Бычихинская школа растит спортсменов

Актуальное Образование Спорт

  Актыўны рух для навучэнцаў Бычыхінскай сярэдняй школы — неад’емная, вельмі натуральная частка іх жыцця. Спяшацца на ўрокі фізкультуры, неахвотна разыходзіцца з іх, падчас пераменак бяжаць за ракеткамі, каб згуляць партыю ў настольны тэніс, пасля заняткаў і ў выхадныя наведваць секцыі, уладкоўваць спартыўныя святы рабяты адкрыта любяць. Выкладчык фізкультуры і здароўя Сяргей Леанідавіч Гамзелеў для іх беспярэчны аўтарытэт. Менавіта з гэтай прычыны яны імкнуцца ўдасканальвацца фізічна, радаваць яго, настаўнікаў, бацькоў, саміх сябе спартыўнымі ўдачамі.bychiha

  Поспехі ж фізкультурнікаў-«зорачак» сапраўды прыкметныя: у 2015-16 навучальным годзе ў раённай спартакіядзе сярод шасці школ першай групы Бычыхінская СШ, самая малалікая сярод сапернікаў (у асобных класах вучыцца ўсяго па 4-5 дзяцей), заняла 2-е месца.
— Сам я аматар менавіта лыжнага спорту, па гэтаму профілю скончыў у свой час Віцебскі тэхнікум фізкультуры, — расказвае настаўнік з 40-гадовым стажам С.Л. Гамзелеў. — Лічу яго самым здаровым і карысным, бо ён трэніруе вынослівасць, фізічную і маральную сілу, загартоўвае. Бег на лыжах куды лепшы занятак, чым сядзенне за камп’ютарамі і ў тэлефонах. Дзякуй прыродзе: сёлета ўзімку ўдосталь снегу — дзеці і ў выхадныя клічуць мяне на лыжню.
Вельмі дарэчы прыйшоўся зроблены летась школе Гарадоцкім райвыканкамам падарунак: 10 пар выдатных сучасных лыжаў. Яшчэ дзве пары спецыяльна для малодшых школьнікаў, якія падаюць надзеі ў лыжным спорце, падарыла Віцебскае дзяржвучылішча алімпійскага рэзерву. Менавіта ў гэту навучальную ўстанову, на аддзеленне біятлону, школа перадала сваю васьмікласніцу Ксенію Уласаву. Вялікі ўклад у яе падрыхтоўку ўнёс трэнер Гарадоцкай ДЮСШ В.С. Пятроў. На прыкмеце стаяць цяперашняя сямікласніца Марына Стэльмах, заўважаная на пробных зборах, якія праходзілі на восеньскіх канікулах, і шасцікласнік Павел Еўдакімаў. Поспехі апошніх гадоў гэтага хлопца ўражваюць. Ён ужо два гады ўдзельнічае ва ўсіх абласных спаборніцтвах летняга і зімовага мнагабор’я «Здароўе». У мінулым годзе выступаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах па лыжным спорце, стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне «Снежны снайпер». Павел уваходзіў у склад каманды нашай вобласці, якая заняла 1-е месца ў рэспубліканскім туры «Шкаліяды», усяго некалькіх ачкоў не хапіла яму, каб заняць там прызавое месца. Яго аднакласніца Аліна Саўчанка сёлета ўпершыню нядрэнна выступіла на абласной «Шкаліядзе», зараз рыхтуецца да ўдзелу ў зімовым мнагабор’і «Здароўе».
— Дзяцей, у якіх ёсць добрая спадчыннасць, генетычная схільнасць да гарманічнага фізічнага развіцця, варта прыкмячаць яшчэ ў малым узросце, узмоцнена працаваць з імі, — заўважае Сяргей Леанідавіч. — Паколькі я вучыў яшчэ іх бацькоў, магу выказаць здагадку, хто заззяе на спартыўным небасхіле. Толькі б яны самі не ленаваліся бегаць, скакаць, адціскацца, падцягвацца, атрымлівалі б ад фізічных нагрузак асалоду!
Прыкметны сваім складам — 10 хлопчыкаў і адна дзяўчынка — чацвёрты клас Бычыхінскай СШ. Чацвёра хлопчыкаў з яго прымалі ўдзел у праекце «300 талентаў для каралевы». Самы лепшы вынік паказаў гіперактыўны, спрытны, хуткі Дзяніс Смірноў. Яго захапленне фізкультурай падтрымліваюць бацькі: уладкавалі дома спартыўны куток. Хлопчык вучыцца на 9 і 10 па ўсіх прадметах, займаецца ў мясцовым філіяле ДШМ г. Гарадка па класе баяна і на харавым аддзяленні.
— Яго «батарэйкі» ніколі не разраджаюцца, — усміхаецца настаўніца Дзяніса І.І. Аўсова. — На зборах каманды Віцебскай вобласці, якая рыхтавалася да легкаатлетычнага мерапрыемства «300 талентаў для каралевы», што праходзілі на базе падрыхтоўкі нацыянальных і рэгіянальных каманд у Гарадку, ён быў самым хуткім, больш за ўсё палюбіў бег з перашкодамі. Абласное першынства выйграў, лічы што, без дадатковай падрыхтоўкі: толькі дзякуючы ўрокам фізкультуры, трэніроўкам па аўторках і чацвяргах, дамашняй зарадцы.
Бадзёрыя, вясёлыя, загартаваныя аматары руху, бычыхінскія школьнікі, раяць усім пасябраваць з фізкультурай і спортам. Гэта здарова і радасна — паспрабуйце!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: М. Стэльмах, А. Саўчанка, С.Л. Гамзелеў, Д. Смірноў, П. Еўдакімаў на фоне стэнда, дзе адлюстраваны спартыўныя дасягненні Бычыхінскай СШ апошніх год.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *