Занятыя, але не ўсе

Актуальное Острый ракурс

  24 кастрычніка ўступіла ў сілу новая рэдакцыя закона аб занятасці насельніцтва Беларусі. У прыватнасці, каб стымуляваць беспрацоўных да больш актыўнага пошуку работы, устаноўлена іх адказнасць за парушэнне заканадаўства аб занятасці. Удвая, з 36 да 18 месяцаў, скарочаны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных. Для наймальнікаў устаноўлена адказнасць пісьмова інфармаваць органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аб наяўнасці вакансій на працягу пяці дзён з даты іх утварэння (раней — на працягу двух тыдняў). Наймальнікаў таксама абавязалі інфармаваць адпаведныя органы аб запаўненні вакансій у той жа дзень.obevlenie

  Ядро прававога статуса беспрацоўнага складаюць дзяржаўныя гарантыі сацыяльнай падтрымкі беспрацоўных. У прыватнасці, дзяржава гарантуе беспрацоўным: выплату дапамогі па беспрацоўі, у тым ліку ў перыяд часовай непрацаздольнасці; выплату стыпендыі ў перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі па накіраванні службы занятасці, у тым ліку ў перыяд часовай непрацаздольнасці; магчымасць удзелу ў аплочваемых грамадскіх работах; кампенсацыю затрат ў сувязі з добраахвотным пераездам у іншую мясцовасць для працаўладкавання па прапанове службы занятасці. Пры гэтым шэсць месяцаў, на працягу якіх грамадзянін атрымлівае дапамогу па беспрацоўі, час, на працягу якога грамадзянін атрымлівае стыпендыю, прымае ўдзел у грамадскіх работах, час, неабходны для пераезду па накіраванні службы занятасці ў іншую мясцовасць і працаўладкавання, залічваецца ў агульны працоўны стаж.
У той жа час статус беспрацоўнага выклікае наяўнасць ў грамадзяніна пэўных абавязкаў, важнейшыя з якіх — своечасова з’яўляцца ў службу занятасці для атрымання накіравання на работу (вучобу); па накіраванні службы занятасці своечасова з’яўляцца на перамовы з працадаўцам аб працаўладкаванні.
Новая рэдакцыя Закона «Аб занятасці ў Рэспубліцы Беларусь» прадугледжвае, што афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя павінны самастойна займацца пошукам работы і інфармаваць аб яго выніках органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па іх патрабаванні. Беспрацоўныя абавязаны з’яўляцца па запрашэнні службы занятасці для атрымання накіравання на работу ці прафесійнае навучанне, а пры адсутнасці такога запрашэння — не радзей за адзін раз у месяц ва ўстаноўлены дзень. На перамовы з працадаўцам аб працаўладкаванні яны павінны прыходзіць на працягу двух працоўных дзён з дня выдачы накіравання. Ім давядзецца своечасова інфармаваць службу занятасці аб змяненні месца жыхарства, самастойным працаўладкаванні (у тым ліку на часовую работу), заключэнні грамадзянска-прававых дагавораў, аб наступленні іншых абставін, якія цягнуць зняцце з уліку, спыненне ці прыпыненне выплаты дапамогі па беспрацоўі.
Удакладнены нюансы паўторнай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных. Тыя, хто раней зняты з уліку за няяўку ў службу занятасці без уважлівай прычыны больш за два месяцы (раней — за тры), могуць быць паўторна зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных толькі праз 12 месяцаў пасля зняцця іх з уліку. А тыя беспрацоўныя, якіх знялі з уліку з-за спробы атрымання або атрымання дапамогі падманным шляхам, могуць быць зарэгістраваны таксама па заканчэнні 12 месяцаў, але пры ўмове пакрыцця нанесенага ўрону.
Як паведамілі ў службе занятасці Гарадоцкага раёна, з пачатку гэтага года да 1 кастрычніка на ўлік у якасці беспрацоўных сталі 375 чалавек (у аналагічным перыядзе мінулага года — 388). За гэты перыяд працаўладкаваны 273 чалавекі. Узровень беспрацоўных да эканамічна актыўнага насельніцтва складае 0,9%.
На 1 кастрычніка ў раёне зарэгістравана 85 беспрацоўных, 46 з іх атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Нагадаем, што ў адпаведнасці з арт.24 Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» у назначэнні дапамогі можа быць адмоўлена ў выпадках: спынення працоўнага дагавора, заключанага на нявызначаны тэрмін, па ўласным жаданні, пагадненні бакоў або спынення працоўнага дагавора на падставах, прадугледжаных пп.4, 5, 7-9 арт.42, п.5 арт.44 і арт.47 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. А таксама звальнення (адлічэння) за парушэнне воінскай (навучальнай) дысцыпліны, страты (адсутнасці) крыніцы даходу ў выніку незаконных дзеянняў; непрадстаўлення дэкларацыі аб даходах. Падагульняючы, прыходзім да высновы, што матывамі звальнення работнікаў па гэтых падставах пераважна служаць іх віноўныя дзеянні.
Агульная сума выплачаных за верасень дапамог па беспрацоўі склала 1138 рублёў. Індывідуальная дапамога ў адносінах кожнага з беспрацоўных складае ад адной да дзвюх базавых велічынь, або ад 21 да 42 руб. З 1 лістапада бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня ў разліку на месяц у рэспубліцы складае 174,52 руб. Такім чынам, дапамога па беспрацоўі сёння складае ад 12 да 24% бюджэту пражытачнага мінімуму. Атрымаць сціплыя сумы можна пры ўмове, што беспрацоўны выконвае нормы ўдзелу ў аплочваемых грамадскіх работах. Зараз, па рашэнні райвыканкама, гэта норма складае не менш за тры дні ў месяц.
На афіцыйным сайце Гарадоцкага райвыканкама 3 лістапада зарэгістравана 81 вакансія, што ёсць у нашым раёне. База штодзённа абнаўляецца. Працаўладкавацца ў райцэнтры могуць 38 чалавек, астатнія — у сельскай мясцовасці. Жыллё патэнцыяльным 11 работнікам прадстаўляюць толькі КУСГП «Сцяпанавічы» (электрагазазваршчыку, брыгадзіру, галоўнаму ветурачу і інспектару па кадрах) і СРДУП «Улішыцы-Агра» (аператару машыннага даення, заатэхніку, трактарысту-машыністу, жывёлаводу, электрагазазваршчыку, упраўляючаму, аператару па штучным асемяненні жывёлы і птушкі). Самую маленькую зарплату абяцаюць урачу-спецыялісту РЦГіЭ — 59,87 руб. на 0,25 стаўкі, самую вялікую, 650 руб., -галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу УП «Паўночны». Пераважна ж будучая зарплата складае 239-250 руб.
— Самыя частыя прычыны, якія замінаюць працаўладкаванню беспрацоўных, — гэта аддаленасць патэнцыяльнага месца работы ад іх пастаяннага месца пражывання, а таксама неадпаведнасць узроўню прафесійнай адукацыі і патрабаванняў да стажу работы кваліфікацыйным патрабаванням, што прад’яўляюцца да вакантнай пасады,  — даводзіць намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гарадоцкага райвыканкама Г.Л. Сталярова. — Усяго 9%  зарэгістраваных у нас беспрацоўных маюць вышэйшую адукацыю, 21% — сярэднюю спецыяльную, 35% — прафесійна-тэхнічную, а ў 35% яна толькі агульная сярэдняя або агульная базавая. Многія па прычыне перапынку ў рабоце страцілі свае прафесійныя навыкі. Мы прапаноўваем навучанне або перанавучанне па запатрабаваных у раёне спецыяльнасцях. За 10 месяцаў гэтага года яно закранула 18 чалавек, абсалютная большасць з іх працаўладкаваны. Зараз два чалавекі па нашых накіраваннях вучацца на аператараў кацельных. З лістапада будуць арганізаваны курсы для электраманцёраў, муляроў-печнікоў, вадзіцеляў пагрузчыкаў — пераважна па мужчынскіх прафесіях. Сёлета адной сям’і была аказана падтрымка па перасяленні ў сувязі з працаўладкаваннем у іншы раён.
Да змяненняў ў законе аб занятасці: ўпершыню заканадаўча вызначаны катэгорыі работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Гэта тыя, хто падлягае звальненню ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; папярэджаны аб скарачэнні колькасці або штата работнікаў; па ініцыятыве наймальніка знаходзяцца ў вымушаным прастоі, у водпуску без захавання або з частковым захаваннем зарплаты, працуюць у рэжыме няпоўнага працоўнага часу.
Наймальнікаў абавязалі інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб вызваленні работнікаў, якое мае адбыцца не пазней, чым за два месяцы. Гэта дазволіць загадзя спрагназаваць, колькі чалавек патэнцыяльна маюць патрэбу ў падборы месца работы, і прыняць неабходныя меры па іх уцягненні ў працоўную дзейнасць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымку:   такая аб’ява размешчана на прахадной КУВП «ГПКіЦС».

*********

— Рашыў у якасці беспрацоўнага не рэгістравацца, — расказвае 35-гадовы мужчына, які пажадаў застацца ананімным. — Навошта? Служба занятасці не можа прапанаваць мне годную — па зарплаце, па маёй адукацыі і навыках выдатнага будаўніка-універсала — работу. Пачынаў працоўную дзейнасць на дзяржаўным прадпрыемстве, але калі ажаніўся, нарадзіліся дзеці, задумаўся, што маёй зарплаты не хопіць на іх утрыманне. Быў маскоўскім гастарбайтарам, зарабляў на кватэру і яе абстаноўку. Два гады таму вярнуўся дадому — хочацца бачыць, як растуць малыя, выхоўваць іх. Цяпер аддаю перавагу выпадковым, але істотным заробкам і ў Беларусі, і ў Расіі, афіцыйна не працаўладкаваны. Калі пытанне аб выплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў паўстане рубам, гатовы гэтую выплату зрабіць. Пенсію забяспечу сабе сам: штомесяц адкладваю пэўную суму «на старасць».

**********

  — Мы з мужам не лайдакі, не зломкі, — сцвярджае жыхарка адной з вёсак, што ў Даўгапольскім сельсавеце. — Выраслі тут, у спадчыну атрымалі бацькоўскую сядзібу. Уладкавалі яе як мага лепш па сваіх здольнасцях і фінансавых магчымасцях. Абодва працавалі ў сельскай гаспадарцы, але цяпер паблізу ад нас няма ніякіх вытворчых аб’ектаў, працаваць няма дзе. Жывём са сваёй гаспадаркі, з агарода. Яшчэ не пенсіянеры, а працоўны стаж, неабходны для атрымання пенсіі па ўзросце, не напрацаваны. Крыўдна і нават сорамна, што трапілі ў непрывабны разрад беспрацоўных, а цяпер, можа, і дармаедаў. У службе занятасці могуць прапанаваць работу хіба што з пераездам, але куды мы паедзем ад бацькоўскага, свайго, абжытога? Хто дзе нас чакае? Дык лепей мець надзейны дах над галавой, чым рушыць у невядомасць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *