Декрет № 18 действует десять лет

Актуальное Острый ракурс

 «Дзеці — жывыя кветкі зямлі», — сказаў Максім Горкі, і з такім выдатным параўнаннем складана не пагадзіцца. Званочкі дзіцячых галасоў, мілая непасрэднасць, ласкавасць, даверлівасць напаўняюць жыццё іх бацькоў, блізкіх ды і ўсіх людзей сэнсам, даюць надзею на шчаслівы працяг жыцця. Але сёння размова не пра тых дзяцей-кветак, якім хапае клопату і самааддачы любячых сэрцаў. Гаворка пойдзе пра тыя «жывыя кветкі зямлі», якія без падтрымкі дзяржавы пасохлі б, загінулі б у бацькоўскіх палісадніках. Іх біялагічныя мамы і таты не ўсвядомілі бясцэннай ролі сям’і ва ўтрыманні,  выхаванні дзіцяці, фарміраванні яго асобы. За гэтай афіцыйнай фармуліроўкай стаяць жахлівыя прыклады таго, у якім занядбанні даводзілася жыць безабаронным непаўналетнім. Клопат пра іх узяла на сябе дзяржава. Амаль дзесяць год таму, 24 лістапада 2006 г., быў прыняты спецыяльны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях», які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2007 г. Сёння можна канстатаваць, што гэты дакумент у значнай меры паўплываў на скаардынаванасць дзеянняў органаў і ўстаноў, якія прызваны выяўляць і рэагаваць на выпадкі недабрабыту дзіцяці.detdom

  З 2009 г. у краіне працуюць дзіцячыя сацыяльныя педагагічныя цэнтры, прызначаныя для часовага пражывання не больш за шэсць месяцаў на працягу каляндарнага года і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў. Гэтыя месцы, а для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці, становяцца першымі прытулкамі, куды трапляюць непаўналетнія, адабраныя ў гора-бацькоў.
Пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта № 18 пачалася актыўная праватворчая дзейнасць, распрацаваны і ўнесены змяненні ў шэраг адпаведных дакументаў, некаторыя з зацікаўленых органаў у дадатак да функцый, якімі ўжо валодалі, набылі новыя. Напрыклад, камісія па справах непаўналетніх атрымала права адбіраць дзяцей з сямей без рашэння суда для ўладкавання ў сацыяльна-педагаічны цэнтр ці Дом дзіцяці, надаваць дзіцяці статус таго, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне; аддзел адукацыі, спорту і турызму — весці банк дадзеных аб дзецях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) і якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне; установы адукацыі — надаваць дзіцяці статус таго, хто знаходзіцца ў СНС.
— Галоўная мэта Дэкрэта № 18 — дапамога, абарона дзяцей і іх вяртанне ў аздароўленыя біялагічныя сем’і, — сцвярджае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гарадоцкага райвыканкама Н.А. Ляшковіч. — Не варта думаць, што нейкія злосныя супрацоўнікі органаў апекі беспадстаўна вырываюць з рук несуцешных матуль іх крывіначкі. Гэта крайняя мера, якая прымяняецца толькі ў тым выпадку, калі існуе рэальная пагроза здароўю і жыццю дзіцяці. Кожнае рашэнне — нялёгкае, але абгрунтаванае, узважанае, іншага выйсця проста не існуе. Абы дзеці былі жывыя!
Наталія Аляксееўна пераканана, што ў выпадку адабрання дзіцяці з сям’і, больш за ўсіх пакутуе менавіта яно. Бацькі застаюцца ў прывычным для сябе асяроддзі, працягваюць жыць дома, хадзіць на работу (ці ўладкоўваюцца на яе), мець зносіны з даўно знаёмымі людзьмі. Дзеці ж нават у нармальных санітарных умовах, удосталь накормленыя, вылечаныя, пад наглядам чулых педагогаў бязмежна сумуюць па мамках. Сумавалі б і плакалі б па іх усе тыя мамкі!
…Непаўналетняя дзяўчына, што знаходзілася ў полі зроку праваахоўных органаў з-за сваіх асацыяльных паводзін, нарадзіла немаўля. На той час яна жыла з непуцёвым, раней судзімым мужчынам. Але ён запісвацца ў якасці бацькі не пажадаў. Па законе маці, якой не споўнілася 18 гадоў, нельга было аддаваць дзіця пры выпісцы з установы аховы здароўя. Пасрэднікам павінен быў стаць апякун. Такіх не знайшлося, і з радзільнага дома малы адправіўся ў Дом дзіцяці. Ні разу «зязюля» не наведала сваё дзіця. Бацька заключыў: «Ён нам не патрэбны». Па дасягненні паўналецця жанчына была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Трапіўшы ў статус абавязанай асобы, заклапочана пыталася адно: «Калі ж яго нарэшце ўсыновяць?» Гэта пытанне хвалявала недарэку таму, што ўсынаўленне ці ўдачарэнне пазбаўляе абавязаную асобу ад абавязку кампенсаваць дзяржаве сродкі, затрачаныя на ўтрыманне дзіцяці. Не вяртаюць грошы таксама недзеяздольныя бацькі і хворыя на захворванне, пры наяўнасці якога бацькі не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі.
Калі Дэкрэт № 18 уступаў у дзеянне, здавалася, што прымусіць працаваць п’яніц і лайдакоў, а менавіта так характарызуецца большасць гора-бацькоў, будзе немагчыма. Аднак удалося! Як паведаміла намеснік начальніка аддзела прымусовага выканання Гарадоцкага раёна А.Я. Мікалаева, са 102 абавязаных асоб у раёне працуюць 85. 11 чалавек знаходзяцца ў месцах прымусовага лячэння ад алкагалізму (ЛПП), пяцёра — у месцах пазбаўлення волі (МПВ),  адзін — у вышуку, што не вызваляе іх ад абавязку пагашэння доўгу. Асноўную работу па працаўладкаванні бацькоў пасля адымання ў іх дзяцей выконваюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
— Судовае пастанаўленне аб працаўладкаванні на працягу трох дзён пасля яго вынясення накіроўваецца ў АУС і орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства абавязанай асобы і падлягае неадкладнаму выкананню, — тлумачыць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадка і прафілактыкі Гарадоцкага РАУС А.В. Карпаў. — На працягу трох дзён вызначаюцца арганізацыі для працаўладкавання абавязаных. Яны павінны на наступны дзень пасля атрымання накіравання з’явіцца для працаўладкавання ў вызначаную арганізацыю. Аддзел АПіПП назірае за абавязанымі асобамі, забяспечвае іх яўку і нават суправаджэнне на медагляды, забяспечвае яўку для працаўладкавання ў службу занятасці, да наймальніка, вышуквае тых, хто скрываецца, кантралюе кампенсаванне расходаў па ўтрыманні дзяцей асобамі, што знаходзяцца ў МПВ ці ў ЛПП.
Адказнасць за ўхіленне бацькоў ад працаўладкавання па судовым пастанаўленні або работы прадугледжана арт.9.27 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Беларусі і прадугледжвае адміністрацыйны арышт. Адказнасць за ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсавання выдаткаў, затрачаных дзяржавай на іх утрыманне, прадугледжана таксама арт.174 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па ёй віноўныя могуць быць пакараны грамадскімі або выпраўленчымі работамі, арыштам, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі. За перыяд з 2008 г. па цяперашні час да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 179 абавязаных асоб. Прычынай гэтаму паслужыла пераважна тое, што на працягу трох месяцаў яны дапусцілі па 10 і больш прагулаў. Нягледзячы на строгія санкцыі, па словах Андрэя Карпава, толькі за верасень 15 абавязаных дапусцілі 61 прагул, двое адпрацавалі тры прагулы. Выснова — працуюць з-пад палкі, але выкруціцца ад сваіх абавязкаў не ўдасца.
— Наш аддзел прымае да вытворчасці дакументы, якія тычацца кампенсацыі абавязанымі асобамі расходаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, — расказвае Анжэла Мікалаева. — Іх памер усталёўваюць упаўнаважаныя на тое — спецыялізаваныя дзіцячыя ўстановы, аддзел адукацыі, спорту і турызму, каледжы.  Сумы могуць вагацца штомесяц. Зараз, напрыклад, яны складаюць ад 144 руб. 52 кап. да 230 руб. 73 кап. Калі бацькоўскіх правоў пазбаўлены і муж, і жонка, яны кампенсуюць выдаткі ў салідарным парадку. Ім лягчэй, чым, скажам, маці-адзіночцы, а яны складаюць значную частку абавязаных асоб. Спаганецца да 70% заробку. Нават калі жанчына, скажам, знаходзіцца ў водпуску па догляду за чарговым дзіцём ва ўзросце да трох гадоў, з яе спаганяецца 50% сумы яе даходу.
Улічваючы, што абавязаныя асобы маюць невысокі ўзровень адукацыі і кваліфікацыі, яны пераважна працуюць па рабочых спецыяльнасцях, за невялікую заработную плату на сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемствах. Нават аддаючы 70% свайго заробку, яны не ў поўнай меры кампенсуюць выдаткі дзяржаве, трапляюць у разрад даўжнікоў. Па стане на 1 лістапада, па словах А.Я. Мікалаевай, агульная сума запазычанасці па кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, складае 616 тыс. 560 руб. (6 млрд 165 млн 600 тыс. руб. старымі).
Напрыклад, адна з жанчын пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах чацвярых дзяцей. Аднаго з іх усынавілі, але ў адносінах трох яна кампенсуе выдаткі дзяржаве. Працуючы на ферме без прагулаў, за мінулы месяц яна зарабіла 360 руб., 252 выплаціла. Але гэта не ўся сума, якая штомесяц складае каля 690 руб. Раз ад разу запазычанасць расце і за чатыры з паловай гады ўжо дасягнула 23 тыс. 929 руб. Пагашаць яе давядзецца і пасля таго, як дзеці дасягнуць свайго паўналецця. На якія горкія капейкі жыве сама пазбаўленая бацькоўскіх правоў, падлічыць няцяжка. Да таго ж, працягласць асноўнага працоўнага водпуску для абавязаных асоб складае сем дзён, дадатковыя і сацыяльныя водпускі не прадстаўляюцца. Аб тым, што чалавек з’яўляецца абавязанай асобай, робіцца адзнака ў яго пашпарце. Такім чынам, збегчы і ўтаіць непрывабныя бакі свайго жыцця не ўдасца.
…П’яныя бацькі ішлі толькі таму, што трымаліся за каляску, у якой сядзела іх двухгадовае дзіцё. Заўважыўшы, што іх прыкмецілі ў такім непрывабным стане, за што можна і пакаранне панесці, тата ўцёк і схаваўся. Маці ж кінула дзіця на супрацоўніка органаў апекі, які паспяшыў па трывожным сігнале, і таксама збегла. Жанчыну ў адносінах малога, які ўжо праз месяц пасля свайго нараджэння трапіў у статус дзіцяці, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якога ўжо забіралі ў Дом дзіцяці, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Як раней — у адносінах двух старэйшых яе дзяцей.
Шэсць гадоў камісія па справах непаўналетніх, іншыя дзяржаўныя органы змагаліся за тое, каб захаваць суцэльнасць яшчэ адной сям’і. У поле іх зроку яна трапіла, калі згарэў дом, дзе разам з бацькамі, былымі мужам і жонкай, жылі двое непаўналетніх. На шчасце, ніхто не пацярпеў: дома нікога не было, бацькі паасобку п’янствавалі ў «сяброў». Жанчыне выдзелілі кватэру, аказалі матэрыяльную дапамогу, малодшае дзіця, інвалід па слыху, жыло з ёй, старэйшае — з бацькам. Але неўзабаве ён памёр. Адносіны шалапутнай маці са старэйшым дзіцём не складваліся, яно не падпарадкавалася ёй. Вытрымкі з пратаколаў пасяджэнняў КСН, нягледзячы на рэгулярную прафілактычную работу, якая праводзілася з дарослымі ў гэтай сям’і, з кожным разам станавіліся ўсё больш змрочнымі. Зафіксаваны неаднаразовыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, неўладкаванне на работу на працягу доўгага часу, адсутнасць прадуктаў харчавання, бруд і заняпад у кватэры, запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг і дзіцячага садка, пакіданне дашкольніка без нагляду, сумніўнае сужыцельства, сямейныя скандалы, раўнадушша маці да спраў старэйшага дзіцяці, яго пастаноўка на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх па прычыне здзяйснення супрацьпраўных учынкаў. І ўрэшце: «Яна з’явілася па месцы жыхарства, не патлумачыўшы сваёй трохтыднёвай адсутнасці», «За тры тыдні знаходжання дзіцяці ў бальніцы на стацыянарным лячэнні маці ні разу не пацікавілася яго самаадчуваннем, не патэлефанавала ўрачам, не наведала яго». Апошнія кроплі цярпення скончыліся, бо сваімі паводзінамі маці пазбаўляла сваіх дзяцей мінімальных жыццёвых даброт, неабходных для пражывання і развіцця, не клапацілася не тое што пра іх псіхічны стан, але пра элементарнае матэрыяльна-бытавое забеспячэнне. Больш яна не маці. Абавязаная асоба.
За час дзеяння Дэкрэта № 18 233 дзіцяці са 125 сямей прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У 66 біялагічных сем’яў вернуты 134 дзіцяці. 117 бацькоў з 98 у адносінах 158 дзяцей пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Удумайцеся: прыкладна столькі рабят сёння вучыцца ў Пальмінскай школе!
За дзесяць год бацькі з 18 сем’яў аднавіліся ў бацькоўскіх правах у адносінах 28 дзяцей. Ні сёлета, ні летась такі подзвіг — а інакш не назавеш тытанічныя намаганні, якія прыкладзены бацькамі, каб адмовіцца ад асацыяльнага ладу жыцця, кінуць піць, сумленна працаваць, належным чынам уладкаваць бытавыя ўмовы, з адзінай мэтай: даказаць дзіцяці сваю любоў, вярнуць яго дадому — не ўдаўся нікому.
— Галоўная ўмова для аднаўлення ў бацькоўскіх правах — не губляць сувязі з дзіцём, прысутнасць у яго жыцці, удзел у ім, — сцвярджае Н.А. Ляшковіч. — Калі ўчынкі бацькоў будуць набліжаць уз’яднанне сям’і, самі за сябе гаварыць, што дзіця ім патрэбнае, дзяржаўныя органы абавязкова пойдуць насустрач. Яны нават гатовыя скасаваць запазычанасць перад дзяржавай па кампенсаванні выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, калі такая будзе існаваць. Толькі дакажыце, што ваша імкненне самім гадаваць сваіх дзяцей шчырае, абдуманае, узважанае, вы ад яго не адступіце! Шанц на нармальнае жыццё, сямейнае шчасце ёсць заўсёды.
Насцярожвае той факт, што на цяперашні час у раёне 131 дзіцяці нададзены статус дзіця, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яны выхоўваюцца ў 65 сем’ях. Дарослыя ў іх сталі на слізкі шлях і цягнуць за сабою дачок і сынкоў, якія з лёгкасцю засвойваюць іх заганы. Ці  не давядзецца абараняць іх ад іх жа бацькоў дзяржаве? Ці ўсё ж , крытычна агледзеўшы сваё існаванне, бацькі стануць сапраўднымі татамі і мамамі, а не трапяць у прыкры разрад абавязаных асоб?
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *