Городокскому клубу «Вытокі» присвоено звание «заслуженный»

Актуальное

 Выдатная навіна днямі прыляцела ў наш раён: пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 2 ад 13 студзеня 2017 г. народнаму клубу майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі» Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Траім майстрам: спіральнага пляцення і выцінанкі Л.Г. Гаравой (на здымку 1), ткацтва М.Л. Гушча (на здымку 3), лозапляцення В.П. Сіманковічу (на здымку 2) 26 снежня 2016 г. рашэннем рэспубліканскай экспертнай камісіі прысвоены статус «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».vytoki

 Каб падкрэсліць вышыню прыступкі, на якую ўзышлі нашы майстры, паведамім: зараз у рэспубліцы ўсяго 110 майстроў маюць статус «народны», ва ўсёй рэспубліцы працуе 97 калектываў са званнем «заслужаны». vytoki1jpg
Нашы «Вытокі» бяруць свае вытокі ў 1985 г., калі клуб пачаў сваю дзейнасць пры Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі. Ужо ў 1989 г. калектыў атрымаў званне «народны». Калі ў 1992 г. у Гарадку быў створаны Дом рамёстваў і фальклору, аб’яднанне працягнула сваю плённую дзейнасць пры гэтай установе культуры. Сёння яно налічвае 50 аматараў розных відаў рамёстваў (вышыўка, лоза- і саломапляценне, ткацтва і ткацтва паясоў, батык, жывапіс, ганчарства, разьба па дрэве, роспіс па тканінах, шкле і дрэве, выцінанка, народны касцюм, цацка-свістулька, шыццё з абрэзкаў, інсітнае мастацтва, беларуская лялька). Сем чалавек з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.vytoki2jpg
— Каб пералічыць нават пераможныя вехі шляху, які мы прайшлі за гэтыя гады, спатрэбілася б не адна газета, — ганарыцца кіраўнік калектыву Жанна Гусейнава. — Сярод іх — гран-пры абласнога свята-конкурсу «Шыўкі майстэрства-2016», дыпломы, заваяваныя нашай батлейкай і многімі, многімі майстрамі. Наша самабытнае мастацтва было прадстаўлена ў Венесуэле, Славакіі, Літве, Польшчы, Расіі. Вырабы нашых рамеснікаў неаднаразова аздаблялі міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя святы. Ніводнае раённае і гарадское мерапрыемства не абыходзіцца без прыгожага куточка, дзе дэманструюцца нашы вырабы. Радуюць шматлікія ўзнагароды Васіля Сіманковіча, галоўная сярод якіх — грамата Міністэрства культуры Беларусі. Дарагога вартае ўключэнне традыцыі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна (кісяя), адроджанай Марынай Гушча, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Аналагічныя дакументы падрыхтаваны адносна спіральнага пляцення, якім паспяхова займаецца Людміла Гаравая…vytoki3
Прафесійныя майстры, якімі з’яўляюцца супрацоўнікі Дома рамёстваў і фальклору, не закопваюць свае таленты ў зямлю. Як насенне, кінутае ў пладавітую глебу, прарастаюць новымі парасткамі сакрэты рамёстваў, што адкрываюць пад іх кіраўніцтвам шматлікія гурткоўцы, аматары розных відаў рукадзелля. Выдатна, што многія жыхары раёна па парывах душы самастойна займаюцца тымі відамі народнай творчасці, што перайшлі ім у спадчыну ад старэйшых пакаленняў, узвышаюць іх да ўзроўню майстэрства. Так захоўваецца і перадаецца нашчадкам родная культура, спрыт працавітых залатых рук, якія шчыра паважае наш народ.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымку: ганчары з клуба «Вытокі» на раённым свяце «Майстры і майстэрства», 16 снежня 2016 г.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *