла, агучаныя факты пацвярджаюцца, але адказ гаспадарнікаў заўсёды аднолькавы: гаворка ідзе не пра дарогі, а пра пад’язныя шляхі, прызначаныя для ажыццяўлення вытворчай дзейнасці. Адпаведна, ніхто не абавязаны ствараць ўмовы для зручнага перасоўвання да кладбішчаў прыватных асоб. У такім выпадку застаецца хіба што пратоптваць сцежкі, часам кіламетровыя, а калі прайсці такі шлях старэючым нашчадкам становіцца не пад сілу, зарастаюць і тыя сцежкі, і клады…
Цяпер пра арганізацыі, асобы юрыдычныя. 29 верасня 2015 г. Гарадоцкім райвыканкамам было прынята рашэнне «Аб некаторых мерах па арганізацыі месцаў пахавання ў Гарадоцкім раёне». Ім устаноўлена, што дзяржаўны ўлік участкаў для пахавання вядзецца КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак», а ў сельскай мясцовасці — сельвыканкамамі. Яны прысвойваюць участку ўлікавы нумар з указаннем месца пахавання, звестак аб пахаванай асобе, даты яе нараджэння і смерці, улікавы нумар участка, а таксама звестак аб асобах, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання, устаноўкі надмагільнага збудавання. Згодна з гэтым рашэннем, памер участка для двухмеснага пахавання, які прадастаўляецца бясплатна, складае 2,3 х 2 м, для аднамеснага пахавання — 2,3 х 1,4 м. Плата за кожны квадратны метр, выдзелены звыш такога ўчастка (для добраўпарадкавання), складае 1 базавую велічыню. Максімальны памер участка, які рэзервуецца для наступных пахаванняў і выдзяляецца звыш участка, што прадастаўляецца бязвыплатна, складае 20 м2. Плата за кожны квадратны метр такога ўчастка складае 1,5 б.в.
— У цяперашні час на балансе нашага прадпрыемства знаходзяцца ўсе 145 могілак, што ёсць у Гарадоцкім раёне, з іх 142 — сельскія, — расказвае намеснік дырэктара па жыллёва-камунальнай гаспадарцы ГПКіЦС І.В. Казакова. — У іншых раёнах вобласці яны — на балансе сельскіх саветаў. Пры перадачы могілак нам дадатковага бюджэтнага фінансавання на іх утрыманне не выдзялялася. З тых сродкаў, што на нашым прадпрыемстве прадугледжаны на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, выдзяляем хаця б нешта і на догляд за могілкамі. Часцей выдаткі па іх уборцы кладуцца на нашы страты. Напрыклад, 17 кастрычніка з 9 да 17 гадзін на вывазцы смецця з Іванаўскіх могілак працавала шэсць адзінак тэхнікі, уключаючы 20-тонны грузавік — і ўсё за кошт «кацельных». Складана і вельмі дорага выдаляць аварыйныя дрэвы. Па перыметры могілак іх практычна ўсюды спілавалі, бо там ёсць магчымасць  скіраваць іх падзенне на навакольнае поле. Пасярод жа магіл старое дрэва можа спілаваць толькі спецыяльна падрыхтаваны спецыяліст, які зробіць гэта, не пашкодзіўшы помнікі і агароджы, з дапамогай прамысловага альпінісцкага абсталявання. Кошт такіх паслуг можа дасягаць і 150, і 350 рублёў.
Відаць, і з гэтай прычыны спадчыннікі не рвуцца наводзіць парадкі на могілках самастойна, перакладваючы адказнасць за чысціню на іх на камунальшчыкаў ці сельвыканкамы. Між тым, ухвальная і вартая пераймання практыка дзе-нідзе існуе. Напрыклад, у Глыбоцкім раёне па ініцыятыве сельвыканкамаў, балансаўтрымальнікаў могілак, на працягу некалькіх апошніх год насельніцтва збірае ахвяраванні на іх добраўпарадкаванне. Спачатку працэс ішоў марудна і неахвотна, але, убачыўшы, як мяняюцца месцы апошняга спакою — аварыйныя дрэвы спільваюцца, высякаюцца хмызнякі, з’яўляюцца бетонныя агароджы, рэгулярна вывозіцца смецце, якога стала значна менш з-за выдалення залішняй расліннасці — людзі без пярэчанняў здаюць грошы на патрэбную справу. Ці вось на мяжы адных з гродненскіх гарадскіх могілак усталяваны шлагбаум, праязджаючы за які аўтаўладальнікі ўносяць невялікую плату, якая выкарыстоўваецца на ўтрыманне і добраўпарадкаванне гэтых могілак. У выніку там — чысціня і парадак.
…Летась мне давялося шукаць магілу чалавека, якую хацелі наведаць яго калегі. Ён жыў і памёр не на Гарадоччыне, але яго апошняй воляй было, каб яго пахавалі тут, дзе ён нарадзіўся і вырас, побач з маці. Яго знаёмцы былі на пахаванні, але ў той журботны дзень некалькі год таму, не запомнілі, у якой іменна вёсцы пахавалі свайго сябра. Кантакты з яго сям’ёй таксама згубіліся. За дапамогай адшукаць не такую ўжо старую магілу я звярнулася ў адзін з сельвыканкамаў, на тэрыторыі якога, на адных з сямі могілак, меркавалася, і быў пахаваны мужчына. Абставіны, якія адкрыліся, мяне надзвычай здзівілі. У сельвыканкаме не аказалася дакументаў персанальнага ўліку пахаванняў.
— Так, падобныя журналы строга не вяліся. У апошнія гады мы спрабавалі давесці справы да ладу, рабілі своеасаблівыя рэвізіі на могілках, — распавёў тады старшыня сельвыканкама. — Для гэтага хадзілі па іх, разбівалі на сектары і рады (калі можна прывесці да геаметрычнага ўзору той хаос, што там дзеецца), перапісвалі дадзеныя з помнікаў, прысвойвалі магілам нумары, каб хаця б неяк сістэматызаваць і па магчымасці паўней улічыць, дзе чый апошні прытулак. Заяўляць, што звескі поўныя, не магу, сабралі тое, што маглі. І цяпер людзі не лічаць сябе абавязанымі паведаміць у сельвыканкам, дзе пахавалі родзічаў. Такія звесткі мы атрымліваем ад іх, калі яны звяртаюцца па пасведчанні аб смерці. Здараецца, іх выдаём не мы, а іншыя ўпаўнаважаныя структуры, а хаваць людзей вязуць да нас. Хаваюць — а мы і не ведаем: наглядчыкаў на могілках няма. Відаць, так здарылася і з магілай вашага знаёмага.
Гэта яшчэ адзін яскравы прыклад таго, як па-наплявальніцку мы адносімся да памяці аб дарагіх калісьці людзях. А ён жа не адзінкавы, такое становішча хутчэй заканамернасць, чым выключэнне. Захочаш, як прынята ў добрых людзей, у думках пагаварыць з чалавекам, які пайшоў з жыцця, пакланіцца яго магіле — і не знойдзеш, дзе ж ён пахаваны.
Выправіць стан спраў прызваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. «Аб рэгістры насельніцтва» і наступныя падзаконныя акты. Імі замацаваны пералік арганізацый, якія ўносяць у рэгістр насельніцтва дадзеныя аб месцах пахаванняў і ажыццяўляюць вядзенне кнігі дзяржаўнага ўліку участкаў для пахавання. На тэрыторыі нашага раёна гэта КУВП «ГПКіЦС» і ўсе дзесяць мясцовых сельвыканкамаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
У якасці ілюстрацыі выкарыстана фатаграфія карціны І. Левітана «Над вечным спакоем».

  У адпаведнасці з Правіламі ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання, зацверджанымі пастановай Міністэрства ЖКГ ад 10 чэрвеня 2016 г. № 17, якая ўступае ў сілу з 29 ліпеня 2017 г., падзахаванне ў магілу, якая існуе, труны з целам (астанкамі) памершага мужа ці жонкі, ці аднаго з блізкіх родзічаў і сваякоў ажыццяўляецца па сканчэнні 20 год пасля першага пахавання, якое зроблена на глыбіню не менш за 1,5 м, або пры наяўнасці вольнага месца (у межах участка для пахавання, агароджы, кветніка) памерам не менш за 1 м па шырыні.

******************

 Назва Іванаўскім гарадскім могілкам, дарэчы, адзіным, дзе працуе наглядчык, і самым «маладым» у раёне, была дадзена па імені першага пахаванага тут чалавека. Па ўспамінах былога супрацоўніка рэдакцыі М.І. Краўцова, дзядзька Іван, прозвішча якога не захавалася, працаваў конюхам у ветэрынарнай лячэбніцы. Жыў ён адзін, але да школьнікаў-старшакласнікаў, адным з якіх і быў Мікалай Іванавіч, быў ласкавы: не аднойчы даваў конскія сані, каб пакатацца ўзімку з гары. Памёр дзядзька Іван дзесьці ў 50-я, побач з ім сталі хаваць іншых нябожчыкаў, везлі іх «да Івана», «на Іванаўскую тэрыторыю». Так гэта назва і замацавалася ў народзе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *