Захоўваюць традыцыі Гарадоцкага краю

Актуальное Культура

  У раённым фальклорным аглядзе-конкурсе традыцыйных вясельных абрадаў і спеваў Гарадоччыны, што насіў такую назву, на працягу года прымалі ўдзел клубныя ўстановы ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна».obrydy1

  Яны прадставілі абрады, у якіх прысутнічалі фальклорныя побытавыя танцы, гучалі прыгожыя вясельныя песні і прыпеўкі, здабытыя ў свой час у экспедыцыях па вёсках нашага раёна. Яны былі падобныя паміж сабой, але адначасова адметныя то мелодыяй, то тэкстам, то асаблівай манерай выкананання, характэрнай толькі для пэўнай мясцовасці. Гучалі велічальныя песні сватам і баяркам, бацькам і жаніху з кінягіняй, былі і жалобныя ад маці, і вельмі гучныя, вясёлыя, якія спявалі за сталом. Абавязковымі былі і маршы, каб ушанаваны быў кожны паважаны госць.
Апошнім этапам агляду-конкурсу была рэканструкцыя Гарадоцкага вяселля пачатку XX стагоддзя. Невыпадкова месцам яе правядзення стала Бычыха-край, дзе музычныя і песенныя традыцыі ведаюць амаль усе жыхары, дзякуючы багатай фальклорнай скарбніцы, якая здаўна існуе ў гэтай вёсцы. Тут калісьці жыў вядомы музыка-самавучка, віртуозны гарманіст і сапраўдны чалавек Іван Іванавіч Іўлеў.obrydy
Наш край багаты на таленты. Не кожны раён можа зараз пахваліцца такой колькасцю музыкаў і спевакоў, якія так удала прадставілі сваё майстэрства на рэканструкцыі вясельнага абраду: народныя фальклорныя калектывы «Глейна» ЦТКіНТ (кіраўнік Л.П. Рэзкіна), «Азерыца» Езярышчанскага ГПДК (Ж.М. Комава), «Спадарыня» Бычыхінскага СДК (дырэктар С.П. Шэнец), народны ансамбль гарманістаў ЦТКіНТ (кіраўнік У.У. Шакуцёў), майстар галосных спеваў Таццяна Раева і фальклорны калектыў Халамерскага СК (загадчыца Н.П. Склімянок). Усяго ў рэканструкцыі прынялі ўдзел 45 чалавек. Усім вялікі дзякуй за няпростую працу і добрыя адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, сваіх каранёў, старажытных традыцый продкаў. Нездарма ў народзе кажуць: «Чалавек жыве век, а добрая справа два».
Відэатэка і аўдыётэка цэнтра папоўнілася каштоўным матэрыялам, які будзе перададзены ў архіў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у ДУК «АМЦНТіКАР» г. Віцебска і ў Гарадоцкі краязнаўчы музей. Плануецца дэманстраваць запісы на раённых семінарах культработнікаў.
Лілія РЭЗКІНА,
намеснік дырэктара ЦТКіНТ.
На здымку: фрагменты рэканструкцыі вясельнага абраду.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *