Восеньскі кірмаш прайшоў у Гарадку

Актуальное Повод

  Восеньскія кірмашы для народа — свята. Няхай нідзе не зафіксаванае і крыху нагружанае задачай зрабіць неабходныя пакупкі, але любімае. Патаўчыся ў прыўзнятым натоўпе, у чарзе сустрэцца і пагаманіць з даўнім знаёмым — прыемна. Гаворка і клопат, вядома ж, пра хлеб надзённы, а дакладней пра бульбу і капусту, цыбулю і моркву, зерне і мяса, цэны на іх і сытную зімоўку…
  Багата і гандляроў, і пакупнікоў сабраў 15 кастрычніка восеньскі кірмаш у Гарадку. Мяхі і торбы падвозілі ды развозілі на машынах, конях, веласіпедах, цягнулі ў руках і на плячах — наколькі дазвалялі магчымасці кашалькоў і фізічных сіл.yarmarka

  Прамысловых тавараў, па праўдзе кажучы, было нягуста. Чэргаў ля гандлёвых кропак з імі не было, хіба што ў палатцы СТАА «Ланатэкс» (на здымку) людзі бралі буркі, тапкі, камізэлькі — уцяпляліся.
— Ці то дрэнна гляджу, ці то сёння ніводнага сельскагаспадарчага прадпрыемства няма, — гучна здзіўлялася адна кабета іншай. — Ялавічыны, цяляціны, бараніны нідзе ні кілаграма, свініна ніколькі не таннейшая, як раней бывала. Мёд толькі ў адным месцы бачыла. Рыбай гандлявалі, ды мала было — за якуюсь гадзіну распрадалі… Будзем есці капусту з бульбай.yarmarka.1jpg
Гародніны ж хапала. Насычаным быў гандлёвы рад Гарадоцкага райспажыўтаварыства, хаця зніжэння цэнаў тут не назіралася: усё па тым жа кошце, што і ў крамах. Тое ж тычылася ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» і «Віцебскі мясакамбінат». Дзе было прывабней — адразу ж з’яўлялася чарга: ля магазіна «Ласунак», машыны ААТ «Рудакова». Ажно тры сялянска-фермерскія гаспадаркі прапаноўвалі садаводам саджанцы пладовых дрэў і кустоў. Набывалі іх вельмі ахвотна: у прыватным сектары і на сялянскіх сядзібах ёсць дзе вырасціць свае ігрушы ды маліны.
Бадай адной установай, якая гандлявала зернем, быў ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, таму натоўп ля яго машыны не разыходзіўся. Асартымент каледжа заўсёды разнастайны, не адступілі ад гэтага правіла і сёлета. Юнак і дзяўчына ў нацыянальным адзенні запрашалі затрымацца ў палатцы, каб азнаёміцца з дзейнасцю сваёй установы адукацыі, купіць грэчневыя крупы па 2 рублі за кіло, насенне сельскагаспадарчых культур, мяса, паўфабрыкаты, іншыя прысмакі.
Беларускі каларыт восеньскім кірмашам традыцыйна надавала палатка Дома рамёстваў і фальклору. І сёлета яна вабіла золатам саламяных сувеніраў, яркімі фарбамі вырабаў ручной работы. Да аздаблення агульнай гандлёвай плошчы на гэты раз упершыню далучыўся аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Цацкі, пано, іншыя вырабы, што зроблены дзецьмі ў гуртках па інтарэсах, можна было і набыць, і разгледзець. У імправізаваным кафэ, аздобленым у нацыянальным стылі, тыя, хто прагаладаўся, падсілкоўваліся гарачымі юшкай і амлетамі. Ежу хвалілі.yarmarka2jpg
На працягу работы кірмашу не змаўкалі песні ды прыпеўкі на канцэртнай пляцоўцы: заклікалі весяліцца вакальная група «Мікс» Пальмінскага СДК, яго салістка Вольга Жынь, бабуля і ўнук Ніна і Вадзім Аляксеевы, салісты Гарадоцкага ГДК Алег Пуляроў і Мікалай Фамін. З песняй сапраўды было цяплей, хаця б на той час, пакуль гледачы адбівалі далоні, дзякуючы артыстам за створаны настрой.
Галоўнай жа інтрыгай і знаходкай кірмашу была бяспройгрышная латарэя, якую арганізавала птушкафабрыка, — крэатыўная, як заўсёды. Не змаўкалі жарты і прыгаворкі ад бойкіх жанчын у квяцістых шалях. За два рублі яны прапанавалі выпрабаваць сваю ўдачу: выйграць галоўны прыз — вялізнага індыка пра якога адзін мужчына сказаў: «Хоць ты на ім дадому едзь!» ці што больш сціплае: курыцу, пеўня, індычыну, яйкі, гародніну. Азарт браў сваё, адбою ад удзельнікаў імгненнай латарэі не было, не было і надта расчараваных (на здымку). Трох меншых індыкоў і дзесяткі іншых прызоў шчасліўцы пацягнулі дадому. yarmarka.3jpg
Астатак суботняга дня быў для многіх кірмашоўцаў таксама насычаным: трэба было засыпаць на захаванне бульбу-моркву, абмеркаваць рэцэпт квашэння капусты, пасадзіць прыдбаную яблыньку. Халады, якія вось-вось наступяць, не перашкода таму, каб працягвалася жыццё і песня.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *