У Мяжанскім СДК адбыўся раённы конкурс «Супербабулі»

Актуальное Конкурсы Культура

 Раённы конкурс «Супербабулі» становіцца традыцыйным. У кастрычніку ён адбыўся ў Мяжанскім СДК, і ўдзел у ім узялі сем прадстаўніц з розных сельскіх населеных пунктаў Гарадоччыны. Гэтыя абаяльныя, прыгожыя жанчыны даказалі, што з набыццём статусу бабуль — а ён з’яўляецца разам са з’яўленнем унукаў — жыццё ўзбагачаецца новымі фарбамі. З вышыні сваёй мудрасці жанчыны шчодра і ласкава клапоцяцца пра новых, самых маленькіх, а таму самых любімых членаў сваіх сям’яў, дораць ім нерастрачаную дагэтуль дабрыню і пяшчоту.babuli

 Конкурс, арганізаваны Гарадоцкім цэнтрам традыцыйнай культуры і народнай творчасці, у якім згадзіліся паўдзельнічаць жанчыны, стаў для іх не столькі выпрабаваннем, колькі магчымасцю выступіць у новай якасці — артыстак, натхніў перагледзець свае прычоскі і ўборы, праявіць фантазію і лепшыя якасці гаспадынь, казачніц, танцорак. Рэжысёр мерапрыемства Марыяна Каралёва адзначыла, што працаваць з канкурсанткамі — а выхаду на сцэну папярэднічала вялікая рэпетыцыйная і арганізацыйная работа — было лёгка і прыемна. Конкурс жа, які складаўся з пяці тураў: «Фотапрэзентацыя», «Візітная картачка», «Танцпляцоўка», «Смачна есці!», «Казачныя знаёмыя», стаў сапраўдным сямейным святам.
Пазнаёмімся ж з ўдзельніцамі конкурсу (на здымку)! Ірына Аляксееўна Косцерава, мастацкі кіраўнік Вархоўскага СДК. Маці трох сыноў і бабуля чацвярых унукаў. Захапляецца шыццём. Заняла 2-е месца. Людміла Пятроўна Барсукова, сацыяльны работнік ТЦСАН з аг. Бычыха, маці чацвярых дзяцей і бабуля. Хобі — рыбалка. Стала ўладальніцай гран-пры. Надзея Дзмітрыеўна Анашкіна з аг. Пальмінка працуе ў райспажыўтаварыстве. Маці двух сыноў і бабуля дзвюх унучак. Любіць спяваць народныя песні. Вольга Мікалаеўна Лапаценка з Дубрава, з нядаўняга часу — пенсіянерка. Маці двух сыноў і аднаго ўнука. Добра шые і вяжа. Гэтыя дзве бабулі падзялілі 3-ю прыступку ганаровага п’едэсталу. Алена Віктараўна Раманава, бібліятэкар Сцяпанавіцкай бібліятэкі. У яе двое дзяцей і ўначачка. З задавальненнем займаецца кветкаводствам. Прызнана самай чароўнай бабуляй конкурсу. Марына Уладзіміраўна Суворава працуе бібліятэкарам Верамееўскай бібліятэкі. Выгадавала двух сыноў, дачакалася першай унучачкі. Названа самай абаяльнай бабуляй мерапрыемства. Ганна Анатольеўна Бяссонава, медсястра Езярышчанскай бальніцы сестрынскага догляду. У яе сын і дачка і двое ўнукаў. Заняла 1-е месца. Усе канкурсанткі атрымалі памятныя падарункі, набытыя за кошт сродкаў спонсараў. У іх якасці выступілі Гарадоцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, прафкамы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ТЦСАН, ЦРБ, ТДА «Бразерс», магазін «Вішэра», ІП Т.П. Новікава (аг. Пальмінка).
Саша СЯМЁНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *